— Усё-такі адзін папаўся!
Мачыха, павесялелая, амаль шчаслівая, глянула на яго з захапленнем: вось жа малайчына, зух!
— От дзякуй табе, Яўхімко! Выручыў ты нас, выратаваў просто! Бо мы тут да вечара пратырчалі б! І то ці збылі б!
— Глядзець ніхто не хацеў! — згодна адгукнуўся Ганнін бацька.
Яўхім адказаў сціпла:
— Ат, чаго тут дзякуваць! Як чужому ўсё адно!.. Свае ж цяпер, сказаць, адна сям'я!..
— Свае. Праўда, Яўхімко!
Яўхім закаханымі вачыма зірнуў на Ганну.
— Дак мо пройдзем, паглядзім, дзе што робіцца?
— Аге! Ідзіце, ідзіце! — ахвотна падтрымала яго мачыха.
Ганна не пярэчыла: не толькі таму, што нявесце нядобра было б пярэчыць жаніху, свайму будучаму гаспадару, але і таму, што даўно хацелася ёй у людскую мітусню, якая, здавалася, таіла ў сабе столькі цікавага. Стоячы каля воза, яна бачыла так мала, ды і стаянне гэта надакучыла да ліха!
— Гануля!.. — Бацька адазваў яе ўбок, цішком, як вялікі дарунак, даў скамечаны, потны рубель. — Можа, захочаш купіць што-небудзь.
Ганна падзякавала, загарнула паперку ў насоўку, пад аховай двух дужых хлопцаў рушыла к другім вазам, у мітусню і гоман людскіх натоўпаў.
4
Першы час побач з Яўхімам чула яна сябе няёмка: як бы не дзяўчына ўжо, не вольная, жонка яго. Але няёмкасць гэта неўзабаве прыціхла, адышла, увагу, думкі яе захапілі відовішчы кірмашу. Вось дзед стаіць, абапёршыся на воз, — мабыць, чужы, — стаіць, нібы дрэмле. На плячах дзеда вісне нізка звычайных лазовых лапцяў — здаецца, не прадаў ні аднаго, а колькі корпаўся з імі, як, пэўна, натаміўся, цягнучыся сюды старымі нагамі? Жанчына, таксама немаладая, хваравітая, трымае на руках ношаную, пафарбаваную лушпайкамі цыбулі, зрэбную сарочку, яшчэ адна — за возам — са скруткам палатна… Хлапчанё, бялявае, з насцярожанымі дзікаватымі вачыма, прадае шапку-кубанку — скураны верх яе вышмараваны да белага…
— Украў? — падскочыў раптам да яго Яўхім.
— Сам ты ўкраў!
— А от зараз праверым! От зараз — у міліцыю!
— Заві! — Хлапчук глядзеў адважна.
Потым — неспадзеўкі, яны і варухнуцца не ўправіліся: мільг — і знік між вазоў і людзей!
— От шпана! — пакруціў галавою Яўхім, рагочучы з адабрэннем. — Як верабей!.. З дзетдома, мабуць!..
Яўхім і цяпер ішоў штурхаючыся, весела, задзірыста пакрыкваючы, каб расчысціць дарогу, там і тут спыняўся каля вазоў, каля людзей, якія прадавалі, разглядаў жывёлу і тавар, быццам прыцэньваўся.
— Цётка, пачом шкілета етаго прадаеш? — запытаўся ён, паказваючы на карову, што задуменна жавала сена.
Карова была як карова, не вельмі і худая, і цётка пакрыўдзілася:
— Сам ты шкілет! Байструк салдацкі!
— Я не байструк, цётка! У мяне і тато і матка е! От яны знаюць!.. — Яўхім кіўнуў на Ганну і Ларывона.
Ларывон пацвердзіў:
— Е.
— От, чуеце! А пра шкілет — я так, смешкамі! А вы ўжэ і ругацца! Хіба ж я не бачу, што карова ў вас — хоць на выстаўку! Малака, мабуць, дае — заліцца!.. — Жанчына глянула недаверліва, прамаўчала. Але Яўхім не адступіўся, вельмі сур'ёзна, дзелавіта запытаў: — Дак пачым жа прадаяце?
Жанчына завагалася.
— Трыццаць — як аддаць!
— Дораго! — Яўхім аж губы падціснуў: столькі заламала!
— А ты — сколькі б даў?
— І бясплатно не ўзяў бы! Такую здыхляціну!
Ён зарагатаў проста ў вочы ашалелай жанчыне і пайшоў сабе далей. Ларывон падаўся ўслед, таксама душачыся рогатам:
— От упёк! Упёк дак упёк!..
Толькі Ганна не смяялася — ёй было нават шкада жанчыны.
— Нашто табе ето? — сказала яна Яўхіму з дакорам.
— А чаго ж не пасмяяцца? Дзе і пасмяяцца, як не тут!..
Дурэючы, ён ціха заспяваў:
Мы на гора ўсім буржуям
Міравы пажар раздуем!..
Міравы пажар ў крыві…
Госпадзі, благаславі!..
Яму, відаць, гэтая песенька здавалася пацешнаю, як і Ларывону, які гудзеў за ім. Ганна ж быццам і не чула іх гарэзнага спеву, поўнячыся ўся адчуваннем вялікага чалавечага віру.
— Цабры, цабры каму?! Цабры новыя, асінавыя, сасновыя! Дзежкі, бочкі!! Дзеж-кі, дзеж-кі!..
— Абады, абады каму? На сто гадоў ездзіць! Дзецям і ўнукам хопіць!..
— Падсвінка прадаю! Нядораго! Падсвінка!.. Можна карміць, можна забіць!..
— Рыба свежая! Сягоння з рэчкі! Толькі што вылавілі!..
— Дзёгаць! Дзёгаць! Дзёгаць!
— Рыба! Рыба! Рыба!
Усё было дзіўна перамешана: вазы, каля якіх драмалі пакорліва і сумна "падласыя" і "рагулі", ціснуліся з вазамі, на якіх бялелі цабры, бочкі; наравістыя бараны і неспакойныя свінні варушыліся між вазоў з лазовымі каробкамі, кашамі і кошыкамі, коламі, абадамі. Мяшаліся галасы — беднае жывёльнае зборышча ўплятала ў людскі гоман рыканне, іржанне, бэльканне, рохканне, прарэзлівы віск.