Выбрать главу

— Казу! Казу прадаю! Каму казу трэба? — крычаў нехта.

— А дзеўкі няма? — зарагатаў Ларывон. — Мне б — дзеўку!

— Венікі! Венікі! Бярозавыя венікі! Хоць хату падмесці, хоць памыцца!..

Чаго тут толькі няма — і граблі, і зубы ў граблі, і нават лаза, верчыкі лазы на лапці! Усё, што можна і няможна, сцягнулі людзі сюды, каб прадаць, агораць капейку, памяняць на нешта. І колькі ж іх, гэтых людзей, колькі клопатаў, жаданняў, надзей ходзіць, гамоніць, кліча — і з гэтага боку Прыпяці, і з другога, зарэчнага! Тым, якія за ракой, цераз вялікую ваду перабірацца прыйшлося, перад паромам выстойваць, лодкі шукаць, а ўсё ж прабіліся, сышліся з гэтым берагам, зліліся ў адным гаманлівым разліве на юравіцкай плошчы!..

— Ёмкі, качэргі не трэба? — таямніча запытаўся дзядзька з абсмаленым вусам, мусіць, каваль.

— Не трэба! Не жаніўся шчэ! — адмахнуўся Яўхім.

За кавалёвым возам ціснуліся цікаўныя: чародка гарачых цыганоў абкружыла дзядзьку, які трымаў порсткага жарэбчыка. Цыганы наперабой аглядвалі і абмацвалі каня, так жа наперабой лаялі яго, пагардліва паказвалі на яго калені, тыцкалі пальцамі ў капыты. Яны крычалі так дружна, што цяжка было зразумець словы. Гаспадар, вялізны, нязграбны, слухаў іх моўчкі, як бы і не чуў, і цыганоў гэта злавала, яны насядалі яшчэ гарачэй. Дробны, цагляна-чырвоны, старэйшы, відаць, між іх, і раз, і другі хвацка працягваў руку, чакаў, што той падасць сваю на згоду, але селянін усё стаяў, як глухі. З натоўпу вакол сыпаліся падчэпістыя воклічы, чуўся рогат, цыганы ж не заўважалі нікога, толькі старэйшы азірнуўся, тыцнуў пагардліва пальцам на селяніна, просячы ў людзей падтрымкі сабе, потым плюнуў і рушыў прэч, ведучы і ўсю хэўру…

— Вазьмі мяне! — крыкнуў Ларывон, і цыган, не разумеючы, спыніўся. — За жарабца вазьмі! Да сваёй! Да цыганкі!..

Цыган штосьці сказаў па-свойму і пайшоў далей пад крыкі, рогат натоўпу.

Мінуўшы натоўп, падышлі да вазоў, над адным з якіх тырчала фанерная шыльда — "Камуна "Росквіт жыцця"". Хоць прадавалі тут бульбу, капусту і яблыкі, пабадзяліся між вазоў, паглядзелі ўсё з асаблівай цікавасцю — пра камуну хадзіла столькі гаворак!

— Капуста ўрадзіла! — сказала здзіўлена Ганна, любуючыся вялізным лабастым качаном.

— Зямля ў іх — не наша! Панскую забралі! Як масло — зямля!.. — растлумачыў Яўхім.

Чалавек у ватоўцы, абветраны, з аблупленым носам, ухмыльнуўся з-за воза:

— Зямля панская, ды капусты такой у пана — не було!

— Такой, можа, і не було, — згадзіўся, здавалася, Яўхім. — Дак була не такая, лепшая!

— Не було ні лепшай, ні такой! — зноў ухмыльнуўся чалавек у ватоўцы.

Яўхіма ўсмешка гэта чамусьці ўзлавала.

— Канешне! Не було! Пан ваш буў дурны як лапаць! А вы — разумныя! І вам бог камунаўскі памагаў! Кажуць, у камунаўцаў таксама бог е і яму кожны дзень моляцца?

Ларывон зарагатаў. Ганна таксама засмяялася, гледзячы мімаволі на капусту: ну і качаны ж!

— Е, канешне, Бог! А як жа! Не без Бога! Усё, кажуць, ад Бога!

— А! — узрадаваўся Ларывон. — А як яго завуць, вашаго бога? Па-парцейнаму! Карло Маркс?

— Навука завуць яго. Агратэхніка.

— Ха-ха! Абрацехніка! Як жанчыну, ці што?!. — Ларывон хацеў яшчэ штосьці сказаць гарэзнае, але, зірнуўшы на Яўхіма, які не думаў смяяцца, перамаўчаў.

— Ерунда! Агратэхніка ваша ета! Зямля — от што бог! Е зямля добрая, дак і ўсё будзе!..

— А качаны етыя выраслі ў нас, між іншым сказаць, і не на зямлі. — Чалавек ухмыльнуўся яшчэ хітрэй. — На балоце!

Ганна не паверыла:

— На яком балоце?

— На звычайным. На дрыгве, у якой коні тапіліся… Асушылі — і от, калі ласка, качаны!..

Ганна зірнула на чалавека — смяецца, напэўна, байкі гаворыць. Але той не смяяўся, трымаўся так, нібы ўсё праўда. Як бы хочучы дазнацца, праўду ці няпраўду сказаў чалавек у ватоўцы, узяла на рукі качан, узважыла — важкі ж які! — памацала. Не качан, а дзіва! І на балоце, падумаць!

Яўхім узяў яе за локаць, пазваў. Адыходзячы, кінуў чалавеку:

— Прыязджайце к нам капусту садзіць! У нас балото вялікае!

Ларывон засмяяўся. За камунаўскімі вазамі яны наткнуліся на будачку, збітую з дошчак, над якой на чырвоным палатне былі намаляваны дзве рукі ў поціску і надпіс: "Горад і вёска — злучымся!" Ніжэй палатна была прыбіта шыльдачка: "Саўгас "Шлях да камунізма"". У ларку прадавалі мяса. Сек і важыў мяса малады хударлявы хлопец у белым халаце. Усе трое, убачыўшы гэты халат, сталі.