— Як дохтар! — не ўтрываў Ларывон. — Як усё адно ў бальніцы якой!
Яўхім коса зірнуў на Ганну, працадзіў:
— К-культура!.. Шлях да камунізма!..
Яны былі ўжо з краю плошчы, каля будынкаў, у якіх мясціліся крамы. Яўхім успомніў, як бацька даваў Ганне грошы, запытаў:
— Табе, здаецца, купіць нешта трэба?
— Ат, дробязь розную… Я потым, з мачыхаю… — Ёй не хацелася, каб Яўхім стаяў, бачыў, як яна будзе выбіраць гузікі, аплічкі, інтымныя дзявочыя драбніцы.
— Ну, дак, можа, сюды зайдзем? — Яўхім кіўнуў ёй і Ларывону на дзверы, па баках якіх на высокіх і вузкіх шыльдах былі намаляваны міскі, лыжкі, бутэлькі і чаркі. Шыльды былі вельмі падобны на тыя, што віселі на дзвярах у шаўцоў і краўцоў, толькі што тут замест ботаў ды шапак красаваліся міскі і бутэлькі. Над аблезла-сінімі міскамі клубіліся шэрыя воблакі, чаркі таксама былі поўныя нечым шэрым.
— А што там рабіць нам?! — запярэчыла Ганна.
— Ну, што!.. Тое, што і другія! — Яўхім падміргнуў Ларывону. — Ну, морсу вып'ем!.. Сушыць нешта ў горле!..
Яўхім амаль сілком увёў Ганну ў памяшканне, у якім за столікамі сядзела нямала людзей, што пілі, елі, гаманілі. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя табурэты, прынёс сабе яшчэ адзін і пайшоў к буфету. Пралезшы цераз чародку людзей, якія таўкліся там, ён пагаварыў аб нечым з тоўстым паголеным чалавечкам, гаспадаром "сталоўкі" Ёселем, і вярнуўся да стала з трыма налітымі шклянкамі.
— Ето нам, — паставіў ён шклянкі з гарэлкаю сабе і Ларывону, потым урачыста паднёс шклянку з віном Ганне. — А ето — табе!
Ганна сказала, што піць ёй не хочацца.
— Хочацца не хочацца, а трэба выпіць, калі ўгашчаюць! Ад угашчэння адказувацца няможно! — Ён засмяяўся. — Прывыкай! Прыйдзецца шчэ папіць!
Хлапчук, Ёселеў сын, прынёс хлеба, закускі: гуркоў, катлеты з патоўчанаю бульбай. Сам Ёсель, рухавы, увішны, з чорнымі вясёлымі вачыма, падбег з талерачкай, на якой быў ружовы брусок нейкага печыва, міргнуў Яўхіму, як знаёмаму.
— Калі ласка! Для дамы!.. Вам, па заяўцы вашаго кавалера! — Ёсель паставіў талерачку. — Яўхім, можа, яшчэ чаго трэба?
Яўхім па-сяброўску ляпнуў Ёселя па плячы.
— Пакуль хопіць етаго! — Калі Ёсель адбег к буфету, Яўхім, задаволены, што можа ўразіць Ганну такою навінкай, прамовіў: — Пірожнае! Для жанчын шляхетных робіцца спіцыяльна!
Ганна паглядзела на нявіданы брусочак, зацікаўленая: які ён на смак? З чаго яго зрабілі, чаму толькі для жанчын? Але запытацца стрымалася: гэта яе магло б прынізіць перад ім!..
Яўхім узняў шклянку, паднёс да Ганнінай.
— Вып'ем, кеб усё добра було!
Ганна паспытала — віно было прыемнае, салодкае, не тое што куранёўская самагонка.
— Усё, да дна! — напаў на яе Яўхім, калі яна намерылася паставіць шклянку. — Не пакідаць зла!
Каб не спрачацца дарэмна, не выклікаць лішне ўвагі да сябе тых, хто сядзеў побач, паслухалася, выпіла ўсё.
— А цяпер от вазьмі каклету ці гурка! — Яўхім выдаваў сябе за гасціннага, клапатлівага гаспадара.
Ад віна хутка стала цёпла і лёгка, хмарныя думкі зніклі: не было ўжо ні шкадавання аб дарагім, што назаўсёды траціла, ні трывогі пра тое, як будзе далей. Узяла пірожнае, паспытала — аказваецца, салодкае, само нібы ў роце растае! Мабыць, з белай, марымонскай мукі, з яйкамі і цукрам!
— Мо шчэ вып'ем? — нахіліўся Яўхім.
Яна рашуча захітала галавой: не, — заспяшалася ўстаць. Калі выйшлі разам з ветлівым Ёселем, які правёў на ганак, прасіў не забываць дарогі к яму, кірмаш здаўся вясёлым святам, і ўсё навокал выглядала бесклапотным, бясхмарным, святочным, і верылася: ёй будзе добра, будзе добра!
Зноў патаўкліся трохі ў людской мітусні каля вазоў, гледзячы на дабро, раскладзенае на сене, зайшлі ў адну, другую краму, у якіх таксама ціснулася багата народу, больш за ўсё, відаць, разявак.
— Скажы, што табе хочацца купіць — такое, кеб даўно хацелася! — сказаў Яўхім, акідваючы вачыма палічкі, на якіх было раскладзена і развешана мноства ўсякіх прынад.
Вядома, Яўхім не быў бы Яўхімам, каб у яго словах не пачула яна пахвальбы — магу што хочаш купіць, — але Ганна больш заўважыла цяпер тое, што яму хочацца зрабіць ёй добры дарунак. Яна бачыла, што яму вельмі хацелася, каб яна папрасіла. Ганна на міг завагалася. І ўсё ж штосьці стрымала яе.
— Нічога.
Ганна адразу ж сабралася ісці з крамы, але ён не пусціў.
— Пастой! Няма чаго выдумляць! Не чужыя ж!.. Ты не нагледзела, дак я нагледзеў!.. — Яўхім крыкнуў прадаўцу: — Падайце хустку тую!