Выбрать главу

Ён сам накінуў ёй хустку на плечы, падвёў к люстру, прыбітаму да сцяны. Якой ні спакойнай здавалася Ганна хвіліну назад, але калі зірнула ў люстра, твар яе, смуглявыя, крыху выпнутыя шчокі заяснелі зачаравана: ах, якая квяцістая, якая вогненна-яркая, цудоўная, век такой хусткі не насіла!

— Акурат да твару! — узрадаваны, таксама зачараваны, сказаў Яўхім. Ён, задаволены, пайшоў к прадаўцу.

Жанчыны, якія стаялі за ёй, глядзелі з зайздрасцю, гаманілі, хвалілі: добрая хустка, да твару, нічога не скажаш. Ганна ж не магла вішнёвых воч сваіх адарваць ад люстра, ашчасліўленая, замілаваная: ці яна гэта, такая незнаёмая, такая паглядная, такая… Штосьці раптам занепакоіла, штосьці нібы дакранулася да чулай шыі, дзіўна халоднае і гарачае. Яна, не разумеючы, мімаволі павяла няцямным позіркам, і гарачая чырвань умомант заліла яе твар. Васіль! Калі ён увайшоў ці, можа, быў ужо між людзей тады, калі яны з Яўхімам паявіліся, Ганна не ведала і не думала пра гэта — яе ўсё поўніла неспадзяванае відовішча — Васіль! Яны глядзелі адно на аднаго, позіркі іх у люстры скрыжоўваліся.

Толькі момант было гэта — Васіль знік з люстра гэтак раптоўна, як і паявіўся. Але хоць яго не было відно, яна не магла варухнуцца. Ён нібы скаваў яе. І не бачачы яго, яна чула дзікаваты, важкі і разам з тым разгублены позірк спадылба, крыўду і роспач на яго самалюбных губах. Гарачынь, чырвань сораму ўсё не сыходзілі з яе твару. І якое недарэчнае было тое, што сказаў, вярнуўшыся, Яўхім:

— Ну, от і канцы з канцамі! Відно, што нявеста! — Яе абразіў яго смех. — Падарыў, а ўсё адно як сабе! Не з хаты, а ў хату!..

Ад гэтага смеху Ганне захацелася плакаць. Выходзячы з Яўхімам, яна падумала пра Васіля — тут ён яшчэ ці пайшоў, але, поўная неперажытага хвалявання, азірнуцца не пасмела. Быў Васіль ці не быў у краме, а ёй здавалася, што ён каля яе, сочыць за ёй.

На ганку, стараючыся не сустракацца позіркам з Яўхімам, яна сказала, што трэба ісці назад: бацька і мачыха даўно зачакаліся.

— Хай прывыкаюць! Не столькі шчэ чакаць прыйдзецца!

Ён заўважыў, што яна спахмурнела, незразумела перайначылася, але распытваць не стаў. У яго быў па-ранейшаму бесклапотны настрой, непадатны для падазрэнняў ці якіх-небудзь непрыемных думак…

— Я дайду ўжэ адна, — сказала Ганна, калі ён трохі правёў яе.

Яўхім не запярэчыў, не здзівіўся ці зрабіў выгляд, што не здзіўляецца, моўчкі адышоў. Яна была рада, што ён лёгка адстаў.

Увесь час, пакуль стаяла з бацькамі каля воза, не сціхаў у ёй успамін пра Васіля, пра яго паяўленне, пра яго позірк — трэба ж, каб так здарылася! Думала, усё з ім кончана, застаецца толькі забыць, і вось жа — сустрэча гэтая! Як зачырванелася, не згарэла ледзь! Нібы з крадзеным злавілі!.. Застаўшыся адна, без Яўхіма і Васіля, яна старалася абдумаць усё, вярнуць сабе разважлівую яснасць: не-не, ёй няма чаго саромецца! Усё, што было з Васілём, кончана. Проста не прывыкла яшчэ. Але — прывыкне!

З-за думак сваіх яна амаль не чула ні зайздрослівага мачышынага войкання — вой, якая хустка! — ні бацькавага неспакою аб тым, што людзі ўжо раз'язджаюцца, а мех бульбы так і ляжыць.

Бацька запрог каня, каб ехаць дамоў, калі к ім падышла чарнявенькая кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы, запыталася, ці не маюць яны бульбы. Бацька так узрадаваўся гэтаму, што не стаў і таргавацца.

— Ужэ і не думаў, што купец знойдзецца! Як Бог паслаў, на шчасце! Дак хай і вам карысць будзе!..

"Богам пасланы купец" папрасіў, каб бульбу завезлі на кватэру. Калі ехалі, мачыха з вясковай гаварлівасцю паведаміла:

— Грошы вельмі трэба. Дачку от замуж аддаём…

Белы, нездаровы тварык дзяўчыны павярнуўся да Ганны.

— Віншую!.. Добры хлопец, мусіць?..

— Да як сказаць. Не гарбаты, не кульгавы. Не горшы за другіх, здаецца.

— Добры. Красівы, багаты, — умяшалася мачыха. — Яўхім Глушакоў!

— А! — прамовіла дзяўчына далікатна. Зірнула на Ганну пільнымі, дзіўна строгімі вачыма. — Вы любіце яго?

Ганна не адразу адказала, падумала: "Худзенькая якая, нібы нядужая. Вецер, здаецца, падніме і панясе, як пушынку… А вочы — такія строгія!.. Люблю ці не люблю?!"

— Ці ўсім канешне любіць, выходзячы?.. Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дак болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!

— І ўсё-такі — як жа жыць без кахання?

— А так і жывуць… Сцерпіцца — злюбіцца, кажуць…

Дзяўчына прамовіла, любуючыся і дзіўна спачуваючы:

— Вы такая прыгожая!

— За Яўхімам пражыве прыпяваючы! — зноў умяшалася мачыха. — Само шчасце, сказаць, у рукі ёй прыйшло!..