— Красуня! Яўхім толк у бабах знае! Сам бы жаніўся на такой, каб маладзейшы быў. І не жыд. Бо ты б не аддаў за жыда, а?
— Стары ты, Нохім. Грэх такое гаварыць.
— Стары? Я — стары? — Нохім зірнуў на Іцку, які весела засмяяўся, потым на сялян.
Адзін з іх падтрымаў:
— Самы сок! Акурат жаніцца!
— О, чуеш, Чарнушка! А ты кажаш: Нохім стары!.. — Ён адразу ж, амаль тым жа тонам прамовіў: — Але ты, мабыць, прыехаў ка мне не толькі для таго, каб паказаць дачку? Купіць што хочаш?
— Перкаль, кажуць, у цябе на кохту е… — наважыўся бацька. — Дзеўка надысь бачыла…
— Е. Трохі яшчэ засталося. О, твая дзеўка, Цімох, бачу, ведае, што добра, а што дрэнна…
Нохім падаў невялікі скрутак. Калі Чарнушка мяў паркаль кручкаватымі, як сухое алехавае карэнне, чорнымі пальцамі, чамусьці разглядваў на святло, Нохім параіў:
— Ведаеш, Цімох, што я табе скажу. Калі ў цябе ўжо такое свята, то я дам, чаго нікому не даваў. Саціна ў мяне е атласная. З Кіева самога. Блішчыць, пераліваецца, як шоўк. Прыбраўшыся ў яе, дзеўка твая будзе чыстая каралева!
— На каралеўскае, Нохім, у мяне, грэц яго, кішэня малая…
— Эге! У яго на саціну кішэня малая! Саромеўся б, Цімох, казаць такое! Ну, добра, як хочаш: бяры не бяры — я не набіваюся. Паглядзі хоць, што яно такое!
— Да што глядзець, калі ўсё адно не вазьму…
— А ты паглядзі! Я за разгляд грошай не бяру!
— А што глядзець, калі яно дораго.
— Дорага? Вы чуеце, ён кажа — дорага! Ён яшчэ не бачыў крам, не знае, колькі каштуе, а ўжо кажа — дорага! Яго яшчэ ніхто не рэжа, а ён крычыць — ратуйце!
Нохім спрытна падкаціўся да Ганны, далікатна схіліўся перад ёй:
— Прашу прабачыць, грамадзяначка, але трэба прыраўняць крам да вашага твару, каб ваш бацька пабачыў усё натуральна! Бо мужык такі, што не паверыць, пакуль не пабачыць сам! — Нохім прыклаў разгорнуты край белага саціну да Ганніных плеч і шыі. — Глядзі, Цімох, калі е вочы! І калі ты дабра хочаш дачцэ! Калі ты хочаш, каб яна была першая красуня на вяселлі! А не, даруй, задрыпанка якая!
Бацька пачухаў патыліцу: і праўда ж, крам, ліха яго матары, цудоўны, так і пераліваецца, як вада на сонцы, Ганна ў ім нібы ўжо і не Ганна — красуня з казкі! І ёй, відаць, крам даспадобы вельмі: бач, як вочы зіхцяць, хочуць, просяць. Але ж — капейкі ўсе лічаны.
— Не дораго, кажаш? Колькі ж яно?..
— Не бойся. У цябе застанецца яшчэ капа грошай!
— Смяешся ты ўсё, Нохім. Кеб хоць хапіло!
— Хопіць, кажу. — Нохім перастаў смяяцца. — Я знаю, Цімох, што ў цябе зараз няўпраўка. Сам жаніўся і знаю, што такое вяселле! І хоць ты не пазавеш мяне, я табе дам палёгку! Вялікую палёгку! Можаш цяпер, Цімох, не плаціць усяго. Заплоціш толькі рублёў якіх тры, а астатняе можаш і зусім не плаціць. Адробіш якой-небудзь дробяззю. З'ездзіш зімою ў Мозыр па крам і адзін раз у Юравічы…
Чарнушка пачухаў патыліцу: тры рублі, грошы такія пакласці, ды яшчэ потым у Мозыр і Юравічы халадэчаю перціся! І ўсё ж, пэўна, трэба ўзяць — вельмі ж Ганне да твару!
— Але ж — дораго, страх. Столькі і грошай і язды — жартачкі сказаць!
— Ой, які ты скупы, Цімох! Ну, добра, яшчэ капеек дваццаць скіну! Калі ўжо ў цябе расход такі — вяселле!
Што ні кажы, не ўсё плаціць адразу, якая ні ёсць, палёгка. А там — Бог бацька. Пакуль, дай Бог, вяселле агораць. Чарнушка выняў з-за пазухі латку, раскруціў яе, стаў лічыць грошы.
— Ну, мерай ужэ.
Нохім спрытна крутнуў пак, разгарнуў, адмераў драўляным аршынам, адрэзаў. Перш чым злажыць адрэзанае, ён правёў яго па сваёй далоні, каб усе бачылі, як зырчыць-пераліваецца тканіна, акуратна загарнуў у паперу.
— Насіце на здароўе, мадамазель-дзяўчына! І будзьце шчаслівая ў гэтай кофце!
З Нохімам ужо загаварыў другі пакупнік, але калі Чарнушка пайшоў да дзвярэй, гандляр перапыніў гаворку, пацікавіўся:
— А дзе ты, Цімох, шыць будзеш? Такі крам сапсаваць — не штука!
— Да от, думаю, к Годлі…
— Ідзі к Годлі. Штоб ёй на тым свеце сто трыццаць тры разы перавярнуцца кожны дзень! За яе паганы язык, якім яна менціць усякую несусвеціцу на Нохіма. Але Нохім не злы, не помсціць. Ён прадае крам і сам пасылае людзей, каб падтрымаць гэту дурную бабу, якая гатова нізашто ўтапіць свайго чалавека… Так і скажы, што паслаў сам Нохім!
Годля жыла блізка, у чорнай, паточанай шашалем хатцы з чорнай саламянай страхой і дробнымі акенцамі. Чарнушка ведаў, што хата гэта дасталася ёй ад глінішчанскага бедняка, які падаўся ў прымы. Купіла хату яна гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася, сама прывезла з Нароўлі галодных дзяцей разам з ціхім, нявідным чалавекам сваім Элем. Але найбольш выклікала людской цікавасці, чуў Чарнушка, дзіва, якое ўнесла ў хату: дзіўны столік на жалезных ножках, з бліскучым колцам і мудрымі шпянькамі. Дзіва гэтае, якое звалася нажной швейнай машынай і падобнага якому не было нічога не тое што ў Глінішчах, але і ў другіх сёлах, куды дасягалі глінішчанцы, ужо само па сабе паставіла Годлю на паважанае месца між людзей. Яшчэ больш павага гэта вырасла, калі пабачылі, як хітра Годля ўпраўляецца з мудрай сваёй машынай, якія ўдалыя аддае дзяўчатам і хлопцам спадніцы і сарочкі.