Чарнушку шыць у Годлі не даводзілася: абыходзіліся, дзякуй Богу, самі — самі і пралі, і ткалі, і шылі, — але Годлю ён добра ведаў. Вельмі ж асаблівая была яна сярод вясковых жанок: хуткая, мітуслівая, ніколі не пройдзе ціха, а ўсё бегам, бегам. Адзінае вока яе таксама хуткае, жвавае, усё заўважае, усё разумее. І да ўсяго яшчэ такая дзіўнасць, пра якую было гаворкі па ўсёй акрузе: усю зіму — і ў мароз, і ў мяцеліцу — без хусткі, толькі "гуга" тырчыць на патыліцы, і хоць бы калі прастудзілася!
Уваходзячы ў сенцы, у цемры якіх залапаталі куры, Чарнушка ўвагнуў галаву: дзверы нізкаватыя, нядоўга і гузак на лоб паставіць.
Годля, цэлячыся ў печ, з якой варушыліся водсветы агню, падграбала пад чыгун жар. Паставіўшы качаргу ў кут, яна адказала на Чарнушкава прывітанне, хутка акінула адзіным вокам бацьку і Ганну, скамандавала:
— Соня, дай госцю табурэтку! А вы… — Яна кінула позірк на Ганну і раптам крыкнула: — Фаня, вазьмі свае латкі з услона!
Чарнушка зняў шапку, але сесці не захацеў: не расседжвацца прыйшоў.
— Нічога, пастаім… Я тут з дачкой па справе…
— К Годлі ўсе прыходзяць не гуляць. Кохту пашыць ці спадніцу?
Чарнушка падаў ёй свой пакунак, успомніў пра наказ Нохіма.
— Нохім сам паслаў.
— Ой, які ён добры, — прамовіла кпліва Годля. — Сам паслаў к Годлі! Вы чулі? — бліснула яна вокам на печ, дзе сядзелі дзеці. — Сам паслаў ка мне! А да каго ж яшчэ ён пашле, калі тут адна Годля і шые?
Яна звыкла і спрытна паглядзела на сацін, запытала, колькі заплацілі Нохіму.
— Абдзірала, ой абдзірала! — пакруціла яна галавой з "гугаю". — Абдзярэ чалавека, голым, без сарочкі, даруйце, адпусціць, ды яшчэ — дзякуй яму скажыце! І такім круцялям савецкая ўлада волю дала, такім паганым нэпманам! Трэба было рэвалюцыю рабіць, кроў праліваць, каб Нохім абдзіраў людзей! — Яна кінула позірк да печы, крыкнула: — Эля, там малако выходзіць!
Эля падбег к печы, стаў завіхацца з вілкамі каля агню. Годля дастала са скрыначкі ў машыне мерку, але толькі запыталася, які Ганне фасон хочацца, як Чарнушка, перахапіўшы Ганнін адказ, прадбачліва завёў гаворку пра плату. Можа, яшчэ і не старгуемся, чаго ж тады агарод гарадзіць! Баяўся, што Годля заломіць і многа і грашыма.
Ён прыкметна памякчэў, калі Годля сказала, што можа ўзяць мукою ці бульбаю. Але, хоць Годля брала і нядорага, як яму і казалі тыя, у каго ён выведваў загадзя, Чарнушка ўсё ж патаргаваўся. Не таму, што чуў у гэтым неабходнасць, а таму, што так было заведзена ва ўсіх. Усе так рабілі. Годлю таксама не злавала спрэчка-торг, не першы раз такія гаворкі вяла. Як толькі згода была ўстаноўлена, яна, быццам і не спрачалася зусім, спакойна і дзелавіта пачала хадзіць вакол дзяўчыны з меркай.
Хоць меранне яе выглядала збоку вельмі проста, у тым, як яна рабіла яго, маўкліва і сур'ёзна, як, памераўшы, прыплюшчваючы вока, углядалася ў лічбы меркі, было штосьці таямнічае, недаступнае. Гэта мімаволі прымушала сачыць за ёй з увагай і пашанай. Уражанне незвычайнасці дапаўнялася самой абстаноўкаю ў хаце, якая рабіла хату ўсярэдзіне непадобнай на вясковыя. Праўда, і ў Годлі стол і ўслоны былі такія, як ва ўсіх, самаробныя, не фарбаваныя нават, але затое ля сцяны стаяла няхай абадраная, абабітая, а ўсё ж гарадская чырвоная камода. І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Пярыны — таксама старыя, абшмараваныя. І нават карціны на сценах віселі старыя, заседжаныя мухамі…
— Небагато ж, грэц яго, і ты жывеш, Годля!
Годля якраз мерала, адказала не адразу.
— А з чаго мне быць багатай?
— Машына свая. Шыць умееш…
— Многа толку з той машыны! — адгукнулася Соня, старэйшая дачка. — Калі ў месяц прыедзе з паўволасці тры чалавекі, то яна і рада!
— Соня, памаўчы! Не пухнем, як у Нароўлі, з голаду!
— Не пухнем, бо агарод свой, куры, карова!
— Соня, ты стала вельмі разумная!
Кончыўшы мераць, Годля агледзела Ганну заклапочаным вокам, нібы праверыла, ці не памылілася, абмяраючы, у чым-небудзь, нечакана сказала: