— У горадзе жанчыны ліфчыкі на грудзях носяць. А ў вас, не для мужчын кажучы, лепей, як у каторай з ліфчыкам…
Ганна пачырванела, але не ўтрывала, няўпэўнена запыталася:
— Якія… ліхчыкі?
— Якія?!. Канешне, адкуль вам знаць! Ліфчык — ета от тут такія, як лепей сказаць… такія кошыкі з краму, на пасках…
— А-а… — не зразумела Ганна.
— Яны, каб грудзі былі прыгожыя, як у дзяўчат, каб не віселі. А то, бывае, у каторай грудзей і саўсім няма, дык яна напхае ў ліфчык ваты. І ходзіць, як з сапраўднымі грудзямі!..
— Ето чуў я ў салдатах, — грэбліва прамовіў Чарнушка. Ён плюнуў з агідай: — Распуста!..
Ён коса зірнуў на Ганну: няёмка было слухаць такую гаворку з дачкою, але Годля заўважаць нічога не хацела.
— Канешне, у нас не дзіва, што жанчына, прабачце, дзяўчына пытаецца, што такое ліфчык. У нас у Глінішчах ці Куранях, можа, мала хто знае і што такое райтузы. Дак райтузы — жаночыя штаны. А іх не знаюць, бо ніхто іх, не для мужчын кажучы, не носіць!
— Чаго не хапала, каб жанкі ў штанах хадзілі.
— Канешне, нашым глінішчанскім ці куранёўскім жанкам і так добра! Нібы ім саўсім не холадна, як гарадскім!
— З распусты прыдумалі ето гарадскія! — пярэчыў Чарнушка.
— Ой, не кажыце, дзядзька Чарнушка! Бо я тады забуду, што тут ваша дачка, і скажу вам такое!.. — Эля, які моўчкі сачыў за гаворкай, весела засмяяўся. Годля дзелавіта запыталася ў Ганны: — Вам, канешне, трэба скора пашыць?
— Да суботы кеб…
— Усе просяць, каб я спяшалася як на пажар. Усім трэба хутчэй! Ну, добра, няхай будзе, як вы хочаце! Да суботы дак да суботы! У пятніцу можаце забраць!
Калі выйшлі на вуліцу і сталі ладавацца на возе, Чарнушка сказаў задаволена:
— Ну от, будзе ў цябе кохта! Не сорам будзе перад людзьмі паказацца! Хоць Глушак, хоць Бог сам!
Раздзел другі
1
Перад самым вяселлем прыйшла ў дом Глушака яшчэ непрыемнасць: чутка, што будуць рабіць перадзел зямлі. Хоць даўно ведаў, што землеўпарадкаванне павінна быць, усё ж спадзяваўся: можа, неяк абыдзе, мінецца. І цяпер, калі спадзяванню гэтаму прыходзіў канец, вельмі затрывожыўся.
Праз гэта думкі пра вяселле прыціхлі, не балела ўжо так душа ад баламутнага ўчынку сына — бяда іншая, куды большая, насоўвалася, як хмара з градам, гразілася яго дабрабыту. Ад таго, што бяда гэтая была такая вялікая, ён, чалавек цвярозага погляду, хоць і чуў небяспечную блізкасць яе, усё ж неяк не хацеў паверыць. Не хацеў траціць надзею на добрае.
Ціхі, лагодны, востры позіркам і слыхам, снаваў ён у дзіравым кажушку па сяле, прыліпаў да людскіх купак, прыслухоўваўся: амаль усюды толькі і было гаворкі што пра ўпарадкаванне зямлі.
— Усё-такі зробяць, дзетачкі? — казаў у купцы куранёўцаў, што курылі на прызбе, Зайчык. — Думалі — дуля, а нб табе — праўда!
— Каморніка ўжэ назначылі, — прамовіў Грыбок. — Толькі што ён другім пакуль робіць. А як толькі закончыць там, дак зразу да нас.
— Дак, можа, пакуль ён там убярэцца, тым часам тут снег ляжа?..
— Міканор тое ж казаў, але Апейка, та-скаць, аўтарыцетно заявіў: скора, — умяшаўся Андрэй Руды. — Вы, наказаў, куранёўскія грамадзяны, толькі ўпраўцеся падрыхтавацца! А яго, следавацельно, не зачакаецеся.
— Апейка — так? — перапытаў Дзятлікаў Васіль.
— Апейка.
— Апейка — цана капейка! — дурасліва ўставіў Зайчык, але ніхто не засмяяўся.
Хоня з павагай сказаў:
— Тут не тое што капейкі, а і рубля мало.
— А якая тут падрыхтоўка трэба? — не так запытаўся, як запярэчыў Васіль. — Чаго тут рыхтавацца!
— А таго, — ахвотна і павучальна адгукнуўся Руды Андрэй.
Стары Глушак, бачачы, з якой важнасцю сабраўся Руды тлумачыць, падумаў са злосцю: хлебам не кармі пустабрэха, дай яму слова ўтыркнуць! Стары насцярожыўся, здагадка падказвала — пачуе нешта непрыемнае.
— А таго! Тут такое дзело, абы-як, наўскасяк не зробіш! Народ увесь закранае яно — следавацельно, з навучным падыходам зрабіць трэба. Штоб камар носу не падтачыў. Найперш перапісаць трэ ўсіх: колькі ў каго зямлі і колькі душ, і рабочых, і дзяцей. Потым — узяць на ўлік усю агулам землю і ўсіх людзей. І, та-скаць, паглядзець — колькі ў каго на рот прыпадае!..
— Са ўсіх бакоў праверыць! — памог Рудому Грыбок.
— Са ўсіх-то са ўсіх бакоў! Да толькі ж зямля не ва ўсіх адзінакая! — накінуўся на іх Васіль.
— Ето правільно, — згадзіўся Ігнат. — У каго зямля нібыто зямля, а ў каго такі пясок, што ніякі чорт расці не хоча!
— Трэба, штоб яны разабраліся, якая дзе зямля!