— Аге, без падману!
— Разбяруцца! — запэўніў Хоня.
— Разбяруцца! Як прыедзе каморнік, дак яму і заслепіць вочы гарэлкай! — сказаў Васіль.
Алёша Губаты паспрабаваў супакоіць:
— Міканор сам правяраць будзе.
— Трэба, кеб — Міканор!..
— Таго Міканора каморнік сорак разоў абкруціць вакол пальца! Такога грамацея, як Міканор!..
— Не абкруціць!
Ляснік Міця, які прыблукаўся сюды са сваёй заўсёднай стрэльбай, засмяяўся:
— Яшчэ і дзяльба не пачалася, а ўжэ гатовы збгрудкі ўчапіцца!
— Добра табе — адзін у лесе, як цар, — пазайздросціў Грыбок.
— Жыву. Не плачу.
— Пачакай, мо і паплачаш, — адгукнуўся Зайчык.
Алёша ўпэўнена напрарочыў:
— Дабяруцца і да цябе!
— Няхай дабіраюцца! Дабраліся ўжэ. Толькі ў мяне ўсё чысто, як у царкве.
— Дакуль ето ты будзеш гайсаць, та-скаць, як бяздомны! Жонка ўся звялася з гаспадаркаю, з дзецьмі, шкілет, та-скаць, адзін застаўся, а ён хоць бы што! Яшчэ хваліцца!
— Аб маёй бабе — не твой клопат!.. Ты от пастарайся другі раз у лесе не пападацца, бо як запарву на шкодзе, упяку штрапу! Паенчыш…
— А ён — з паўлітрам! — падчапіў Хоня.
— Плюю я на таго паўлітра!
— Даўно ето?
Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. З выгляду нібы спакойны, ён увесь поўніўся трывогаю, адчуваннем бяды, што сунулася ўсё больш блізка, неадхільна. "Паразяўляліся! — аж дрыжала штосьці ўсярэдзіне ад бездапаможнасці і лютасці. — Не ва ўсіх пароўну на рот прыпадае! Не пароўну!.. Толькі і знаюць, што разяўляць рот на чужое! Прымелі б — з'елі ўраз усяго. З'елі б — дай крычалі шчэ: не пароўну! Не пароўну! Галадранцы вашывыя! Трасцы вам, а не зямлі, саранча ненажэрная!.."
Ён успомніў, што сказаў малады Дзятлік: "Зямля не ва ўсіх адзінакая!" "Не адзінакая, бо і людзі не адзінакія. Адзін гнецца дзень пры дні, абрабляе кожную лапінку, а другі — вылежваецца, да і хоча, кеб дабро було! А потым — разяўляецца, што зямля не адзінакая!.."
Злосць была на ўсіх: усе, чуў, гатовы накінуцца, расцягаць яго зямлю. Але асабліва кіпела ўсярэдзіне, калі ўспамінаў Дзятліка, які ўсё пачаў. "Ты купіў яе, урабіў ету зямлю, што ўчапіцца хочаш, удод ты смярдзючы?"
Такое малое, а такое зяўластае! Шчэ мох і той на барадзе расці, мабуць, не хоча, а яно вунь куды сягае! Ці даўно ж, здаецца, як рыба, нямы туліўся пад Маслаковым абрэзам. Нябойся, і рота разявіць тады баяўся, дыхаць і то, можа, не асмельваўся, не тое каб падумаць што-небудзь насуперак…
Забыў! Пасмялеў, як пабілі Маслака! І ўсе пасмялелі! Хіба ж, бывала, наважыўся б хто разявіць так рот на чужое, на яго, Глушаковае? Жылі ціха, па-божаму жылі, баяліся.
Цяпер жа Грыбок і той галаву падымаць стаў. А гэты Руды, пустабрэх, дык балбоча смела, бы які юравіцкі камісар. Стары Глушак пашкадаваў: "Эх, кеб буў цяпер Маслак жывы, кеб чулі яго дух з лесу!.."
Увесь дзень стары нездаволена бурчаў сам сабе, крычаў на спалоханую жонку, на дзяцей.
2
Бяды давялося чакаць нядоўга. Ужо на другі дзень склікалі сход і выбралі камісію, якая павінна была праверыць нанава, ці правільна запісаны ў спісах сем'і, колькасць працаздольных, дзяцей, а таксама — колькі ў кожнай гаспадарцы запісана зямлі. Гэтай камісіі даручылі ўсю зямлю абмераць — дзе б яна ні была заарана: на агародзе, у полі ці на якой-небудзь паляне. Аб усім наказалі далажыць на наступным сходзе.
Апоўдні камісія ўвалілася ў хату Глушакоў. Дзядзькі на лапцях уцяглі з вуліцы ў хату ліпучай чорнай гразі, але толькі Глушачыха заікнулася буркнуць, як Глушак грозна абарваў яе. Лагодна запрасіў няпрошаных гасцей сесці на канапу, падсунуў табурэт.
Ніхто не сеў — нават, лічы ўжо сваяк, Чарнушка, які няёмка туліўся ззаду ўсіх, каля дзвярэй. Нельга сказаць, каб вельмі смела трымаліся і некаторыя іншыя. Затое Міканор, які ўвайшоў першы і стаяў наперадзе, паводзіў сябе так, быццам быў у сваёй хаце.
— У вас усё правільно запісано? — сказаў ён строга, бязлітаснымі блакітнымі вачыма гледзячы на Глушака.
— А што там запісано?
— Глушак… — Міканор павёў парэпаным пальцам па паперы: нібы не помніў: — Едакоў — семера… Якія ето ў вас семера едакоў?
— Семера? Семера і е. Калі запісано, то, значыць, е… Я, Куліна, жонка, значыць, сын Яўхім, Сцяпан, дачка Антося…
— Якая Антося?
— Якая? Дачка. Адна ў мяне дачка, Антося.
— Дак яна ж ужэ замужам. Замужам — не лічыцца.
— Чаму ето не лічыцца? Як усё адно ўжэ не мая. Була ж дасюль мая. — Глушак, не тоячы крыўды, нават знарок паказваючы яе, прасіпеў: — Адну аддаў, а другая от-от прыйдзе ў хату.