Глушак кіўнуў на Чарнушку, які ціха адгукнуўся:
— Змовіны булі…
— А спіскі, дзядзько, — улавіў Глушак у Хоневым голасе кпінку, — складалі шчэ ўвесну. Як ето вы загадзя вымеркавалі?..
Міканор зірнуў строга:
— Ну, няхай — пяць ужэ е, а дзе шчэ два?
— Шостая, казаў ужэ, Антося. — Глушак ледзь стрымліваў лютасць. — Як бы яна ўсё адно і не дзіця маё. Як бы не я выгадаваў яе… — Ён жаласна заморгаў вачыма, ледзь не заплакаў. Уздыхнуў. — А астатні — Іван…
— Іван — не ваш. Іван — парабак.
— Мне бацько яго, — зноў цвёрда загаварыў Глушак, — прыпаручыў як сына! Значыць, ён мне ўсё адно як сын!
— Што Сцяпан, што ён — адзінакія дзеці, — памагла Глушачыха.
— Вы, цётко, не кажыце! — Міканор заявіў, як канчатковае: — Івана, не сакрэт, мы запішам за парабка!
— Які ж ён, от бо, парабак?
— А мо ён не робіць на вас?! Каго вы абдурыць хочаце?
— Я не абдурваю. А як ён корміцца пры мне, то і рабіць нейкую драбніцу мусіць! Як і ўсе дзеці!
— Робіць на вас, на чужога чалавека. Значыцца, парабак. — Міканор не даў сказаць Глушаку. — А вы знаеце, які закон аб парабках?
Глушака прарвала:
— Дак калі вы гаворыце, што ён — парабак, то мне яго не трэба! Няхай хоць сягоння бяжыць дадому. Сам абыдуся!
— Дык тады павінны разлічыцца за ўсе дні, што ён рабіў на вас. Па закону.
— Я ўжэ разлічыўся.
— А можа, не саўсім? — зноў кальнуў Хоня.
— Саўсім. Шчэ і лішне. — Глушак забедаваў: — Колькі я скарміў на яго да колькі паперавёз яго бацьку ў Мокуць, то ён і палавіны таго не зарабіў!..
— Нічога, дзядзько. Мы, не сакрэт, усё праверым і зробім па закону! — Міканор строга запытаў: — А зямля правільно ў вас запісана?
— Зямля?
— Зямля.
— Уласць надзяляла, уласць і запісвала. — Сказаў абыякава, а сам падумаў са злосцю, з трывогай: "От яна, бяда!.."
— Вы на ўладу не ківайце. Вы кажыце прамо.
— Я і кажу. Налогу налічылі — процьму. Дыхнуць няма як. Капейку ніколі не агораеш на корт які…
— Ужо ж збяднелі!.. — не ўтрываў Хоня.
— Я не збяднеў! Кеб от байчэйшы буў, дак да начальства падаўся б, дабіўся б — няхай бы знялі хоць частку. Па справядлівасці далі…
— Значыцца, уся зямля запісана?
— Што ты, ей-бо, прыліп, як ліст: уся, уся? Була б шчэ там зямля як зямля, што столькі крыўды цераз яе.
— Вам, дзядзько, грэх жалувацца. Кеб ва ўсіх була такая!
— У другіх була б лепей, штоб другія гнуліся на ёй столькі, ні дня, ні ночы не бачачы. Ето з людской крывоты здаецца, што мне лепшая папалася. З зайздрасці. Людское вока — крывотлівае!..
— А ўсё-такі вы, дзядзько Глушак, так і не сказалі прамо: усё ці не ўсё запісано?
— Сказаў ужэ…
— Значыць — усё?
— Усё.
— Мы праверым!
— Правярайце!
Глушак пачырванеў ад злосці. Але ўсё ж утрымаўся, перамог сябе, нават нагнаў на твар лагоднасць.
— От бо недаверлівыя сталі ўсе. Хоць яно, сказаць, так і трэба — верыць цяперашнім часам асабліво нельга. Усякаго цяпер напладзілася… Ну, да і сказаць — выбраныя людзі, камісія!.. — Стары вінавата пакруціў галавою, папракнуў сябе: — А я, гнілы пень, так рассіпеўся. Да й шчэ перад сваім сватам. І Міканор, сказаць, першы раз у хату глянуў!
Глушак затупаў каля стала.
— Пасядзім от трохі! Дзе каму спадобней, той там няхай і садзіцца! Уважце сватоў ды маладых перад вяселлем! Не пагрэбуйце, сказаць!..
Ён хацеў ужо бегчы па пачастунак, але Міканор непахісна заявіў:
— Не трэба! Не час!
— Час, Міканорко. Самы час. Вяселле скоро, змовіны згулялі.
— Пакаштуй, што мы тут гасцям рыхтуем, — замітусілася Глушачыха. — І ўсе няхай пакаштуюць!
— Будзеш патом, мяркуючы, знаць, ісці ці не ісці к нам у госці. — Глушак заўважыў: некаторыя дзядзькі былі не супроць таго, каб пасядзець. Пажвавеў: — А часу заўсягды будзе мало. Управіцеся шчэ. Клопат — не воўк…
— Воўк не воўк. Няма калі, дзядзько!
— Дак жа — дзеля вяселля, дзеля маладых. Шануючы свата майго, выбранаго ў камісію!..
— Усё адно! — Не сказаўшы і слова Глушаку на развітанне, Міканор скамандаваў усім: — Пайшлі! — і сам першы рашуча затупаў чаравікамі ў сенцы.
Чарнушка, які ад самага прыходу ліп да дзвярэй, прапусціў усіх, памуляўся хвіліну ніякава, мнучы ў руках шапку. Вінавата падаў руку:
— І мне, тым часам, трэба…
Калі ён выйшаў услед за Міканорам, Глушак стаў тупаць у кутку, корпацца ў прыпеку, але рабіў усё без ладу, без мэты: перастаўляў з месца на месца, кідаў. Сам не ведаў, што робіць, у грудзях кіпелі крыўда і лютая злосць — на Дамецікавага смаркача, што ўзяў сабе сілу, на ўсіх, якія памагалі яму, на тое, што гнуўся перад імі, як парабак, на бездапаможнасць сваю перад імі. "Праверым!.. Праверым!.." — гняла душу страшная пагроза…