Жонка, што збірала са стала неўшанаваны пачастунак, не то пашкадавала, не то папракнула:
— Трэ було зразу пасадзіць, як увайшлі…
Глушак кінуў з раздражненнем:
— Зразу ці не зразу — адзін чорт!
— Як узялі б гарэлкі чарку ды сальца, дак памякчэлі б, буць не можа!..
— "Памякчэлі б"! Ета зараза памякчэе!
— Усё-такі ж — людзі! І Дамецікаў еты — чалавек…
— Знайшла чалавека! — Глушак не мог больш трываць, крыкнуў люта: — Не ўтыкай носа, куды не трэба!
Тут здарылася такое, чаго Глушак ніяк не чакаў. Далікатны, няхай сабе няўдалы, няздатны да гаспадаркі, але ж ціхі, паслухмяны сын Сцяпан, які, пакуль не пайшлі нязваныя госці, не абазваўся і адным словам, неспадзявана ўскочыў ад акна, стаў каля маткі, загадаў старому:
— Не крычыце!
Глушак заморгаў вачыма.
— Ш-што?
— Не крычыце, кажу! На матку! — паўтарыў ціха, строга Сцяпан.
— Т-ты ето — мне? Т-ты м-не — указ?!!
— Самі вінаватыя! Дак… не спаганяйце на другіх!..
— Я — вінаваты!!! Я!!! Ты ето — бацьку?
— А калі — праўда!
— Праўда?!! — Глушак наліўся крывёю. — Маўчы! Шчаня!!!
— Няхай — шчаня!.. А толькі трэба вам тая зямля, што пад лесам? Усё мало! Усё мало!
— Ты знаеш — колькі мне трэба зямлі!.. Ды калі б не тая зямля, калі б бацько не паперарываў на ёй жылы, ты б даўно з голаду апух!
— Хваціло б і без яе… А калі ўжэ прыбралі сабе, дак няхай бы прызналіся, што не ўся запісана. — Сцяпан зачапіў самае балючае. — Усё адно знойдуць!
Глушак затросся ад гневу:
— Замаўчы ты! Вош! Гніда!
— Можаце як ахвота зваць. А толькі…
Глушак не ўтрываў — не помнячы сябе ад шаленства, што напоўніла ўсяго гарачай лютасцю, даў сыну па твары. Той не зварухнуўся, слова не сказаў, толькі штосьці нядобрае, непрымірымае ўспыхнула ў незнаёмым — дарослым і самастойным — позірку. Але Глушак не хацеў бачыць гэтага: шалёная злосць, лютасць на сына, што асмеліўся пярэчыць, папракаць, вучыць яго, нясцерпна праглі патолі.
— Гніда! Смаркач! Вывучыўся!.. Вывучыўся на бацькаў хлеб! Вывучыўся дый падзякуваў!.. Чорта! Хваціць! Гной будзеш вазіць! Скаціну даглядаць! Мо трохі паменшае розуму!
Ніякія пагрозы нібы і не даходзілі да Сцяпана. Ён не толькі не паў ніц, але і выгляду не падаў, што шкадуе аб тым, што адразу страціў. Глушаку не давялося спазнаць палёгкі. Гневу не было патолі.
— За парабка будзеш рабіць! Ён паедзе дадому, а ты — за яго. Гной вазіць! Карміць свіней!..
Глушак стары яшчэ доўга сіпаў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Тады зваліўся на калені, узняў дробны, бледны твар з пакутнымі вачыма насустрач Богу, што глядзеў з залочанага абраза. З надзеяй замыляў сухімі губамі, зашаптаў…
Але і пасля малення спакою на душы не было. Дзе б ні хадзіў, што б ні рабіў — помніў, ні на міг не забываў: там, на яго полі, ходзяць, мераюць. Як гаспадары, топчуць яго поле, яго дабро. Распараджаюцца, не пытаючыся. Злосць пякла асабліва, калі ўспамінаў сутычку з сынам, маўклівую постаць жонкі, якая слова не сказала гэтаму смаркачу!..
3
Калі вячэралі, Яўхім сказаў:
— Перамералі ўсё наша…
— Хай ім на тым свеце!.. — засіпеў стары Глушак, але не дакончыў, пільна зірнуў на Яўхіма. — Гаварыў з кім?
— З цесцем. З Чарнушкам. Тры дзесяціны найшлі, кажа, няўпісаныя…
— Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дак ахвоты не було нікому да яе! А як узяў, абрабіў, абсеяў — дак… Выражуць цяпер?
— Выражуць. Дай, мабуць, не тры дзесяціны, а ўсе пяць.
— Пяць?! Ето — чаму? Калі там усяго тры було?!
— І без таго, найшлі, лішак у нас буў.
— Лішак! Лішак! Усё — лішак! Мо і сам я ўжэ — лішак!.. Штоб ім на тым свеце! На гарачым вуголлі!..
Злосць змянялася крыўдаю, лютасць — кволасцю. Тады чуў сябе няшчасным, адзінокім, бездапаможным, ледзь утрымліваўся, каб не паскардзіцца. Ды і перад кім было кволіцца: перад дурною старою, перад гэтым смаркачом, які стаў супроць бацькі? Пасля вячэры, калі Сцяпан падаўся гуляць, а старая выйшла ў хлеў, сказаў Яўхіму:
— Паразяўляліся… Кеб прымелі, з'елі б…
— З'есці не з'ядзяць, — спакойна, з разважнасцю прамовіў Яўхім, — а кавалак сцягна, мабуць, уварвуць…
— Жывое рвуць клыкамі… Бога ім няма.
Яўхім зноў сказаў разважна, як бы старэйшы: