Выбрать главу

Думкі аб зямлі, аб Міканору мяшаліся з думкамі пра сыноў, пра жонку, і тады зноў ажывалі крыўда і гнеў на Сцяпана. Даўно прыкмеціў, што надзеі вялікай на малодшага мець не трэба, нязграбны, няўдалы да гаспадаркі, але думаў, цешыў сябе, што, можа, навукай карысны будзе. Аж вось табе, дачакаўся карысці! Вывучыўся сынок, няма чаго сказаць! Выадукаваўся — на бацьку гырчаць!.. І то падумаць: вельмі трэба было верыць цяперашнім настаўнікам, якія адно на бальшавікоў стараюцца і з Богам не лічацца. Трэба было спадзявацца, што яны чаму добраму вывучаць!.. Але не толькі іх тут віна. Нямала, мусіць, і жонка вінавата — шкадавала, песціла, няньчыла. І даняньчылася — выгадавала яблычка!

А Яўхім, дзякуй Богу, здаецца, за розум узяўся. Каб не звязаўся з гэтай галадранкай, дык можна было б адно радавацца, гледзячы на такое дзіця. Але, можа, і так яшчэ выправіцца — можа, гэта хвароба, любоў, не высушыць усе мазгі… Глушак падумаў, што хвароба-любоў перадалася сыну не інакш ад маткі — у той змоладу і пазней у галаве многа глупства ўсякага вадзілася. Думаў пра глупствы гэтыя не так горача, як раней, новыя бядоты глушылі даўнейшую крыўду, да таго ж ад гаворкі з Яўхімам у гэты вечар была ў душы нейкая прасветліна. Яўхім адзін разумеў яго, адзін быў надзейны супольнік…

"З Маслаком ето непагано прыдумано. Як прыстрашыць добра, дак мо ўся круцельня васпаватого і сыдзе на нішто…"

Злосць на Міканора ўсё ж не спадала, паліла няўціхна: "Гад, ну і гад!.. І ўсе гады — галеча ненажэрная!.."

4

Яўхім так спрытна пусціў чутку, што пад поўдзень у Куранях не было такога чалавека, які б не ведаў, што Маслак — жывы і дужы — аб'явіўся зноў і што ў любы зручны момант можа апынуцца тварам у твар. Ведалі ў Куранях, што Маслак зноў не адзін, а з бандаю, аб сіле якой хадзілі самыя розныя чуткі. Адны казалі, што ў ёй паўтара дзесятка, другія — што больш за сотню бандытаў. У тым, што Маслак і праўда аб'явіўся, амаль ніхто не сумняваўся, вельмі ж добра помніўся ён усім з нядаўняга, калі яго таксама не ўсе бачылі, але ўсе адчувалі. Да таго ж цяпер называлі сёлы, каля якіх ён быў, і людзей, якія натыкаліся на яго, прычым расказвалі да драбніц аб акалічнасцях гэтых сустрэч.

Задоўга да паўдня чутка з Сарокаю вярнулася назад у Глушакову хату.

— Жывы! — сказала са здзіўленнем, загадкава Сарока. — Не бярэ ні хвароба, ні згуба! Не зламала яму хоць бы зуба!

Глушак прасіпеў абыякава:

— Пра што ето ты?

— Век не ўгадаць, не знаючы!

— Цьфу! — Глушак нават пакрыўдзіўся. — Знайшла з кім дурэць! Я табе смаркач які, штоб у загадкі гуляць?

— Век не ўгадаў бы! Кеб і хацеў!

— Угадаў бы не ўгадаў, а не для мяне етае глупство!

— Глупство! Ето ён — глупство! — Сарока таямніча, важна памаўчала. — Маслак?!

— Што?!

У Глушака вочы палезлі на лоб, так уразіўся чалавек. Перахрысціўся ад страху. Не паверыў.

— Т-ты што пляцеш?

— От, як перад Богам! — паклялася Сарока.

— Брэшаш?

— Праўда чыстая!

Глушак аж аб'ехаў на канапу, так разгубіўся. Пашкадаваў ад душы:

— Выкруціўся, ваўкарэзіна! — Кінуўшы вострым вокам на Сароку, падумаў, што скора паўсяла будзе ведаць, як ён уразіўся і напалохаўся. Злосна папракнуў: — Чаго ж звоніш так, галава! Шчэ смешкі строіць!..

— А табе чаго баяцца? — лісліва супакоіла Сарока. — Ты ў чым-небудзь перад ім вінаваты?

— А то не? Не кляў яго, гада?.. Дык кеб не вінаваты буў, хіба ён пытацца стане — вінаваты ці не?

— Пытацца не будзе. Сам знае, які Ігнат вінават! Чуў, кажуць, пра Міканорчыка і пра другіх, наказуваў, кеб ждалі! От, мабуць, Грыбок трасецца! Ён, Маслак еты, калі сказаў, што прыйдзе, то няхай хоць зямля праваліцца, а ён — аб'явіцца!

— Зноў гайсаць стане поцемку пад вокнамі, ваўкарэзіна! — Глушак схамянуўся, трывожна агледзеўся. — Трэба ж такую хваробу на нашу галаву!

— І не кажы! — падтрымала Сарока.

Сапсаваўся настрой у Глушака. Так сапсаваўся, што не мог з сабой саўладаць, нездаволена папракнуў Сароку:

— От жа, прыперла навіну! Як нябожчыка прыцягла!..

Хмурны, нездаволены і развітаўся, нават і не памкнуўся пачаставаць чым-небудзь. Па ўсім было відаць: збіла з тропу, устрывожыла чалавека!