— Не знаю, як вам і дзякуваць за вашу ласку…
— А няма чаго дзякуваць. Я ад добрай душы паддзержую. Калі ты мяне паддзержуеш, дак і я цябе паддзержую! Хто мне прыяе, таму і я — усёй душой!..
Змушаны беднасцю хітраваць, кемлівы ад прыроды, Зайчык адразу пачуў, што размова вось-вось падыдзе да той мясцінкі, дзе схавана тайна. Ён насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца.
— Я к вам, дзядзько, і сам заўсёды, можно сказаць, з дарагою душой!..
— От жа і я, Іванко! От, калі на тое, хоць цяпер вазьмі кавалкі два сала! Кеб боршч ці булён які закрасіць. А то ж, мабуць, няма ўжэ свайго?
— Дзе там! Закалоў вясной парася — з кацяня ростам, — дак і агледзецца не ўправіўся. З-пад рук маіх пахапалі. Як гайня якая, ірвалі!
— Ведамо, сказаць, — галодная дзятва.
Глушак патупаў у каморку, вынес сала, паклаў перад Зайчыкам на стол.
— Вазьмі от пакуль што. А там — будзем бачыць…
— Як вам і дзякуваць, не знаю. Кеб я багаты буў, кароль які, то аддаў бы за вашу дабрату — усё царства!..
— Не трэба мне нічого. — Ужо не таіўся, паскардзіўся: — І тое, што е, некаторым вочы коле. Прымелі б, сказаць, з'елі б…
— Е такія. Штоб далі волю, горло паперагрызалі б адзін аднаму. — Зайчык ужо ведаў, што трывожыла старога. — То ж етае, ліхо яму, земляное ўпарадкаванне выдумалі! — Ён з пагардай плюнуў. — Трэба яно тут, як сабаку рогі ці карове чобаты! От няма чаго рабіць некаму! Выгуляецца на гарадской волі з якой вымаляванай пытляванай маладзіцай пад руку, пад'есць булак колькі хоча, дак ён і выдумляе. А цёмнае наша балото і рада! Нашым абы злосць спагнаць на кім-небудзь!
Ён гаварыў амаль шчыра: сала ж было проста перад вачыма, паддавала ахвоты. А што гаварыў не тое, што нядаўна думаў, не сваё, то гэта не толькі не турбавала, але нібы і не заўважалася самому. Хіба ж першы раз рабіў ён другому наспадобу!
Глушак ухапіўся за зачэпку:
— Ето ж, кажуць, ужэ абмералі ўсіх і сход сабіраюцца сазваць.
— Ат, толку, дзядзько, з етаго сходу!
— Не кажы, Іванко! Начальство нібыто будзе нейкае. І як усе выступяць да скажуць рабіць перадзел, дак і зробяць. Перарэжуць усю зямлю зноў…
— Ето шчэ, дзядзько, віламі па вадзе пісано! Чуў, можа, што кажуць, — Маслак аб'явіўся! Не вельмі-то кожны і асмеліцца вылазіць! Бо як Маслак возьме ды заявіцца!..
— Баяцца цяпер таго Маслака! Як я, сказаць, вужа якога! Цяперашнім часам е такія, што ні Бог, ні чорт яму ніпачом…
Зайчык скеміў, да чаго хіліць стары.
— А калі на тое, дзядзько, дак я самы першы выйду к сталу, к самому начальству, і заяўлю — проста ў вочы: не муціце ваду, не трывожце людзей! І едзьце сабе назад, па-добраму пакуль!..
— Смелыя мы ўсе, Іванко, пазавуголлю! А як прыйдзецца да дзела, дак і язык нібыто прысыхае!
— У каго прысыхае, а ў каго і не! У мяне, дзядзько, такога шчэ не було! Я не тое што Крываротаму — каму хочаш не пабаюся праўду ўрэзаць!
Па тым, як ахмялелы, гарачы Зайчык гаварыў, было відно: не попусту хваліцца, не пабаіцца ні перад кім, але Глушак не паверыў. Наліваючы чарку, сказаў, як хвальку:
— Дай Бог чутае бачыць!..
Зайчык загарэўся яшчэ больш:
— А і ўбачыце, калі на тое пайшло!
Ён рашуча перакуліў чарку.
Калі Зайчык, трымаючы пад пахай загорнутае ў латку сала, зачапіўшыся плячом за слуп, выбраўся са двара, Глушак яшчэ доўга не лажыўся спаць. Чуючы, як і яго трохі водзіць ад гарэлкі, стаяў перад абразамі, глядзеў у цёмны кут, шаптаў малітвы. Шэпт яго не ў час перабіла сабачае выццё. Ён пазнаў, што вые сляпы, падумаў, што, мусіць, пачуў ваўкоў на балоце. Сабака выў амаль безупынку, і Глушак збіваўся — выццё спляталася з малітвай, наганяла сум. Гэты сум застаўся і пасля малітвы, калі, накінуўшы кажушок, выцягнуўся на холад к свірну. Сабака перастаў выць, пачаў, скуголячы, бразгаючы ланцугом, церціся аб ногі. Ні тут, каля свірна, ні з ганка Глушак не ўбачыў, не ўчуў у цемры нічога падазронага. Ціха, пуста было і ў баку балота, і стары падумаў пра сабаку: "З нуды, мабуць, выў…"
Глушак вярнуўся ў хату, лёг побач з жонкай, але пачуў, што засне не хутка. Сон не браў. Было клопатна. А тут яшчэ ў цемры на двары зноў цягуча, як па нябожчыку, завыў сабака. Як ашалеў, ваўкарэзіна! Пад гэтае выццё і ішлі, круціліся ў неспакойнай Глушаковай галаве думкі. Хоць і верыў, што Зайчык можа спраўдзіць абяцанне, трывога ўсё ж не адыходзіла: небагата толку ад той Зайчыкавай падмогі. "Пралентарыят-то пралентарыят еты Зайчык. А от кеб начальство паддзержало, то саўсім іначай павярнулася б усё…"
Думка пра тое, каб дабіцца заступніцтва начальства, упарта зырчала ўсярэдзіне, вярэдзіла душу. Даўно думаў пра гэта, але стрымлівала звыклая асцярожлівасць. З начальствам не тое, што з Зайчыкам, там, паспяшаўшыся, не толькі насмяшыць людзей, але і загубіць усё нядоўга. Ды і прыкрасці якой набыць…