Выбрать главу

Таму і кружыў, як коршак, што выбраў небяспечную здабычу, і так, і гэтак выглядваў, вылічваў, вымяркоўваў. Даўно падвучыў Яўхіма, каб пазнаёміўся бліжэй, убіўся ў прыяцелі Крываротаму з сельсавета, сам, можна сказаць, амаль што ўлез у кампанію. Ужо тры разы, як Крывароты заходзіў, спрабаваў моц яго, глушакоўскай, гарэлкі, падвесялелы, ляпаў, як таварыша, Яўхіма па плячы, ды і з ім, са старым Глушаком, трымаўся, нібы са сваім чалавекам. Нават сп'яну абняў адзін раз. Змалацілі яму занішто жыта — цягалі малатарню чорт ведае куды, цераз такую пагібель, па багне, можна сказаць. І сала тарбіну жонцы ўручылі. Ён сам, праўда, зрабіў выгляд, нібы ведаць не ведае, але ж быць не можа, каб жанчына ўцярпела, не пераказала…

І ўсё-такі пэўнасці цвёрдай на яго падтрымку няма. І не толькі пэўнасці такой няма, але і чорт яго ведае — што ён потым яшчэ можа выкінуць! Нават як падступіцца да яго, каб намякнуць, закінуць слова, і то думаць-гадаць трэба. Старому ўспаміналася, як Крывароты, п'яны ў дым, хваліўся Яўхіму: "Ты, Глушак, не думай, што калі я п'ю, то і розум прапіваю. У жызні такога не було, штоб я прапіваў галаву з-за етай паскуды! Не було! Я, Глушак, п'ю, п'ю, а сам увесь час кумекаю — што да чаго! Увесь час! Не страчваю розуму! На маёй рабоце розуму страчваць няможно! Мне не тое, што другому: выпіў, ну, і выпіў, можаш хоць пад плотам валяцца! Я — выбраны чалавек, уласць, голаву павінен дзяржаць прамо і чуць увесь час, што да чаго! — Крывароты ўзяў Яўхіма за сарочку, падсунуў да яго чырвоны твар. — Я от сяджу з табою тут, Глушак, п'ю, і ты мне — таварыш, першы таварыш! А калі я на рабоце, ты мне — усё адно што незнаёмы! Я цябе — знаць не знаю, ты мне такі самы, як кожны другі! Што ты, Глушак, што другі — мне ўсё адно! Бо я — выбраны, уласць, а ўласць савецкая да ўсіх роўная! Ето не тое, што пры цары було: цяпер што багаты, што бедны, што брат, што сват — усе аднакія! І я да ўсіх аднакі, да ўсіх — па закону!.."

І праўда, чуў ад людзей стары Глушак: ні свату, ні брату палёгкі ніякай Крывароты не даваў. Гэта і непакоіла старога, стрымлівала дабівацца якой-небудзь падтрымкі ад непадступнага знаёмага. Але выбару не было, ісці больш не было да каго. А тут надзея хоць і няпэўная, а ўсё ж жыла, звала паспрабаваць. Чуў душою, што самому і патыкацца да Крываротага няма чаго. Калі і можна хоць драбніцы якой дабіцца, то толькі аднаму Яўхіму, папросту, па-прыяцельску.

Таму і не лажыўся, чакаў сына. Калі Яўхім, згаладалы, прагавіты, накінуўся на хлеб, на халодны боршч, прасіпеў:

— Ты ўжэ прасіў Крываротаго на вяселле?

Яўхім, жуючы, выціснуў:

— Не.

— Дак, можа б, заўтра схадзіў ды сказаў…

— Упраўлюся. Ці заўтра, ці паслязаўтра — усё адно.

— Лепей — заўтра. — Стары памаўчаў, перш чым прыступіць да галоўнага. — Як будзеш гаварыць, то, можа б, закінуў слова пра землю…

Яўхім не адказаў, жаваў па-ранейшаму, але стары чуў, што словы яго не прапусціў міма ўвагі, думае.

— Скажы яму, як і што: пра абмер і што, чутно, абрэзаць хочуць. І выведай, ці не памог бы ён…

— Чорта лысаго даб'ешся ў яго.

— Усё адно папробуваць трэба. А то ж ад етай васпаватай заразы ратунку ніякаго. З'есць, як маўчаць будзем!

— Усяго не з'есць. Укусіць, можа, укусіць, а там — падавіцца.

— Можа і з'есці! У етаго зубы здаровыя і зяпа шырокая.

— Абламаць можно, калі вельмі ашчэрыцца.

— Не вельмі-то абломіш. Не на тое ідзе.

— Абломім! — запэўніў Яўхім, і старому трохі палягчэла на душы: хоць ведаў цану сынавым словам, як бы паверыў, ухапіўся за падмогу.

— А ты ўсё-такі схадзі да етаго, — сказаў напаследак, залазячы пад коўдру.

— Схаджу.

Як і абяцаў, Глушак-малодшы на другі дзень выправіўся ў сельсавет. Стары ледзь дачакаўся, калі ён вернецца: што б ні рабіў, думкі кружылі каля Яўхіма — то няпэўна, недаверліва спадзяваўся, то ўвесь аддаваўся неспакою.

— Ну, што? — кінуў Яўхіму, ледзь той ступіў на двор.

— Прыйдзе, сказаў…

Па тым, як прамовіў сын, як нядобра павёў позіркам, стараючыся не сустракацца з яго вачыма, стары Глушак усё зразумеў. Але такая вялікая, неадольная была трывога за зямлю, што не вытрываў:

— Што пра абрэзку?

— Нічого.

— Усё-такі — сказаў што-небудзь?

— Сказаў.

— Што?

— Што трэба, тое і зробім.

— І пасля — на вяселле прысунецца?!