Глушак зноў паглядзеў на лысаватага: а гэты, можа, і праўда ціхманы і добры. Пэўна, можна было б асцярожна паспрабаваць падступіцца. Відаць здалёк, што не надта салодка жывецца: і паддзёвачка унь якая, і яды не лішне — шчокі аж уваліліся. Каб зрабіць акуратна, мусіць, не адмовіўся б ад сцягенца свінячага…
Але цяпер і думаць не думай такога — лысы і блізка не падпусціць, калі побач гэты партыйны "да нітачкі". У Глушака раптам з'явілася падазрэнне: а можа, партыйны гэты і не каморнік зусім, а які-небудзь начальнік. "З ГПУ, можа, прысунуўся, вынюхаць, што і як. Харчава прыяцель…"
Разважаючы, мяркуючы, стары ўважліва слухаў, што казаў Дубадзел. Але, хоць Глушак і не прапускаў ні слова, багата чаго, як і многія другія на сходзе, ён не разумеў ці лічыў нявартым увагі. Крывароты доўга і нудна нешта гаварыў не пра справу, а пра палітыку. Толькі калі Дубадзел перайшоў да землеўпарадкавання, стары насцярожыўся. Дубадзел, аднак, зноў доўга плёў пра тое, для чаго трэба перадзельваць зямлю і якая гэта важная задума — землеўпарадкаванне; таміў, палохаў Глушака туманам няпэўнасці. Чым больш плёў ён, тым больш прападала ў Глушака кволая надзея на тое, што, можа, абміне, абыдзе яго гэтай бядою. Стала прыкра-млосна ўсярэдзіне, калі Дубадзел абвясціў:
— У нас таксамо камісія, якая була выбрана па ўсім законам на агульным сходзе вёскі Курані, знайшла розныя факты. А іменна — няправільную запісь зямлі сельсавету, што прывяло ў сваю чаргу да няправільнай аплаты налогу з боку етых укрывацеляў…
— А хто такія етыя ўкрывацелі? — не ўтрываў Андрэй Руды.
— Можна і назваць, хоць выбраны старшыня етай камісіі вашай вёскі Дзяцел Міканор у сваім рапарце пасля мяне ўсё даложыць сам. Ето такія асобы, як Чарняк Пракоп, Дзяцел Змітро…
Ён, мусіць, выказаў бы ўсіх, але ляснік Міця, пачуўшы сваё прозвішча, абарваў яго, заявіў на ўвесь голас:
— Ето ўсё — ер-рунда!
Дубадзел абурыўся:
— Што — ерунда?!
— Усё! — з п'янай непахіснасцю растлумачыў Міця.
У хаце засмяяліся, зарагаталі.
— Няправільно запісано! — адгукнуўся не вельмі ўпэўнена, больш, відаць, для прыліку, Пракоп.
— Вы, дзядзько, памаўчалі б! — не ўтрываў, ускочыў Міканор, гатовы рынуцца абараняць свой гонар.
Дубадзел даў яму знак сесці.
— От тут грамадзянін вашай вёскі Курані Дзяцел Змітро, — загаварыў ён зноў паважна, тым жа тонам кіраўніка і прамоўцы, — заяўляе…
— Заяўляў і заяўляць буду — ерунда!
У хаце зноў засмяяліся. Дубадзел пачырванеў:
— Грамадзянін Дзяцел Змітро, вам слова не давалі. Прашу не перабіваць! Тым больш што сваімі выкрыкамі вы некультурно замахваецеся не толькі на сельсавет, але і на выбраны ўсім народам вашага сяла орган — камісію!..
— Пляваў я на тваю камісію! — Міця рваўся к сталу, але яго стрымлівалі. Ён кіпеў: — Камісія! Таксамо мне — указ! Начальство!.. Я ў лесе — сам начальство! Над усімі елкамі і палкамі! І сею — дзе хачу! І не суйся!
— Д-добра! — злавесна сказаў Дубадзел. — Мы табе пакажам, куды можно і куды няможно сунуцца выбранай камісіі і сельсавету, які ёсць поўная ўлада на месцы!..
— Пакажы! — Міця не слухаў угавораў бліжніх. Душыла крыўда. — Усякае лезе ў начальство! А таго не дапетрыць, што ў мяне свой закон, свая ўлась!
— Усё сваё ў цябе! Правільно! — падчапіў з рогатам Хоня.
Смех і вясёлы гоман, што ўсё мацнелі ў хаце, падагравалі Міцю. Невядома, як закончылася б гэтая перапалка, калі б за сталом не падняўся незнаёмы ў вайсковым кіцелі. Спакойна, цвёрда загадаў:
— Прашу вывесці п'янага!
Міцю акружылі, узялі пад рукі, пад вясёлыя смешкі Хоні сілком вывелі з хаты. Пачакаўшы, пакуль не ўціх гоман, чалавек абцягнуў кіцель, ужо дзіўна лагодным голасам абвясціў:
— Калі ёсць якія-небудзь прэтэнзіі да камісіі па землеўпарадкаванню і калі такія прэтэнзіі могуць з'явіцца заўтра, — як бы выдзеліў апошнія словы незнаёмы, — прашу заявіць іх або камісіі, або мне асабіста.
— А хто ты такі? — крыкнула яму Сарока.
Чалавек з усмешачкай глянуў на Дубадзела: ваша віна, што не здагадаліся пазнаёміць у час.
Дубадзел не так назваў, як папракнуў Сароку за невуцтва:
— Таварыш Зубрыч ето! Спіцыяльны ўпаўнаважаны з воласці!..
Зубрыч кіўком галавы пацвердзіў гэта, зноў загаварыў да ўсіх:
— Такім чынам, таварышы, са ўсімі скаргамі, якія ўзнікнуць, прашу звяртацца да мяне. Мы іх не адкладваючы тут жа на месцы разам з вамі праверым і вырашым, як быць далей.