— Чым я засяваць яе буду, ету вашу землю, калі дзеці ад вясны з дубовай кары пухнуць? — светлыя Зайчыкавы вочы па чарзе прабеглі па Міканору, Дубадзелу, Зубрычу.
— Дак кеб не пухлі яны, зямлі трэба, следавацельно, — павучальна адгукнуўся Андрэй Руды.
— Ето мне напамінае байку пра таго дурня, што купіў залатую — як у пана — міску. Сеў каля яе і думаў, што яна сама карміць будзе! Яна, зямля, як карова — дасі ёй, накорміш, дак і яна табе дасць! А што мне зямля етая, калі з яе — нічога!
У хаце згодна загаманілі. Глушак падумаў: "Рады булі б, кеб да зямелькі ды шчэ й коней дадалі і насення! — Пажадаў зларадна: — Трасцы вам, а не коней! Падавіцеся вы етай зямлёю, палыном ды лебядою абсяваючы!"
Радасці, аднак, не было: увайшоў у душу неспакой — каб, барані Бог, хэўру гэтую ненажэрную на коней і на насенне яго не напусцілі! У трывозе зірнуў на Зайчыка інакш, з падазрэннем: памочнік, называецца, — адной рукой, здаецца, выцягвае, а другой — як бы ўтапіць гатоў!
— Дзядзько правільно кажа, — згадзіўся з Зайчыкам Міканор. — Набыўшы зямлі, не сакрэт, з бяды не выкруцішся. Дак от жа я і казаў, што, кеб адолець ліхо етае, згуртоўвацца трэба, разам, усёй грамадою ваяваць. Таварыство арганізаваць на ўсё сяло, насенне, якое ў каго е, разам сабраць! Сабраць грошы са ўсіх і разам коней купіць!..
Міканор гаварыў горача, пераканана, але слухалі яго большасць людзей ці недаверліва, ці нават непрыхільна. Чым больш ён гаварыў, тым больш рос нездаволены гоман. Пачуліся воклічы:
— Зноў — етыя таварыствы!.. Як не надакучыць, ей-богу!
— Грэблю не кончылі, а шчэ — таварыство!
— От скажы ты, прычапілася да чалавека!
— Прыйдзе Маслак — ён "арганізуе" табе таварыство! — крыкнуў нехта.
— На тым свеце закаешся!
Думка пра Маслака, мабыць, увесь час на сходзе жыла між людзей, бо пры напамінку пра бандыта ўсе заварушыліся, загаманілі толькі аб ім.
Міканор паспрабаваў перасіліць гамонку.
— Усё ето з таварыствам страшно толькі таму, што яшчэ не спробувалі. А як паспробуем, пажывём, дак, кеб хто хацеў, патом ад таварыства не адарваў бы! — Ён апярэдзіў шум пярэчання: — А што да Маслака, то тут, не сакрэт, нечая выдумка!
— Сумно некаму без Маслака! — звонкім голасам падтрымаў Міканора Хоня.
— Ажывіць захацелася! — дадаў Алёша Губаты.
— Брахня! — заявіў і Дубадзел.
— От як заявіцца сюды — пакажа брахню!
— Чыкацца не будзе!
Чарнушка папрасіў:
— Няхай прадстаўнік з воласці растлумачыць пра Маслака!
Зубрыч устаў, усміхнуўся:
— Я проста здзіўлены тым, якую ўвагу вы аддаяце нейкаму пігмею! Нейкаму адшчапенцу, які туляецца ў балоце!
— Няма нікога тут! — заявіў зноў Дубадзел. — Плёткі ўсё ето, што Маслак жывы!
— Я таксама лічу, што плёткі. Ды калі б і праўда была, калі б сапраўды ён дзейнічаў тут, ніякіх падстаў для панікі, для страху ўсё роўна няма. Ён — адзін, іх — нікчэмныя адзінкі, а вас — легіён. За вас уся краіна, армія, народ. Ёсць каму за вас заступіцца!..
— Заступіцца-то заступяцца…
— Ды пакуль тая заступка прыйдзе!..
— І раней заступнікі булі!
— От бо перапужаліся ўсе! — пакпіў Хоня.
— Аднаго духу Маслаковаго!
— Значыць, у воласці, та-скаць, нічого неізвесно пра ету асобу, пра Маслака, і яго атрад? — хацеў дабіцца яснасці Руды.
— Я, шчыра кажучы, не цікавіўся гэтымі весткамі… Але думаю, што калі б яны былі, то мяне папярэдзілі б. Аднак, вярнуўшыся, я праверу іх і, калі будзе патрэба, абяцаю прыняць адпаведныя меры…
— Пакуль вы етыя меры прымеце, дак ён спраўдзіць сваю гразьбу!
— Сказаў, накорміць зямлёй — і накорміць!
— Няўжо вы, — лагодна здзівіўся Зубрыч, — настолькі напалохаліся здані нейкага Маслака, што ад землеўпарадкавання, ад таго, каб навесці парадак у карыстанні зямлёй, гатовы адмовіцца!
— Калі з-за етай лапіны зямлі губіць сябе, то хай яе чорт бярэ!..
— Дружыну сарганізаваць трэба! — крыкнуў хтосьці з хлопцаў. — Не паткнуўся б!
— А паткнуўся б, дак далі б па зубах!
Зубрыч пахваліў хлопцаў, потым мякка, з дакорлівай усмешкай загаварыў пра тое, што абы-як адносіцца да землеўпарадкавання, як некаторыя тут, на сходзе, — гэта паказваць поўную сваю несвядомасць, непавагу да дзяржаўных інтарэсаў. Дзяржава даўно хоча навесці парадак у землекарыстанні, знішчыць анархію і самавольства, і абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна — усямерна памагаць ажыццяўленню гэтай вялікай мэты.
Глушака аж злосць узяла: так стараўся за дзяржаву валасны ўпаўнаважаны.