"Усё толькі і знае, што дзяржава ды дзяржаўныя інтарэсы!.. Як знаў, угадаў: бацьку роднаго для дзяржавы сваёй не пашкадуе!.."
Гаварыў упаўнаважаны лёгка, прыгожа: відаць было, разумны, вучаны чалавек. Слухалі яго ўважліва, даверліва, але чым больш слухалі, тым больш станавіліся маўклівыя, асцярожныя да гэтай не так мужыцкай, як дзяржаўнай справы — землеўпарадкавання. І як ні хваліў упаўнаважаны яе і дзяржаву, асцярожлівасць не толькі не прападала, а мацнела. Вядома, тут былі нямала вінаваты чуткі пра Маслака, але і прыезджы, заўважыў Глушак, таксама даў хібу: перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы. Як ні высільваўся, не так паправіў становішча, як астудзіў, затуманіў людзей.
"Старацельны ты вельмі, — падумаў Глушак. — Распінаешся за сваю савецкую ўласць, а таго не знаеш, як да мужыка падступіцца, чым спакусіць…"
— Усё-такі, мабуць, з етым перадзелам пачакаць лепей, — прамовіў разважліва Чарнушка, і ў Глушака зноў ажыла надзея.
— Не чакаць, а канчаць трэба! — крыкнуў Хоня.
Яму не давялося сказаць больш ні слова, бо раптам ускочыў нецярплівы, ашалелы Васіль.
— Чакаць, чакаць! Усё — чакаць! — Крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце. — Дакуль жа ўсё ето будзе! Чакаць ды чакаць!.. Усе ўсюды даўно ўжэ парабілі ето! А мы ўсё — чакаць! Дак дакуль жа мы будзем мучыцца?!
— Каму-каму, а табе можно було б і памаўчаць, — заявіў Ларывон. — Забуў, як вадзіў?
— Забуў не забуў, а толькі… Дакуль жа ето ўсё будзе? Добра каторым — зямля як зямля! А ў мяне — пясок адзін! Зелле і тое расці не хоча! Нічого!
— А ў мяне — дак лепей? — падтрымаў яго адзін голас.
— А ў мяне?
— Праўду кажа!
— Ну от! — як бы ўзрадаваўся Васіль. Ён увесь аж гарэў, гатоў быў, здавалася, люта кінуцца на кожнага, хто стане насуперак. Падтрымка людзей паддала яму смеласці, і ўжо не роспач, не крыўда, а абурэнне пачуліся ў яго голасе: — Дакуль жа ето мы будзем гнуцца на адным пяску! А другія будуць сабе, як паны, раскошувацца! Ето хіба так трэба? Ето — па савецкіх законах?
У хаце заківалі галовамі, загаманілі згодна. Многія слухалі са здзіўленнем: першы раз бачылі Васіля такім, чулі такога на людзях. Глушака поўніла злосць: адчуваў — надзея зноў гіне…
— Няхай хто што там думае, а толькі, па-мойму, трэба, кеб пароўну ўсім було! Кеб і ў нас була зямля як зямля, а не пясок! — Людзі зноў зашумелі, і ён збіўся. Хацеў быў сесці, але выпрастаўся, ціха, рашуча аб'явіў: — Як хто, а я ад зямлі не адмаўляюся!
Глушак бачыў, як гарэлі вочы ў хлопца і пасля таго, як ён змоўк, сеў. Старога аж душыла ад гневу, ад бяссілля: мала каго за сваё жыццё ён ненавідзеў так, як гэтае хлапчанё, шчанё гэтае прагавітае! "От гадзяня, няма на цябе кала!" — думаў пра Дзятліка.
Ніякай надзеі на ўдачу цяпер не было, і лютасць, нянавісць яго мяшаліся з болем…
Пасля таго як Міканор дачытаў, колькі ў каго знойдзена лішняй зямлі, спрэчак аб тым, калі пачынаць перадзел, ужо не вялі. Амаль усе адразу згадзіліся: заўтра.
Упаўнаважаны з воласці аб'явіў, што слова мае каморнік.
Раздзел трэці
1
Васілю гэтыя дні далі таксама багата трывогі. Было яе многа да сходу, жыла яна, білася ў ім на сходзе, з ёю ж падаўся ён і дадому, несучы ў сабе цэлую буру сумненняў, неспакою, недавер'я.
Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу…
Камісія не абмінула Васілёвай хаты, перамерала і яго поле. Васіль сам гаварыў, калі яны запісвалі, колькі ў яго зямлі і якая сям'я, хадзіў побач, калі перамервалі паласу. У тыя дні, як ніколі, была ў яго ахвота пасябраваць з Міканорам, і не праходзіла дня, каб Васіль раз, а то і два не зазірнуў да свайго суседа. Але Міканор дома сядзеў цяпер рэдка, не раз даводзілася гаманіць адно са старым Дамецікам, ад якога не было ніякай карысці. Праўда, і ад сустрэч з Міканорам добрага было не многа больш: Міканор неяк заважнеў, нешта таіў у сабе, не выказваў вельмі зычлівасці. Толькі і дазнаўся Васіль, што ў каго-нікаго знайшлі лішкі, што яму павінны прырэзаць з паўдзесяціны, але якія будуць гэтыя паўдзесяціны — зямля ці пустэча, — так і не ўведаў. У Міканора на ўсе выпыты быў адзін адказ: сход збярэцца, камісія памяркуе, і Васілю было відаць, што на якую-небудзь асаблівую прыхільнасць спадзявацца не трэба. Гадаючы, якім бокам павернецца да яго доля, прызвычаены чакаць горшага, ён у думках не раз, не два нядобрым словам памінаў Міканора.