Аднойчы маці дачулася, што Валодзька таксама ходзіць у гадзючнік, — увесь вечар жахалася, палохала малога, расказваючы розныя страхі пра гадзюк. Васіль, збіраючыся на спатканне, памог ёй, прыгразіўся — калі смаркач хоць раз сунецца туды яшчэ — пабіць няшчадна!..
Гадзюкі былі не толькі ў зарасніку. Яны запаўзалі на агароды, нярэдка грэліся на выгратай сонцам, перамешанай з цёплым пясочкам кастрыцы прызбаў. Жартаўнік Зайчык казаў, што скора не будзе як сесці на прызбу ад гэтай поскудзі…
Вужы жылі ледзь не на кожным селішчы пад падлогамі, у хлявах, у прыгрэбніках. Ляснік Міця, гультай і свавольнік, якому з выгоды лезла ў галаву розная дурнота, дык нават выносіў вужоў на вуліцу пазабаўляцца. Забаўкай было і хлопцам узяць вужа на вячэрнія пасядзелкі, падпусціць у дзявочы гурток, што адразу ўсчынаў віск, лямант. Віску было на ўсё сяло, але больш з ахвоты, абы пакрычаць, — вужоў у Куранях не баяліся.
Матка казала Васілю, што ў суседа Дамеціка вуж, які ўжыўся ў хляве, ссе карову, але Дамецікавы не гналі яго. Васіль не здзіўляўся гэтаму: як і ўсе ў Куранях, лічыў ён вужа добрай істотай, крыўдзіць якую — грэх…
У гэтым годзе багата бяды было ад ваўкоў. Летняй парой асцярожныя, можна сказаць, памяркоўныя ў іншыя гады, клыкастыя драпежнікі ў гэтае лета, здавалася, вачэй не зводзілі з сяла, з выганаў, не толькі ўночы, але і сярод дня выляталі з зараснікаў. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды: у Куранях, можа, не было такога двара, дзе б не клялі драпежнікаў. Пастухі статак у лес не ганялі, рэдка пасвілі і каля лесу, найбольш трымаліся выгану, бліжэй да хат, да людзей. Некалькі дзён Курані хваляваліся, пераказваючы адзін аднаму на розныя лады, як нахаба воўк напаў на Пракопавага каня. Меркавалі, абураліся, спачувалі: спутанаму каню давялося папаржаць, папакруціцца, адбіваючыся ад звера. Не раз каціўся воўк ад конскіх капытоў, але ўсё ж вырваў кавалак мяса са сцягна, і невядома, чым кончылася б, каб не падбеглі людзі…
Але над усім былі клопаты. Спелі ягады. За суніцамі — чарніцы, ад якіх аж чорна было між рослага папаратніку. Нядоўга было чакаць і малін, што густа спелі ў гадзючых зарасніках. Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі — у лесе цяпер была важная праца. Ягады былі не якія там прысмакі, як у другіх, — у Куранях ягадамі карміліся, ягады збіралі, сушылі на продаж, на грошы, на чорны зімовы ці веснавы дзень. Лес быў памочнік полю, скупой, ненадзейнай зямлі.
Памагала полю балота, ціхія, цёплыя, зарослыя асакою затокі, зацягнутыя тванню канавы з асклізлым ламаччам, смярдзючыя лужыны з цінай і раскай. У Куранях, мабыць, не было такой хаты, якая не мела б рыбалоўнай прылады. Прылады гэтыя былі асобыя: ва ўсім сяле ні ў кога ніколі не вадзілася нерата. Васіль толькі чуў, што на Прыпяці ловяць рыбу нейкімі жалезнымі кручкамі. У Куранях ракі, прастору і глыбіні воднай не было, і снасць тут у людзей трымалася свая, балотная: лазовыя баўтухі, лазовыя таптухі, венцеры, сплеценыя з канапляных нітак кломлі. З кломляй трэба было ісці ўдваіх, утраіх, а з таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка. Ускінуў на плячо, занёс лёгкую, амаль не чутную, з белых высахлых дубцоў, сунь у ваду і тупачы, гані рыбу да яе…
У Васіля была і таптуха, і кломля — усё дзедавага вырабу — снасць, чужым вачам проста-такі зайздросная. За лета Дзятлы, можа, разоў дваццаць выпраўляліся з двара з усёй гэтай зброяй. Ішлі ў поўным складзе — не толькі матка, Васіль і дзед Дзяніс, але і Валодзька. Памочнік з малога такі, што, каб сядзеў ён дома, лепш было б, але паспрабуй утрымаць дома гэту неадчэпу-заразу. Цягнеш яго па дрыгве, цераз чорныя брады, цераз канавы.
Дзед, у чорна-рудых штанах, якім было, можа, з паўсотні гадоў, сам выбіраў Васілю з маткаю рыбную мясцінку, але за гэтым адразу ж адасобліваўся. Трымаючы Валодзьку за руку, з таптухай ён знікаў у зарасніках і вяртаўся толькі тады, калі трэба было ісці дадому. Усяляк і яму лавілася, і ўсё ж не раз было так, што са сваёй таптухай ён прыносіў торбу, паўнейшую і важчэйшую, чым тая, што вісела на Васілёвых плячах.
Валодзька, стомлены, чорны ад твані, аж ззяў ад шчасця.
Дзед рэдка радаваўся ўдачы. Васіль прывык ужо да дзедавага крактання: хіба гэта рыба, здрабнела, перавялася сапраўдная рыба! З дзедавых слоў выходзіла, што цяпер ні звера вартага не засталося ў лесе, ні рыбы ў балоце.