Памаўчаў трохі, пакруціўся на печы, уладжваючыся: мабыць, пёк чарэн. Як бы чытаў Васілёвы думкі, калі параіў:
— І заўтра, тым часам, не драмлі. Як будуць дзяліць, скажы — абы-якой зямлі не трэба! Штоб людскую ўдзялілі, патрэбуй! Не папускайся, адным словам! Не папускайся!
2
Васіль прачнуўся рана, да першых пеўняў. У хаце ўсе яшчэ спалі, адно Валодзька на печы штосьці гаманіў у сне. Гэтая гаворка, мусіць, і разбудзіла Васіля. Ён ужо гатоў быў зноў задрамаць, але ў санлівую бесклапотнасць яго раптам пранізалася згадка-турбота: сёння! Сёння павінна пачацца!..
Толькі дайшоў сэнс згадкі, як спакою нібы і не было. Успомніліся спрэчкі на сходзе, страх, што адкладуць перадзел, успомніліся, закружыліся, запяклі зноў гарачыя свае словы, якія вырваліся былі на сходзе. Зноў нібы гаварыў, крычаў, нападаў на тых, хто асцярогай, баязлівасцю ледзь не сарваў перадзелу, заступаўся за сябе, за свае паўдзесяціны. "Добра вам казаць, калі е з чаго пракарміцца: удосталь зямлі, і такой, што як кінеш, дак вырасце нешто! А як мне, на адным пяску, на пустэчы етай? Як?!" З гэтымі думкамі-крыўдамі перапляталіся зноў напамінкі пра Маслаковы пагрозы, але і цяпер страху не паддаваўся: "Самі няхай не вельмі вылазяць, калі хочуць цэлыя буць, вужакі балотныя!"
Што б ні ўспамінаў, разам з усім, ні на момант не прападаючы, жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках. І не жменька, не дробязь якая — больш за паўдзесяціны! Калі б пашанцавала пры дзяльбе ды людскі кавалак прырэзалі, урадлівы, то гэта было б усё роўна што ўраз пабагацець!
Не першы раз прасіў, маліў у думках: той бы, што каля цагельні, якую ў Карча абрэжуць!
Марыў, а сам паліў сябе, прадракаў упэўнена, як ведаў загадзя: "Аге, чакай, так табе і дадуць яе! Пабачыш, як свае вушы! Многа там дурных такіх у камісіі ці з тых, што каля яе аціраюцца, кеб такі ласы кавалак аддаць некаму другому!" Ён амаль на свае вочы бачыў, як гэты — такі жаданы, даўно-даўно аблюбаваны — кавалак пераходзіць у нечыя іншыя, спрытныя, хітрыя рукі. "На ласы кавалак лаўцоў тут аж занадто. І не агледзішся, як выхапяць з-пад носа! З кішэні і то, кеб ухаваць можно було, выцягнуць лаўцам етым — як плюнуць!"
Трывожачыся, поўны лютасці да лаўцоў, праз якіх ніколі не абярэшся ад крыўды, Васіль як бы чуў дзедава павучанне, якое яшчэ больш гарачыла, падбівала на смеласць: "Не папускайся! Няхай знаюць, што і ў цябе зубы е!"
Добра сказаць: не папускайся! Васіль гатоў быў узлавацца на дзеда Дзяніса: няхай сам паспрабаваў бы не папусціцца, з такімі людзьмі жывучы!
І ўсё ж Васіль не хацеў і не мог папусціцца: вельмі ж вабіў яго гэты ласунак, што каля цагельні! Вельмі ж шкода было б выпусціць дабро такое, даць, каб спажыў яго нехта чужы!
Яно ж так блізка, дабро гэта. Амаль у руках. Толькі б не прамаргаць, не даць выхапіць яго другім. Самому хапіць раней! Не чакаючы, пакуль хто з камісіі прыбярэ! Ён раптам пахаладзеў: а можа, пакуль ён думае попусту, той кавалак хто-небудзь ужо і прыбраў! Не аднаму ж яму пастанавілі даць зямлю! "Устаў от поначы і — захапіў! І чакае толькі, калі падыдуць другія, — кеб паказаць!"
"А чаго ж — прыедзе з плугам, заарэ — і гаспадар ужэ! І ніхто нічога не зробіць яму!"
Васіля так устрывожыла гэта думка, што ён не мог ужо ляжаць. Ускочыў і стаў хутка адзявацца. Не падумаў нават, што можа разбудзіць матку ці дзеда — не да таго было. Але ніхто і не прачнуўся. Ім і клопату мала, што ў гэты момант нехта, можа быць, з-пад рук выхапіў іх багацце!
На двары, чорным і ціхім, толькі шапацеў па саламянай страсе, булькаў па нявідных лужынах дождж. Ціха было і ва ўсім сяле, ніводзін агеньчык не жаўціў цемры. Але Васіля не супакоіла гэта цішыня: хітрыя лаўцы робяць свае справы цішком. Не такі ён дурань, каб паверыць, што калі ў сяле нібы ціха, то ўсе і спяць.
Асклізваючыся на мокрай дарожцы, Васіль выбраўся агародамі к прыгуменню, не вагаючыся, рушыў у шапаткую дажджавую чарнату. Ён то ішоў, то трусіў уподбег, думкі, як авадні, апаноўвалі, пераконвалі: запазніўся, правароніў, занялі ўжо. Захапіў нехта. Захапіў — і нічога яму ніхто не зробіць. Будзе панаваць сабе на такім дабры…
У Васіля шчымела зайздрасць да гэтага невядомага, які так абхітраваў яго. Не проста зайздрасць, а зайздрасць з непрыхільнасцю, якая ўсё мацнела, станавілася ўсё больш злая. І як жа інакш: амаль што з-пад рук выхапіў хапун гэты! Каму ж, як не Васілю, павінен належаць гэты кавалак, даўно-даўно нагледжаны, аблюбаваны, абмілаваны? Яшчэ ніхто і думаць не думаў нічога, як Васіль выбраў яго. І вось — выхапілі, лічы, проста з рук, і ніхто не ўстановіць справядлівасць, ніхто не згоніць хапуна, заразы гэтай: па закону, скажуць, забраў — на сходзе ж, маўляў, усе чулі, што прырэзаць належыць! От бо людзі! Чаго толькі ні нацярпішся, пажыўшы з такімі!