Васіль раптам ускіпеў:
— Удзень, удзень! — Ён узяў лейцы. — Прыліпла!
— Не ўдумай, барані Бог, чаго паганаго! Са свету зжывуць!
— Сам знаю.
— Глядзі ж, Васілько! Ужэ ж і так паплакала!
— Ат!
Васіль вывеў каня за вароты. І к прыгуменню, і асабліва ў поле Гуз плёўся неахвотна, яму яўна не падабалася, што выцягнулі з цяпла такой ранню, гоняць у цемры, пад дажджом. Яго, як п'янага, час ад часу вадзіла ў бакі. "Спіць, падла, ніяк не прачнецца! — злаваў Васіль. — Жэрці дак падавай яму самае добрае, а рабіць дак не разбудзіш яго!" Са злараднасцю думаў хлопец, што, як толькі ўзаб'ецца на капейку, прадасць гэту падлу якому дурню, набудзе хоць бы жарабя!..
Злосць на каня брала тым больш, што і сам ішоў без ранейшага імпэту. Трэба было спагнаць злосць на некім: кудысьці прапала нядаўняя нецярплівасць, выпарылася невядома як і куды смеласць. У душу лезла кволая асцярога, упаўзала ліпкая, як балотны туман, боязнасць: ужо не ценямі нежывымі, а грознымі непрыяцелямі раслі ў памяці Яўхім, Маслак, Глушак стары.
Ён глушыў маладушнасць, гнаў страх. Але яму было самотна. Ён быў перад невядомасцю адзін. Ніхто не памагаў, не падтрымліваў нават. Таму і брала злосць на каня, які толькі і ведае, што есці ды спаць. І пра матку са злосцю думаў: таксама не знайшла зрабіць чаго іншага, як развярэдзіць душу! Прыцяглася не ў час, і няма таго, каб, як каторая іншая матка, падахвоціць, падбадзёрыць, дык яна — са стогнамі сваімі: "Глядзі ж! Ужэ ж і так паплакала!"
І без таго на душы брыдка, а тут — хоць бы слова добрае. Як жа тут не возьме злосць. На матку, на нездаляку-каня, што нават ісці як трэба не ідзе!
Але ні адзінота, ні страх, як ні цяжка лажыліся яны ў душу, усё ж не змагалі яго. Хоць часам і з'яўлялася жаданне спыніцца і, не зважаючы на нядаўнія прыціхлыя мары, павярнуць назад, ён ішоў і ішоў. Цяжар важкіх думак і пачуццяў разам з тым узмацняў у ім упартасць. З горкага свайго вопыту ён не тое што ведаў, але даўно лічыў як бы законам жыцця, што, каб чаго-небудзь дасягнуць, трэба адольваць кволасць, неахвоту, страх. Усё жыццё, прывык ён лічыць, — гэта неспакой, непрыемнасці, цяжар працы і змаганне з бясконцымі перашкодамі.
Злуючыся на маці, Васіль як бы браў на падмогу дзеда Дзяніса. Праўду казаў дзед, падбадзёрваў сябе хлопец: не трэба папускацца! І ён, Васіль, не папусціцца! Не аддасць так проста дабра свайго! Толькі не трэба лішніх страхаў выдумляць! Смялей ісці трэба, і ўсё будзе добра!
Як мог, Васіль гнаў трывогу, падахвочваў сябе, падбадзёрваў. Але трывога не адыходзіла. Неадчэпна ішла яна з ім да Глушаковай паласы, была ў ім, калі ён, чуючы нядобры халадок усярэдзіне, паставіў нарог на Глушаковай мяжы, калі павёў разору.
Ідучы за плугам, кіруючы ручкамі, ён у звыклым клопаце працы на час амаль супакоіўся. Але калі пачало развідняць, трывога зноў заныла. Чым больш святлела, чым шырэй разыходзіўся далягляд, тым больш мацнела і трывога. Яна шчымела нават ад саміх разор, праведзеных на чужым полі, ад хады Гуза, які павольна, але цягнуў і цягнуў плуг, уперад і ўперад.
Цяпер Васіль ужо не так сачыў за разораю, як за дарогаю, за полем у баку сяла. Хат амаль не было відаць за алешнікам каля сажалкі, адно выглядвалі стрэхі, над якімі варушыліся, паўзлі к нізкім, сіняватым хмарам дымкі. Дымкі гэтыя таксама дадавалі трывогі. Яны нібы глядзелі на яго, паказвалі яго людзям.
Да Васіля даходзіў з сяла віск свіней, рык кароў. Можа, таму нават выгляд пустой дарогі, пустога поля каля алешніку не супакойваў — паглядваў туды з непакоем, чакаў: вось-вось паявяцца людзі. Калі яны зачарнелі — купка павольных постацей, — халадок трывогі яшчэ памацнеў.
Ён зрабіў выгляд, што не цікавіцца імі. Але амаль кожную хвіліну кідаў у іх бок касыя позіркі. З меркай ідуць — значыць, мераць выправіліся. Адкуль пачнуць, куды адразу пакіруюць? Да цагельні, дзе ён робіць круг, ці — пад лес, на другі бок поля? Заўважылі ці не заўважылі яго?
Купка яшчэ далекавата збочыла к лесу. На другое поле падаліся, не спыніліся, не звярнулі ўвагі. Але позірк цікаваў — то гэтую купку, то выток дарогі каля алешніку. Недарэмна зіркаў: вось яшчэ вылезлі з-за алешніку тры постаці. Ціха плятуцца, мабыць, не спяшаюцца. Адзін з іх вельмі рослы, здалёк відаць, другія два ледзь па плячо яму. Рослы, пэўна, Ларывон, здагадаўся Васіль і з непакоем навастрыўся позіркам: а хто ж другія два? Можа — Яўхім там ці стары? Постаці ўсе сунуліся па дарозе, тым жа кірункам, што і папярэднія. Можа, збочаць, не заўважаць? Не, заўважылі, спыніліся, прыглядваюцца.
Хвіліну пастаялі, гледзячы на яго. Потым адзін падаўся за першай купкай, а два — Васіль насцярожыўся — рушылі проста да яго. Ларывон і Зайчык. Сталі наперадзе, чакалі, калі ён падыдзе…