Не абмінуць. Хочаш не хочаш, а трэба ісці, бліжэй і бліжэй. Ну і няхай, ён падыдзе, знаку не падасць, што пабойваецца! Толькі вось на ўсякі выпадак — калі гэты дурань Ларывон кінецца за свайго дружка біцца — падрыхтавацца трэба. Каб не заспеў знянацку. Васіль з усёй сілы сціснуў пугаўё — няхай паспрабуе толькі!
— Здароў, Васіль! — весела крыкнуў Зайчык.
Васіль паздароўкаўся ў адказ, але не спыніўся.
— Добры кавалак табе ўдзялілі! — пахваліў, падчапіў Зайчык.
Васіль не адказаў. Праз хвіліну ён пачуў, што яго даганяюць: па тупанню ботаў пазнаў, што гэта — Ларывон, сціснуў пугаўё.
Ларывон падыбаў побач. Вось-вось замахнецца, дасць пудовым кулаком.
— Табе ето — выдзелілі? — сказаў, трохі задыханы.
Васіль спасцярожліва зіркнуў на яго, прамаўчаў. Упарта таптаў свежую зямлю ў разоры.
— Гэ! — зразумеў нарэшце Бугай. — Разумны! — Ён мацюкнуўся і адстаў.
Дайшоўшы да павароту, Васіль убачыў — Зайчык падаўся да тых, што мералі, а Ларывон дыбае да сяла. "К Яўхіму!" — здагадаўся Васіль, і яго зноў узялі одум, страх. Захацелася кінуць загон, зямлю, якая не так прыцягвала, як палохала, гразілася бядою. Але ён не кідаў, ішоў і ішоў баразною.
Зямля як бы трымала яго. Ногі прыліпалі да яе, маглі ісці толькі роўнай канаўкай разоры. Не мог кінуць, бо пачатак быў ужо зроблены. Бо яго ўжо бачылі тут, бачылі, што ён зрабіў. Адступаць не было куды, дарога была толькі ўперад.
"Усё адно: пачаў — дак рабіць да канца!.. Не папускацца! — Васіль паспрабаваў прыдушыць страх, супакоіць сябе: — Шчэ пабачым, чыя возьме! Мало што ён прыбяжыць! Няхай паспрабуе сагнаць, калі пастанавілі абрэзаць! Няхай паспрабуе сунуцца! Пабачыць!"
4
Васіль заўважыў — людзі з сяла ўсё цягнуцца і цягнуцца. Некаторыя, як і Зайчык з Ларывонам, спыняюцца, глядзяць у яго бок, але потым ідуць к тым, што мераюць. Там народу ўсё большае. Васілёў позірк сочыць не так за імі, як за дарогаю, за тымі, якія паяўляюцца з-за арэшніку…
Адна постаць збочыла, хутка прастуе да яго. Гэта не ён, не Яўхім. Гэта — як Васілю не пазнаць здалёк! — маці. Не пяшчоту, не радасць выклікае яна, а прыкрасць: век не ў час прыйдзе! Век паявіцца тады, калі не трэба!
Клуначак у руках — есці нясе. Успомніла! Самая пара зараз — рассесціся, узяць у рукі скібу хлеба ды гурок! Акурат зручны момант — калі вось-вось чубаты ці стары Корч прыпруцца!
Як прыблізілася, пабегла. Нібы на пажар бяжыць. Спатыкнулася, ледзь не ўпала. Стала, здзіўлена, разгублена азіраецца. Як усё роўна не бачыць, не разумее ўсяго!
— Чаго прыйшла?! — хмурна сказаў ён, прыпыняючы каня.
— Есці от вазьмі! Прагаладаўся ж, мабуць!.. — лагодна ступіла маці да яго.
Васіль нядобра таўхануў працягнуты клунак назад ёй. Як малога, ашукаць хоча! Паддобрыцца, а там пачне сваё…
— Ідзі! — загадаў ёй строга.
Яна не кранулася. Цень трывогі прабег па яе твары. Не таілася ўжо:
— Сыночак! Што ж ето ты? — Васіль адвярнуўся, каб не бачыць яе. Як агнём, пякло кожнае слова: — Удумаў!.. Чужое! Дазнаюцца ж — бяды!.. Не абярэшся!
У гэты момант здалёк прыкмеціў: збочыла з дарогі, рушыць напрасткі яшчэ постаць. Яўхім! Усярэдзіне ў Васіля пахаладзела, пачуў сябе, як ніколі, кволым, адзінокім. Злосна абарваў матчын стогн:
— Ціха бо! Прыперлася! Ідзі дадому!
Не чуў ужо, плача ці не плача яна. Сачыў толькі за Яўхімам. Спрабаваў падбадзёрыць сябе, вярнуць смеласць. Няхай бяжыць, няхай! Пабачыць! Сам не ведаў, чым гразіўся, — што Яўхім можа пабачыць. Да болю сціскаў ручкі плуга, пугаўё. Пугаўё было яго адзінай зброяй.
Чубаты ўсё бліжэй, бліжэй. Ужо добра відаць: твар чырвоны, люты. Злы, зямлі пад сабою не чуе… Васілёвы ногі прыкра паслабелі, як не падагнуцца…
— Васілько! — заўважыла Карча, жахнулася маці. — Не пярэч! Саступі!..
Васіль не зварухнуўся. Нібы не чуў. Не зводзіў вачэй з чубатага, падахвочваў сябе: "Няхай бяжыць, няхай! Пабачыць!.." Здзіўляўся: трэба ж, каб так паслабелі ногі!
Маці раптам кінулася насустрач чубатаму, крыкнула, молячы:
— Яўхімко!.. Яўхімко!.. Родненькі!.. Не сярдуй, даражэнькі!..
Ён, як бег, таўхануў яе так, што яна і не войкнула — тузанулася, упала на бок. Клуначак адляцеў далёка. Чубаты наскочыў на Васіля. З ходу дужа рвануў за плячо. Васіль упусціў плуг.
— Т-ты… ш-што ето? — Яўхім, задыханы, цяжка соп. Рот злосна крывіўся, шчэрыўся. Зараз, здавалася, пена на губах забялее. — Т-ты ш-што?!. — Ён грозна мацюкнуўся.
— А ты — што?.. — адважыўся Васіль. Натапырыўся, як малады каршачок, гатовы біцца.