— Ш-што?! — Глушакоў твар яшчэ больш наліўся крывёю. — Прэч! — раптам шалёна, з віскам, закрычаў ён. — Зараз жа!!! Штоб духу твайго смярдзючага не було!
— Васілько! Саступі! — кінулася да Васіля маці. Ухапіла за руку, хацела адвесці. Ён вырваў руку. Заявіў Глушаку:
— Ето шчэ пабачыць трэба — у каго дух смярдзючы!
— Васілько!..
— Ты — удод жаўтароты, шчэ спрачаешся! Вымятайся ўмэнт! Пакуль не позно!
— Васілько! Ідзі! Сыночак!..
Васілю было не тое што боязна, а страшна. Разумеў, што лепш было б паслухацца, адступіць, але не мог перамагчы сябе. Ганарлівасць, злосць на Глушака за зямлю, за Ганну, за ўсё заўпарціліся, запоўнілі яго. Не далі і выгляду паказаць, што баіцца.
— Унё! Напужаў!..
— Васілько, сыдзі! Не чапайся!
— Ат! — адпіхнуў Васіль матку.
— Не пойдзеш?! Н-ну, глядзі ж!
Васіль пільна сачыў: вось-вось чубаты рынецца, ударыць. Ён мімаволі сціснуў пугаўё. Адпіхваючы маці, глушачы страх, хітруючы, сказаў:
— Хто ты такі? Штоб загадваць!..
— Хто? Не пазнаеш? Паказаць, можа?
— Яўхімко! — Маці кінулася к Глушаку, загарадзіла Васіля. — Даражэнькі! Ты — разумнейшы!..
Чубаты таўхануў яе, зноў закрычаў шалёна Васілю:
— Паказаць?! На чыю землю ўспёрся?! Чыё поле паганіш?!! Не бачыш?!! — Яўхім хапіў Васіля збгрудкі так, што стала цяжка дыхаць.
Але Васіль каўтнуў, прахрыпеў:
— Було… вашае…
— Було?! — Чубаты матнуў плячом, адштурхнуў Дзятліху, якая ўчапілася, як кіпцюрамі, намагалася адарваць ад сына.
— Було… Цяпер — наш-шае…
— Вашае?.. Брэшаш, гад!! — Яўхім колькі змогі сціснуў Васілёў каўнер, кінуў хлопца з такой сілай, што таму здалося, нібы тулава ў яго адарвалася ад ног.
Васіль так грымнуўся патыліцай аб зямлю, што ў галаве загуло.
— Тваё? Шчэ лезці будзеш?
— Буду… Не тваё!..
— Звер ты, звер! Корч пракляты!.. — учапілася зноў у чубатага Дзятліха.
Васіль выдыхнуў зларадна, помсліва:
— Напанаваліся ўжэ!.. Скончылася вашае!..
Яўхім адкінуў Дзятліху, загадаў люта:
— Маўчы!.. Прэч, шчаня! Пакуль цэлы!
— Пляв-ваць мне!.. — Васіль стаў на карачкі, намерыўся падняцца.
Яўхім рынуўся на яго.
— Пляваць? — Шалёны ўдар зноў кінуў Васіля на пожню. Аж нібы трэснула шыя. — Не пойдзеш?
— Гад ты, гад! — наляцела каршуніхай маці, учапілася ў руды чуб, стала ашалела рваць, матаць яго.
Гэта ўратавала Васіля. Выкарыстаўшы момант, ён ускочыў, з пугаўём, пра якое толькі цяпер успомніў, важка пайшоў на Глушака. У гэты час чубаты злаўчыўся, ударыў маці каленам у жывот. Яна енкнула, скурчылася ад болю, асела. Васіль і Яўхім сустрэліся тварам у твар. Яўхім апярэдзіў, моцна ўдарыў пад сківіцу.
Боль у сківіцы, у роце, ва ўсёй затуманенай галаве, няўдача дадалі Васілю лютасці. Крыўда, усе крыўды, што даўно палілі, чакалі адплаты, цяпер ураз ажылі, запяклі зноў разам, усяго напоўнілі адным жаданнем: дастаць, размалаціць гэту ненавісную пысу з чубам.
Адкуль толькі ўзяўся, неспадзеўкі наляцеў стары Глушак, ірвануў руку з пугаўём.
— Ты што ето, смурод!.. Кінь!!!
Ледзь не выкруціў руку. Адкуль і сіла ў нездалякі старога знайшлася, каб трохі, сагнуў бы Васіля. Дзякуй маці, выратавала — кінулася да старога, учапілася ў каршэнь, затузала, закляла — і стары пусціў хлопца.
Каля Яўхіма апынуўся брат яго, Сцяпан. Але замест таго, каб памагчы Яўхіму, чамусьці пацягнуў яго назад, чубаты адразу зазлаваў, даў Сцяпану па твары. Выйшла так, што Яўхіму давялося біцца не толькі з Васілём, але і з братам!
Васіль ухапіў момант — трэснуў Яўхіма пугаўём па галаве так, што той зароў. Ашалелы ад болю, чубаты ўраз адарваўся ад Сцяпана, не асцерагаючыся, як раз'ятраны дзік, ірвануўся да Васіля. Васіль мелькам заўважыў пачырванелыя, бязлітасныя вочы, адчуў, што Яўхім прагне ўжо не толькі помсты — смерці яго. Заб'е, не пабаіцца нічога. Такая дзікая лютасць кіпіць, па вачах відаць. Васіль адскочыў і даў яму яшчэ пугаўём. Даў так, што ад тоўстага дубовага пугаўя застаўся ў руцэ толькі кончык.
— Ах т-ты!.. — Яўхім хапіўся за галаву, зноў, з яшчэ большай лютасцю, рынуўся на Васіля. Васіль замалаціў па ненавіснай пысе канчуком пугаўя, кулаком. Але адбіцца не змог: Яўхім дапаў, схапіў за каўнер, наваліўся. Васіль тузануўся, спрабуючы вызваліцца, — Яўхім не ўстаяў, і яны ўпалі. У наступны момант абодва качаліся па пожні, па свежай раллі, крывянілі адзін аднаму твары, шматавалі сарочкі.
Глушак вырваўся нарэшце з рук Дзятліхі, кінуўся на падмогу Яўхіму, учапіўся ў Васілёву галаву, сілячыся прыгнуць к зямлі. У той жа час Сцяпан схапіў брата за плячо, за руку, стаў з усёй сілы цягнуць ад Васіля.