Хто яго ведае, як там было раней, а толькі цяпер, і праўда, у кломлю больш трапляла зялёнай, мяккай ціны, камякоў раскі, чорнага ламачча, як той рыбы. Серабрысты, трапяткі бляск рыбы цешыў, як невядома што. Калі Васіль выкопваў з ціны і раскі рыбіну з далонь, сэрца заходзілася ад радасці.
А ўсё-такі і гэта была нейкая падтрымка ядзе. Калі добра пахадзіць з лета да восені, то ўсё ж нешта збярэцца перабіць нішчымніцу. Ягады, рыба ды грыбы — усё адно да аднаго, усё неяк паможа пратрымацца і з дробнай картопляю і нікчэмным збожжам. Ну, а да іх яшчэ — мёд, сем дзедавых вулляў, якія — што ні кажы, — а прыводзяць жа нейкую капейчыну ў хату…
Адным словам — старацца трэба. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Усюды, дзе можна, трэба браць, запасіць на зіму, на год — у полі, у лесе, у балоце…
Што б ні рабіў Васіль, Ганна быццам была поруч — думаў аб ёй, шукаў яе вачыма, чакаў. І мала было за лета такіх дзён, каб не толькі ўвечары, але і сярод дзённай мітусні не сышліся, не пабачыліся, не перакінуліся хоць некалькімі словамі. Сустракаліся часам выпадкам, але найбольш — так толькі паказвалі другім: каб не плялі чаго лішняга языкастыя цёткі. Выпраўляліся нібы кожны будзённай сваёй сцежкай, нібы і думаць не думалі аб нейкім спатканні-мілаванні, а самі яшчэ звечара ведалі, дзе і як пабачацца. І сустракаліся дзе толькі можна было — на загуменні, у полі, у балоце, пад ляснымі шатамі.
Для другіх лета было як лета, як ва ўсе іншыя гады. Для сонца, для неба яно было такім, як і тысячы, сотні тысяч гадоў, усю тую спрадвечнасць часу, калі млела тут навокал дрыгва і гнілі мокрыя лясы. Для іх жа гэта было першае лета, лета-песня, лета-свята.
З гэтага лета застаўся ў іх на ўсё жыццё ўспамін неабсяжнай, бязмежнай, бясконцай радасці. Шчасце гэтага лета было самае вялікае, шчасце іх жыцця. Але, успамінаючы гэтыя сонечныя дні, бязмежнасць і яснасць іх радасці, Ганна потым нязменна згадвала адно прыкрае, выпадковае здарэнне. Вылезлі з вады з кломлямі, сядзелі каля лазовага куста — няблізка адзін ад аднаго, бо недалёка былі бацькі. Гаварылі тым спосабам, калі пра ўсё кажуць адны закаханыя вочы. Шчасце поўніла грудзі, шчасцем поўніўся бераг азярца, трава, асака, увесь свет. І раптам — Ганна з жахам крыкнула, ускочыла: між іх паўзла гадзюка… Пакуль Васіль схапіў, выламаў дручок, гадзюка ўцякла…
Здарэнне гэта праз некалькі дзён Ганне забылася, але потым, калі мінуў ужо не адзін месяц, выплыла зноў у памяці. Выплыла, ажыло, як бы вырасла, поўнае злавеснага сэнсу…
Але гэта было — потым. Пакуль жа цвіло іх лета. Лета-песня, лета-свята… За летам была свята-восень…
3
Кончыўшы ўпоцемку малаціць, Васіль павесіў на шула цэп і выйшаў з гумна. Не зачыняючы варот, ён некалькі хвілін стаяў нерухома. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута, і Васіль быў хіба здаволены тым, што адпрацаваў, што сёння больш рабіць не трэба і можна вось так ціха стаяць, не згінаючыся, не махаючы цэпам, выпрастаўшы спіну. Стаяць і чуць на твары халаднаваты пад вечар асенні вецер, ад якога пачынаюць браць дрыжыкі пад лапаткамі, слухаць мірныя гукі вячэрняга сяла. Цапы па гумнах ужо не цупалі, ляскаталі недзе ў полі калёсы, поблізу, мусіць, на суседнім двары, бэлькалі авечкі.
Васіль прыслухаўся, што чуваць з Чарнушкавага двара, пачакаў, ці не пачуе Ганнінага голасу, але там было ціха. Здалося, што рыкнула іх карова, і Васіль падумаў, што Ганна, мусіць, доіць. У яго грудзях, як заўсёды, калі ён думаў цяпер пра Ганну, пацяплела, стала хораша, і разам з тым узяла нецярплівасць: каб хутчэй зноў пабачыцца!
Ён замкнуў гумно і ўжо сабраўся ісці ў хату, калі яго гукнулі. Васіль спыніўся: на прыгуменне ішоў дробны, кульгавы Грыбок Ахрэм.
— Жыто малаціў? — сказаў ён.
— Жыто…
— Добрае? Да Каляд на хлеб і аладкі будзе?
— Ат… — паморшчыўся Васіль. — Няма нічога…
— Зямля, туды яе маць! — вылаяўся Грыбок.
— Зямля… Пясок адзін…
— У Карча, братко, урадзіло…
— Каля цагельні?
— Аге. Зерне, братко, як боб. Што сноп, то мех.
— Дзіво…
Васіль ведаў, што ўся гэта гаворка і Грыбкова цікаўнасць толькі так, для прыліку, і чакаў далейшага, гадаў, што ж прывяло да яго Ахрэма. І не сябры — Грыбок бадай ці не ў тры разы старэй, і не суседзі — жыве Грыбок наводдаль і не мог збочыць так сабе. З нейкім клопатам прыйшоў…
Грыбок не спяшаўся.
— Як дзед Дзяніс, як здароў?
— Здароў…