Выбрать главу

— Да раніцы — штоб не рыпаўся!

Грыбок, узрадавана кіўнуўшы, пайшоў хутчэй. Ён яшчэ раз трывожна азірнуўся, калі бандыт свіснуў, але свіст гэты быў не да Ахрэма. Хрыпаты, напэўна, клікаў другога, які сцярог хату, — той адразу рушыў на яго свіст.

Грыбок асцярожна прытуліўся да плота, даў дарогу. Толькі схаваўшыся за дзвярамі ў сенцах, шаргануўшы засаўкаю, ён адчуў сябе вальней. Але спакою не было і тут.

Жонка драмала, як бы нічога і не здарылася. Кладучыся побач, ледзь стрымліваючы дрыготку, ён штурхнуў з папрокам:

— Спіш!..

— А?.. Што?.. Што табе?..

Грыбок, увесь напоўнены нядаўна перажытым, не адказаў.

— Накіраваў куды іх? — пазяхнула жонка.

— Накіраваў!.. Тут ледзь самога не накіравалі… На той свет!..

— Што ты пляцеш!

— Тое, што чуеш!.. Прападзі ты пропадам, такая ж-жытка!

— Чаго ж ён?.. Упаўнаважаны еты?

— Упаўнаважаны. Такія ж яны ўпаўнаважаныя, як я… Кеб іх зямля не насіла!

— Хто ж то?

— Маслакі!

— А! — са страхам ускрыкнула жонка.

Зачыніўшы дзверы, Ганна момант пастаяла ў сенцах, прыслухоўваючыся да таго, што адбываецца між бандытамі і Васілём. Але гаворкі іх яна не магла разабраць. Паспрабавала ўгледзець іх у шчылінку каля дзвярэй — не было відаць.

Яна ўбегла ў хату, зірнула ў акно. У змроку ледзь разабрала — Васіля павялі наперадзе, а самі драпежнымі ценямі панура пацягнуліся ўслед. Пайшлі не на вуліцу, а кудысьці на прыгуменні.

Божа мой, што яны хочуць з ім зрабіць! Яна тут жа апаліла сябе папрокам: як яна магла паслухацца гэтай хэўры, адысці, пакінуць яго аднаго!

Ганна кінулася ўжо да парога, але спынілася. У цёплай цішыні чулася роўнае, лёгкае дыханне Хведзькі ды стомлены бацькаў сон. Ганна нахілілася над ложкам.

— Тато… Тато…

Мачыха нездаволена павярнулася.

— Чаго табе?

— Бандзіты! Маслак!

Сон ад бацькі ўраз зляцеў.

— Васіля на прыгуменне павялі!..

— А Божа! — спалохана перахрысцілася мачыха.

Хацела сказаць пра дзядзьку Ахрэма, але стрымалася: ён быў братам нябожчыцы маці, мачыха вельмі не любіла яго.

Калі бацька стаяў каля акна, прыглядаючыся да постаці, што тырчала зусім блізка за плотам, Ганна амаль з адчаем, хапаючыся, думала, што рабіць, чым памагчы яму, любаму Васільку. За трывогай пра Васіля яна неяк мала думала пра дзядзьку.

— Іх тут мало. Усяго чалавек пяць…

— З вінтоўкамі? — запытаў бацька.

— З абрэзамі… — Ганну таміла яго павольнасць, яго марудлівы, маўклівы роздум. — Людзей трэба апавясціць! — нецярпліва прамовіла яна.

Бацька зноў азірнуўся на акно, за якім цямнела поле.

— Як?

— Я сюды, етым акном — на агарод… На вуліцу…

— Здурнела! — жахнулася мачыха. — Ды ён жа цябе з вінтоўкі ўмэнт!..

— Не прыкмеціць ён.

— Загубіць захацела ўсіх! Калі сваёй галавы не шкода, то падумала б хоць пра бацькаву! Пра Хведзьку падумала б!

— А вы б пра Васіля падумалі! — у голасе Ганны захліпаў плач.

— Нічога з ім не станецца, з Васілём тваім!

Ганна ступіла крок да акна, але мачыха кінулася наўперад яе, раскінула рукі.

— Не пушчу!.. Цімох! — крыкнула яна бацьку на падмогу. — Ты, ты што ж стаіш як ёлапень! Не бачыш!

— Не трэба! — мякка сказаў Ганне бацька. — Не зробяць яму нічога…

— Не зробяць!..

Ганна, душачыся слязьмі крыўды і роспачы, адышла ад мачыхі, апусцілася на лаўку. Трывога за Васіля, за дзядзьку Ахрэма, аднак, хутка высушыла яе слёзы. Яна востра ўслухоўвалася ў цішыню сяла, чула зацяты сабачы брэх у баку прыгуменняў, з даўкім неспакоем, са страхам чакала, што вось-вось грукне стрэл, але і на прыгуменнях і ў сяле было ціха. Ні аднаго падазронага гуку не ўлавіла Ганна.

— Спяць, скажы ты, усе, як проса прадаўшы… — здзівіўся ўголас бацька.

— Хто спіць, а хто сядзіць ды не дыша, — адгукнулася мачыха. Яна з асцярогай ступіла да акна ў поле. — Стаіць, як тое пудзіло!..

Потым Ганна пачула непадалёк ціхі свіст. Яна насцярожылася і ўзрадавалася — цень-пудзіла, што тырчаў за плотам, пацягнуўся ад хаты.

— Пайшоў, — з палёгкай адзначыў і бацька.

Постаць хутка знікла ў змроку поля. Ганна ўстала, моўчкі падалася ў сенцы.

— Ты куды? — пачула яна за сабою голас мачыхі.

— Туды ж!.. Пагляджу пайду.

— Зноў! Сама на ражон лезе!..

— Не чапай! — уступіўся бацька.

У сенцах Ганна асцярожна адчыніла дзверы, выглянула. Навокал было ціха, але цішыня гэта не толькі не супакойвала, а нават як бы насцярожвала. Сыходзячы з ганка, Ганна мімаволі ўслухоўвалася, баялася вокрыку. Тулячыся да сцяны, хутка перабегла за рог хаты і толькі тут на міг агледзелася — ці не цямнее дзе-небудзь постаць. Было па-ранейшаму ціха, ніхто не стаяў на дарозе. І яна, ужо не азіраючыся, не слухаючы нічога, пералазячы платы, напрасткі цераз мокрыя, па-асенняму голыя агароды паляцела да Васілёвага селішча.