Як бы там ні было, у Куранях панавалі непакой і насцярожанасць…
Яшчэ ў той жа дзень, а можа, на другі ўранку, чутка перабралася цераз гразкую дарогу да цэнтра сельскага Савета, бо назаўтра апоўдні ў нязграбнай, доўгай, як хлеў, хаце куранёўскага грамацея Андрэя Дзятла, ці, як яго ўсе звалі ў сяле, — Рудога, сядзеў міліцыянер Шабета і высвятляў усе акалічнасці прыходу бандытаў.
Шабета быў выдатны, амаль легендарны чалавек. Звычайны міліцыянер, ён меў тут такі аўтарытэт, якога, мабыць, не было ні ў аднаго не толькі валаснога, але і павятовага кіраўніка. Ён здзіўляў людзей у многіх вёсках рэдкай адвагай, адданасцю справе. Не раз і не два гразіліся яму бандыты, білі з абрэзаў, прастрэлілі каля локця левую руку, а Шабета бясстрашна, нястомна гайсаў на цярплівым коніку з сяла ў сяло, высвятляў, супакойваў, наводзіў парадак…
Першым Шабета выклікаў Грыбка. Ахрэм паявіўся ў хаце не адзін, а пад вартай сваёй сёння вельмі рашучай жонкі. Адаслаўшы на двор пасыльнага, плячысты, паўнацелы, здаровы, як асілак, Шабета, які перад гэтым з самым заклапочаным выглядам разбіраў нейкую паперку, халоднымі вачыма зірнуў на Грыбкову Адар'ю і загадаў:
— Грамадзянка, прашу выйсці…
— Чаму ето, выйсці?.. Ці я чужая? — Грыбчыха нават не варухнулася.
— Не паложано. Тут зараз будзе следствіе.
— Ну і няхай!..
— Не паложано, ясно?
— Ці ж ты не ведаеш мяне! — Грыбчыха гатова была абразіцца, але раптам перамяніла тон, відаць, падумаўшы, што так толькі ўзлуе яго. — Ведаеш жа, Антон, а так гаворыш!..
Яна сказала «ведаеш» і мякка, і з націскам, мабыць, напамінаючы пра тое, што некалькі разоў карміла яго абедам і нават закрашанай самагонкай частавала, пакляўшыся, што на кірмашы купіла.
— Не паложано, ясно?
— Я ж хачу памагці табе ў следстве етым, — падступіла з другога боку Адар'я.
— Самі разбяромся.
— Не разберацеся. Бо ён без мяне нічога вам не скажа! — ужо ўпарта, загараючыся, заявіла Грыбчыха. Яна штурхнула мужа. — Што ж ты маўчыш, як язык прыкусіўшы!
— Яна праўду кажа… — кінуў маўклівы, унураны Грыбок.
Шабета памаўчаў, быццам паказваў, што рашэнне гэтае не абы-якое, і дазволіў застацца. Чорт з ёю, з гэтай упартай бабай, можа, і вартае яна кажа.
І праўда, Грыбок, напэўна, нічога не сказаў бы. Ён быў так прыгнечаны прыходам бандытаў і іх пагрозамі, што адразу, як толькі Шабета пачаў допыт, папрасіў:
— Б-братко! Пусці мяне… Я нічога не знаю…
— Як не знаеш? Прыходзілі яны да цябе?
— Прыходзілі…
— Колькі іх?
— Утраіх булі на дварэ… — адказала за Грыбка жонка.
— Былі між іх знаёмыя?.. Апазналі вы каго-небудзь?
— Не! — закруціў галавой Грыбок.
— Не пазнаў ён, — пацвердзіла Адар'я. — Бо цёмно. І два з тых бандзітаў стаялі моўчкі… Толькі я думаю, што без сваіх тут не абышлося. Я так думаю — адкуль яны ўведалі, што ў нас дзяліць землю хочуць? Само яно хіба дайшло да таго Маслака? Данёс нехто ж. Прыйшоў і сказаў! І, скажы ты, нядаўно ж там буў. Бо пра дзяльбу і гаворка пачалася колькі таго часу!..
— І, мусіць, нехта ж з такіх, якім не хочацца землеўпарадкавання, — дадаў Шабета.
— Ну, мусіць жа!..
— На каго вы падазраваеце? — мякка, шчыра падступіўся Шабета.
Вочы Грыбчыхі патухлі.
— Не буду Бога гнявіць, не знаю. А калі не бачыла, то і казаць няма чаго. Не схапіўшы за рукі, не злодзей…
— Хтосьці звязан з імі, факт. А хто? — не адступаў Шабета.
— Не буду казаць, не злавіла нікого… — Кінуўшы спасцярожлівы позірк на дзверы, наблізіўшы да Шабеты твар, ціха прамовіла: — Пра Дзятліка Васіля, каторы каля таго канца, кажуць — бы ён прывёў!.. Ён у той вечар сядзеў з Чарнушкавай Ганнай!.. — Яна адразу ж адсунулася і на ўсякі выпадак голасна заявіла: — Не бачыла нічога, не знаю!..
Даючы знак, што сказала ўсё, яна ўзнялася з услончыка, папрасіла:
— Толькі вы пра тое, што я казала… нікому!..
— Добра… — паабяцаў Шабета.
Можа, ніколі не было ў Ганны такой цяжкай, поўнай супярэчлівых пачуццяў размовы, як у гэты дзень з міліцыянерам. Яна не трывожылася за сябе, сумленне ў яе было чыстае, яна ведала, што паклікалі сюды за сведку. За Васіля трывожылася Ганна. І хоць Шабета спачатку і словам не ўспамінаў Васіля, дапытваючыся, якія былі бандыты, іх прыкметы, галасы, паводзіны, яна думала адно: зараз павінен будзе рашацца лёс Васіля. Што яна скажа міліцыянеру?