Выбрать главу

— Значыцца, у той вечар вы сядзелі з Дзятлам Васілём… — паслухаўшы яе, не запытаўся, а як бы паўтарыў Ганніны словы Шабета.

Ганна кіўнула.

— І вы нічога не чакалі, ні пра якіх бандытаў не думалі?.. А яны раптам падышлі і — проста да вас? Так адразу і падышлі! Як ето яны вас так адразу знайшлі?

— Не знаю… Мы там ужэ многа разоў булі…

— Дапусцім, што вас бачылі там не раз. Дапусцім, што на вас накіраваў хто-небудзь, хто хацеў сам застацца ў ценю…

Ганна з палёгкай адгукнулася:

— Я і сама так думала! Хтосьці паказаў, падвёў!.. Чужымі рукамі хацеў за гарачае ўзяцца!..

— Хто ето мог быць?

— Не знаю…

— Загадка… Туман… — задуменна прамовіў міліцыянер. Ён пільна паглядзеў на Ганну. — Е адна здагадка, і вельмі простая. Што Дзяцел Васіль… сам… чакаў іх!

— Ён? Ето дак выдумалі!..

— Ён, можа буць, сам назначыў сустрэчу ім!

Ганна ўскочыла ўражаная, абураная.

— Ён… Яны яго кеб трохі — прыстрэлілі б!.. Кеб яшчэ трохі, канец буў бы яму!.. А вы кажаце!..

— Але ж ён павёў іх?

— Я… не знаю, як і што патом було…

— Вы даўно ведаеце яго?

— Аладкі з зямлі разам ляпілі!.. Хаты ж — рукой падаць!.. — Ганна горача, парывіста дадала: — Няма ў яго нічога з тымі, з нелюдзямі! Я знаю! Паверце!.. Нічога няма!

Яна з непакоем, з надзеяй зірнула на Шабету, чакала, як прысуду, яго слоў. У грудзях яе не гасла спадзяванне — паверыць ёй, паверыць Васілю, бачыць жа, што не маніць яна…

— Ён нязлы… Добры ён…

— Усе добрыя, — недаверліва, непрыхільна прамовіў у адказ Шабета. — З каго толькі бандыты выходзяць…

Ён устаў, сагнутымі пальцамі цвёрда пастукаў па стале, пагрозна закончыў:

— Нічога, я дакапаюся! Выведу на чыстую воду!

Выходзячы ад Шабеты, поўная вялікай трывогі за Васіля, які зноў зрабіўся самым дарагім у свеце, яна раптам на ганку ўбачыла яго самога. Ён сядзеў, нявесела схіліўшы галаву, мусіць, чакаючы сваёй чаргі да міліцыянера. У парыве пяшчоты, спачування, што ў момант залілі ўсю яе, аддаўшыся гэтаму пачуццю, не помнячы нічога, ні аб чым не думаючы, нібы падхопленая хваляй, кінулася да Васіля.

Яна адразу ж абвяла, так няласкава зірнуў насустрач Васіль. Ён хутчэй адвярнуўся насцярожаным тварам і, як чалавек, гатовы на ўсё, рашуча пайшоў у сенцы.

— Са мной так жа само, — прамовіў пасыльны, Руды Андрэй, што курыў каля плота. — Ішоў, сядзеў, та-скаць, усё маўчком… Думае нешто…

— Перажывае…

Ганна ціха сышла з ганка, падалася на вуліцу.

Шабета сустрэў Васіля стоячы за сталом, пільна, хутка аглядваючы. У важкім, як бы непадступным Васілёвым позірку спадылба, з-пад калматых, непаслухмяных пасмаў шорсткіх валасоў, ва ўсёй панурай постаці ў расхрыстанай зрэбнай сарочцы і зрэбных, у рудых плямах твані, штанах Шабета ўлавіў штосьці нядобрае, звераватае.

— Зброя е? — запытаўся Шабета такім тонам, які гаварыў, што жартачкі з ім паганыя.

— Чаго?

— Не дайшло! Зброя — абрэз ці наган — е?

— Няма…

«Твар які, чысто бандыцкі… — мімаволі прайшло ў галаве Шабеты. — Вочы — у такіх нічога не ўбачыш! Як за хмараю… І адно не падобна на другое. Зусім розныя! Як не ў аднаго чалавека. Адно нібы трохі серамяжае, а другое, карае, звераватае, як у воўка…» У яго дзіўна расло недавер'е да гэтага панурага куранёўца.

— А што ў кішэні?

— Асялок…

— Дастань. Пакажы… Стой там!

Шабета пабачыў усяго за сваю службу, усялякіх нечаканасцей, таму стаяў напагатове. Гэта была ўжо прывычка чалавека, які ездзіць адзін і адзін адказвае за ўсё, за ўсе свае ўчынкі ў часам вельмі нечаканых абставінах. Асцярожнасць тут ніколі не лішняя.

У руках у хлопца быў сапраўды звычайны асялок. Шабета загадаў падаць асялок, паклаў яго каля сябе, сеў.

— Нашто прынёс яго?

— Нож вастрыў… Забыўся пакласці…

Шабета знянацку ўдарыў пытаннем:

— Даўно ў лесе буў?

— У якім лесе?

— Не прыдурвайся! У бандзе?

Такая нечаканасць, грубаватасць была яго звычайным прыёмам, калі ён дапытваў падазроных. У такія моманты пільным вачам яго нярэдка многае адкрывалася. Гэты ж куранёвец вокам не міргнуў, толькі яшчэ больш набычыўся.

— Не буў я.

— І не вадзіў іх па начах?

Васіль маўчаў.

— Чаго не адказуваеш?

— Чаго ж… Знаеце ўжэ…

— Знаем. Усё знаем. І я раю не круціць дарэмно. Усё роўна нічога не будзе… Даўно з імі звязан?