Выбрать главу

— З кім?

— Ну, не паказвай дурня! З маслакоўцамі?

— Не знаю я іх…

— Як жа не знаеш, калі — вадзіў?!

— Табе б прыставілі абрэз…

— Ну-ну, ты мяне не бяры рукамі! Я табе не прыяцель, не твайго дзесятка!.. Знаю я такіх. Кажны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча… Бач! — «наставілі абрэз»!

Васіль не пярэчыў. Чаго казаць попусту.

— Многа було іх?

— Пяць, здаецца…

— Здаецца!.. Хто буў, прозвішчы іх!

— Не нашы. Не знаёмыя…

— Скрыць хочаш? Думаеш на мякіне абвесці! Хто?

— Не нашы, кажу…

— Горай толькі сабе робіш! Круціць хочаш?

Васіль не сказаў нічога. Шабета нездаволена пабарабаніў аб стол.

— Пра што яны гаварылі?

— Нічога…

— Загадалі?.. Наставілі абрэз — і ўсё?

Васіль кіўнуў.

Шабета больш не пытаўся. Узяўшы аловак з нагруднай кішэні выгаралай гімнасцёркі, ён падсунуў да сябе кавалачак жоўтай абгортачнай паперы і, паказваючы Васілю, што, як і раней, сочыць за ім, стаў штосьці пісаць. Грамацей ён, відаць, таксама быў невялікі, бо літары паяўляліся цяжка і крывыя, нязграбныя.

— Вот, падпішы пратакол! — падсунуў Шабета паперку Васілю.

Васіль узяў аловак, паслініў графіт, нахіліўся.

— Тут, пад нізам?

— Чаго ж бярэшся падпісваць, не чытаўшы? — строга зірнуў на яго Шабета.

— Усё адно… Усё адно не разбяру…

— Няграматны?

— Амаль што…

— Як пратакол падпісуваць, дак няграматны, а як бандзітаў весці — навукі хапіла… Пратакол — ето следствія, з ізлажэннем маіх пытанняў і тваіх адказаў. Ясно?

— Ясно…

— Тут усё фактычно. Без круцяльні… Пачытаць мне, можа?

— Не трэба.

— Парадак такі… Ну, ладно — падпісувай!

Падпісаўшы, Васіль з палёгкай устаў. Надакучыла яму гэта гаворка, ды і спяшаўся ён дакончыць перарваную справу, таму і задаволен быў, што, падпісаўшы, нарэшце адбыў усё.

— Куды? — спыніў яго Шабета. Ён таксама ўстаў.

Васіль не адразу зразумеў значэнне Шабетавага пытання, адказаў спакойна:

— Дадому.

— Пачакай.

Тон яго здзівіў Васіля, гэта быў ужо загад. Шабета заступіў яму дарогу, згінам пальцаў цвёрда пастукаў па аконнай раме. На гэты яго стук з двара неўзабаве павольна ўвайшоў Андрэй Руды.

— Давай зараз да яго, — Шабета кіўнуў Андрэю Рудому на Васіля, — і скажы… Хто там у яго дома?

— Дзед е, та-скаць, Дзяніс. Матка…

— Скажы матцы яго, штоб прынесла адзецца… — Шабета зірнуў на босыя, з попельнымі плямамі падсохлай гразі Васілёвы ногі. — Абутак які-небудзь. І харчоў торбу.

— Харчоў? — адгукнуўся Андрэй Руды і падтуліў губы: вунь яно што! Ён нейкім дзіўным позіркам агледзеў Васіля.

— Харчоў. І кеб хутко!

— Як умею… Эх, — Руды нявесела пачухаў патыліцу.

Калі ён выйшаў, Шабета, не адыходзячы ад дзвярэй, загадаў хлопцу сесці. Васіль не паслухаўся, спадылба з ваўкаватай насцярожанасцю зірнуў на Шабету. У вачах яго яшчэ было сумненне — а можа, гэта ўсяго выдумка?

— Ну, чаго ўпяўся? — нядобра прамовіў Шабета. — Бегці, можа, думаеш?!

— Не… — Васіль раптам спалохана, неяк па-дзіцячы запытаў: — Куды ето мяне?

— У Юравічы пойдзеш.

— У… у цюрму?

— Пад стражу.

— А… — Васіль адразу патух, сеў.

Шабета пільна зірнуў на яго, як бы вывучаючы. Але з таго, як Васіль трымаў сябе цяпер, цяжка было вывесці што-небудзь пэўнае, такая скрытная была ў гэты момант душа яго. Ні баязні, ні шкадавання, ні якой-небудзь надзеі ці просьбы аб літасці — нічога не адбівалася на яго, здавалася, безуважным, холадна застылым твары.

«Як скамянеў, — падумаў Шабета. — Вокам не міргне… Ну і тып, мабуць…»

— Уцякаць не спробуй, калі жыць не надакучыло, — на ўсякі выпадак прыгразіўся ён. — Ад мяне яшчэ ніхто не вылузваўся. Не было такіх здарэнняў!..

Васіль не адказаў. З той хвіліны, калі ён даведаўся, што дадому ўжо не вярнуцца, калі развеяліся такія ўпартыя надзеі, што шчасліва ўсё кончыцца, у душы яго, сапраўды, нібы ўсё звяла і скамянела. У гэты цяжкі ў яго жыцці момант, калі яму трэба было б, здавалася, бедаваць аб няшчасці, аб ганьбе, якія так бязлітасна блыталі яго надзеі, ён, дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць.

Свет быў для яго цяпер напоўнен толькі чужымі, абыякавымі людзьмі, і ён сярод іх жыў адзінокі, такі ж абыякавы, як і яны, і яму не шкада было нікога з іх, і ніхто з іх не хваляваў яго. Нават тое, што недзе там дома маці, напэўна, у слязах, ніяк не абыходзіла яму. Нішто не выбівала Васіля з цяперашняй жорсткай безуважнасці.