Маці ўбегла задыханая, перапалоханая. Васіль пазнаў яе крокі яшчэ калі яна была ў сенцах, але не варухнуўся, хмурна, унураны ў сябе сядзеў і тады, калі матка, выпусціўшы з рук мяшок і лапці, з жаллівымі прыгаворкамі, з лямантам кінулася да яго, прагна, трывожна прытуліла:
— Васілёчак, каласочак, сынку мой… Куды ж цябе, за што ж цябе, за якія грахі, дзяціначку маю…
Васіль холадна, з ранейшым безуважным выглядам адвёў маці ад сябе.
— За што яго бяром, табе б, маці, лепей ведаць, — цвёрда адгукнуўся Шабета. Ён дзелавіта запытаў: — Усё прынеслі?
— Усё, што загадано, — адказаў Руды, які са світай цераз руку сумна стаяў каля дзвярэй.
— Усё, — кіўнула і маці, стрымліваючы галашэнне.
— Дайце яму.
Яна падняла з падлогі лапці і мяшок. Калі Васіль стаў накручваць парыжэлыя анучы, замотваць аборы, ціха назірала і толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Калі ён абуўся, пачала гаварыць, што паклала яму ў торбу: булку хлеба, гуркоў, — але Васіль, не даслухаўшы, пайшоў да Андрэя Рудога, узяў світу.
— Можна було б тую, у якой рабіў, — прамовіў Васіль, надзяваючы світу напашкі. — Не ў сваты, кеб у новай…
Гэта было ўсё, што ён сказаў тут.
— Тая ж — як сіто, сыночак. Уся ў дзірках…
Васіль кінуў позірк на міліцыянера, чакаючы каманды. Калі ж Шабета, перакінуўшы сумку цераз плячо, даў загад выходзіць і Васіль спакойна рушыў, маці зноў прыпала да сына, поўная гора, адчаю, забедавала:
— А мой жа ты дубочак, месячык ты мой залаценькі!.. А як жа ты адзін!..
«Ну, от, няможно ёй без етаго!» — нездаволена нахмурыўся Васіль. Маці заўважыла, як бы прачытала гэты яго папрок і крыху прыціхла.
— Раней трэба було плакаць, — адгукнуўся Шабета ўжо на двары. — Як гадавала. Вучыць трэба було, каб жыў чэсно…
Шабета, не выпускаючы з-пад свае ўвагі Васіля, адвязаў ад дручковага плота гнядога коніка, аж да сядла абляпанага гразёю.
— Ну, давай, ідзі! — загадаў Шабета.
Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Адчуваючы, як усярэдзіне нешта чула, квола затрымцела, сказаў ёй:
— Мамо, астаньцеся тут!
Яна, душачыся слязьмі, кіўнула.
Ідучы вуліцаю, Васіль бачыў: людзі стаялі каля варот, ліплі да вокан. Ішоў ён зноў абыякавы да ўсяго, з нерухомым, застылым тварам, нікога нібы не пазнаючы, не даючы нікому ўвагі. На вуліцы было гразка, ногі глыбока ўлазілі ў гушчу. Трэба было брацца бліжэй да плота, сцежачкаю, але ён не бярогся, ступаў напрасткі.
Праходзячы паўз свой дом, заўважыў дзеда Дзяніса без світы, без шапкі, Валодзьку, які глядзеў цікаўна, весела нават, але не падаў знаку. Усё было як у тумане, як выдумка, у якую самому яшчэ быццам не верылася. Несапраўдным быццам было ўсё: і гэта вуліца, і гразь, і ён, арыштант, і Шабета, які следам цярпліва цягнецца, ведучы на повадзе каня, і нават дзед…
Толькі адно жыло, хвалявала Васіля — Ганна. Як ні быў прыгнечаны, абыякавы, здавалася, да ўсяго, яшчэ здалёк заўважыў неспакойную яе постаць. Трымаючыся за слупок адчыненых веснічак, Ганна глядзела на Васіля, нецярпліва чакала. І дзіўнае сталася з Васілём — хоць і сам чакаў яе, нібы назло сабе, прагнуў апошні раз, на развітанне, зірнуць, адчуў, як падступіла да грудзей гаркота, насцярожаная непрыхільнасць. «Стаіць, выйшла паглядзець — знайшла дзіво!.. Мало, што другія глядзяць!» Успомнілася яе непрыязнае: «Адыдзі!» — і бровы нядобра, самалюбна ссунуліся, вочы адарваліся ад яе, утаропіліся ў халодную гразь, што паўзла пад ногі. Так і падыходзіў, не зірнуўшы больш на яе, поўнячыся ўпартай, помслівай непрыхільнасцю.
— Васіль!.. — адарвалася Ганна ад веснічак насустрач.
Ён толькі на момант прыпыніўся, зірнуў на яе і адразу ж схамянуўся, важка пацёгся далей.
— Васіль… не вінавата я!..
Васіль не азірнуўся, не адказаў, быццам не чуў. Ганна прайшла трохі ўслед, адстала. Моўчкі, час ад часу асклізваючыся, мясіў гразь ён, цёгся за сяло, дзе была гіблая дарога цераз балота, невядомасць.
Раздзел чацверты
1
Адразу пасля таго як Васіль прайшоў, Ганна падалася ў двор. Ёй, чужой дзяўчыне, нядобра было не тое што ісці за хлопцам, але і глядзець доўга ўслед яму, у Куранях лічылася гэта за вялікі грэх для дзяўчыны. Амаль палавіна вёскі была на вуліцы, сачыла за Васілём і, значыцца, за Ганнаю, і Ганне трэба было асабліва трымацца няпісанага, але неадменнага закону.
Яна ўжо і так парушыла гэты закон, сама падышоўшы да Васіля, парушыла на столькіх людскіх вачах, цяпер трэба было як бы павініцца перад людзьмі, паказаць, што яна не абы-хто, што яна шануе сваю славу, людзей і людскія звычаі. І яна ішла дахаты, з выгляду спакойная, паважная, ішла так, як і належала ёй ісці. Ні разу не азірнулася, нават не паглядзела, куды яго павялі. І трэба сказаць, Ганне цяпер і не хацелася ні ісці за Васілём, ні глядзець услед. Ён так абышоўся з ёю, так адказаў на яе шчырасць — зняважыў перад усёй вёскай. Ідучы дваром, яна першы час несла ў сабе толькі крыўду.