Мачыха была ў хаце, замешвала парасятам, і Ганна падумала: добра, што яна хоць на вуліцы не стаяла, не бачыла. Мачыха сцерла з паружавелых рук наліплыя бульбяныя камы, выпрасталася, кінула Ганне як загад:
— Занясі от…
Але калі Ганна ўзяла цэбар, не ўтрывала, неспадзеўкі папракнула:
— І не сорам!.. Віснуць на хлопцы, пры людзях!
«Бачыла ўсё-ткі. У акно ўгледзела!.. Кеб яна ды прапусціла што!..»
— Хто — вісне? Скажаце!..
— Бачыла!.. І ён, ён — добры! Адвярнуўся, гаварыць не стаў!.. Пан які ганарысты!..
Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач.
Накарміўшы парасят, стала ў роздуме каля хлява, не ведала, куды ісці. Вяртацца ў хату не хацелася, ведала, што там зноў чакаюць мачышыны папрокі. Зірнула ў бок гумна: бацька быў ці ў гумне, ці недзе поблізу, бо вароты былі адчынены.
Убачыла бацьку на таку — горбіўся наўколенцах у зрэбнай запатнелай сарочцы, з асцюкамі ў радкаватых, пабітых ніткамі сівізны валасах, шырока, мерна размахваючы лапаткай, веяў жыта. Мякіна і пустое калоссе зляталі на дол амаль каля яго кален, зерне ж ляцела вясёлым і пругкім залацістым струменем, з шорхатам асыпалася на даўгаватую, раскідзістую горку. Бацька быў стомлены, зірнуў на Ганну моўчкі, абыякава, ні на момант не прыпыніўся — чэрпаў і чэрпаў лапаткай, мерна кідаў ёю на горку пасярэдзіне тока.
Нічога не пытаючыся, Ганна ўзялася памагаць яму — адграбла к застаронку мякіну, акуратна прыбрала акалот, падмяла, дзе можна было, ток. У клопаце гэтым, у халаднаватай цішыні гумна, угары якога толькі раз-пораз цвіркалі вераб'і, яна на нейкі час забыла пра сваю крыўду і скруху. Бацька, добры, ціхі бацька, ён таксама, здаецца, супакойваў яе сваёй стомленай, як бы непадуладнай ніякаму смутку постаццю. У гэтыя хвіліны супакаення Ганне падумалася, што і яе крыўда, і нават Васілёва бяда — не такія ўжо страшныя, як ёй здалося. Васіля, вядома, не забяруць. «Давядуць да Алешнікаў, так, абы пастрашыць, штоб іншым була навука, ды і пусцяць… Ну, можа, прыгрозяць, кеб другі раз не вадзіў, мо возьмуць слова, што ніколі з бандзюкамі знацца не будзе… Разбяруцца, што не вінаваты ён сам па сабе. Пусцяць!..» А тады — няхай толькі вернецца, яна яму пакажа! Ой, як пакажа, як папомніць зло — прыйдзецца яму папахадзіць за ёй, папамаліць, каб забыла ды даравала крыўду. Не даруе яна знявагі так проста, век напамінаць будзе, аж закаецца ён…
Непрыкметна ў гумно ўпаўзлі поцемкі, але бацька не ўставаў з тока, хацеў, мусіць, давеяць усё. Толькі крыху не давеяў, поцемкі хутка пагусцелі, і ён паслухаў Ганну, паклаў лапатку, неахвотна падняўся.
— Мало ж і не ўправіўся, грэц яму… Жменя якая… — прамовіў ён са шкадаваннем.
— Заўтра кончыце… Не ўцячэ яно… — супакоіла Ганна.
— Не ўцячэ. Але неяк шкода кідаць, не кончыўшы…
Ён адчыніў шырэй вароты, каб у гумне пасвятлела, і дастаў мяшок. У змроку яны ссыпалі, што было павеяна. Бацька хацеў яшчэ наўздагад падмесці ток, калі прыбег Хведзька і аб'явіў:
— Трэба есці зараз! Мамо кажа, картопля прастыне!
— Зараз ідзем!
Бацька стаў моўчкі збірацца — узяў з застаронка шапку, світу, выйшаў на прыгуменне, зарыпеў варотамі.
Вячэраючы, Ганна спасцярожліва паглядвала на мачыху, чакала, што тая вось-вось зноў пачне гаворку пра Васіля. І праўда, мачыха нядоўга маўчала — як бы між іншым, паведаміла:
— Васіля Дзятліка забралі…
Бацька толькі скоса зірнуў на Ганну. І не сказаў нічога.
— Шабета павёў. У Алешнікі… — паспрабавала зноў завязаць гаворку мачыха, але і на гэты раз Чарнушка прамаўчаў, і яна змоўкла.
Ганне на момант стала лягчэй. Усё ж яна не была ўпэўнена, што мачыха зноў не вернецца да горкай падзеі, — сядзець за сталом Ганне было неспакойна. Хутчэй павячэраўшы, яна, хапаючыся, перахрысцілася на абразы, устала, не пераадзяваючыся, падалася да дзвярэй.
— Ты куды? — перапыніла яе мачыха.
— Нікуды. На вуліцу, пагляджу…
— Не прыйшоў ён.
— А я — не да яго.
Бразнула клямкаю, выскачыла на двор і, чуйная, пільная, з такім адчуваннем, быццам за ёй сочаць, пайшла на вуліцу. Знарок старалася не глядзець у той бок, дзе іх плот, дзе ўчора стаялі, гнала ад сябе неадступную думку: а можа, ён там, можа, прыйшоў? У ёй невядома чаму жыла, не адступалася ўпартая ўпэўненасць: ён — там, ён прыйшоў, выглядае. Яна мімаволі чакала яго воклічу і думала, рыхтавала яму адплату за крыўдную знявагу перад людзьмі.