Як ні прымушала сябе не азірацца на плот — не ўтрывала, глянула. Там нікога не было!
Яна, аднак, прагнала трывогу: гэта яшчэ нічога не значыць. Васіль мог проста не ўправіцца прыйсці. Ён і ў іншыя дні, бывала, пазніўся, а тут жа такая прыгода — конь не кормлены, гаспадарка не дагледжана. Калі выйшла на вуліцу, падумала: «К Хадосьцы пайду», — падумала, хочучы пабачыць не Хадоську, а Васілёў двор, Васілёву хату, Васіля. Ёй здавалася, што пабачыць Васіля ёй хочацца не таму, што сумуе, трывожыцца па ім, а проста каб пераканацца, што ён дома.
На Васілёвым двары было ціха, пуста, сумна. Сумнай выглядала і хата, што маўкліва чарнела ў змроку, — ні гаворкі ў ёй, ні святла ў вокнах. Хоць не бачыла, што там у хаце, яна здалася нежылою, нібы ні душы ў ёй.
Ганна ўспомніла Валодзьку: вось хто мог бы памагчы. Пабачыць бы зараз яго, даведацца пра Васіля. Звычайна, калі не трэба, Валодзька многа разоў на дзень трапляўся на вочы, цэлымі днямі ў іх, Чарнушкаў, у хаце або на двары з Хведзькам гуляў. Цяпер жа — нібы знарок — не відаць, не чуваць яго. Можа, хіба Хведзьку пайсці папрасіць, каб паклікаў? Яна ўжо намерылася вярнуцца дамоў, пабачыць Хведзьку, але адразу ж адагнала гэту думку: зноў трэба будзе бачыцца з мачыхаю. Да таго ж мачыха наўрад ці дазволіць Хведзьку ў такі час пайсці куды-небудзь. А калі і дазволіць, то, не інакш, будзе дапытвацца, дазнаецца ад Хведзькі, аб чым яна просіць. Гэтага Ганна баялася больш за ўсё. Усё, што было ў Ганны з Васілём, іх начныя гамонкі каля плота, думкі-мары і думкі-трывогі — усё сарамліва, насцярожана берагла яна ў сабе як дарагую, чыстую таямніцу. Гэтую таямніцу не павінен быў ведаць ніхто, тым больш мачыха. Тое, што адбылося ўдзень, калі яна знянацку выказала таямніцу ўсяму сялу, яшчэ больш насцярожвала яе.
Успамін пра апошні, злы Васілёў позірк зноў затушыў агеньчык у сэрцы, вярнуў ёй горыч неперажытай крыўды. З крыўдай гэтай і з важкай, поўнай нядобрага прадчування трывогай яна пайшла да Хадоські.
У Хадосьчынай хаце на шыбе варушыліся глянцавітыя водсветы ад агню, што палаў у печы. Ганна прытулілася тварам да шыбы, стараючыся ўбачыць сяброўку, гукнула:
— Хадоська!
На голас яе ад печы насунуўся цень, пачуўся матчын адказ:
— Няма яе… Хто ето? Ганна?
— Аге, я… А дзе яна?
— Хто ж бо яе знае! Гуляць кудысь падалася…
Ісці шукаць Хадосю ў вясёлых дзявочых гуртах, што там і тут гаманілі, смяяліся на прызбах, на калодах каля платоў, Ганне не хацелася — апошнімі днямі яны з Васілём мала былі на зборах дзяўчат і хлопцаў, і яе прыходу, напэўна, вельмі здзівяцца. Пачнуць, мабыць, шаптацца між сабой, гаварыць пра Васіля. Калі ж ён не вярнуўся, злыя языкі без літасці асудзяць: не ўправіліся хлопца звесці з сяла, як яна ўжо ў гурт з'явілася!
Ат, няхай гавораць што хочуць, чалавеку рота не залепіш, калі язык свярбіць. Толькі ж — хіба ёй абавязкова слухаць усіх, мала што каму прыйдзе на язык! Ці ж ёй так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Адной быць з трывогай аб ім і крыўдай-ганьбай, якую ні забыць, ні задушыць? Што ж, калі праўду казаць, то і ідзе яна не да хлопца якога, каторыя ёй цяпер проста ненавісныя, а да сяброўкі сваёй. Адразу, як знойдзе Хадоську, яна пакліча яе з сабою, і абедзве пойдуць з гурту — тут можна будзе і даведацца аб усім, што непакоіць…
Хлопцы і дзяўчаты гаманілі ў цемры зусім недалёка на бярвеннях, складзеных перад Грыбковай хатай. Ганна сказала «добры вечар» знарок абыякава і, як бы загадзя папярэджваючы непатрэбную гамонку, з такім выглядам, нібы зайшла не так сабе, нібы спяшаецца, заклапочана запыталася:
— Хадоські тут няма?
У Куранях было некалькі дзяўчат Хадось, але Хадоськай звалі адну. Яе быццам выдзялялі з усіх гэтым лагодным, ласкавым імем.
Хадоська замест адказу радасна пазвала:
— Ой, Гануля! Хадзі сюды!
— Хадзі ты! Штось скажу табе!..
— Дак ты тут, ціхо! Хадзі!
Хтосьці з дзяўчат крыкнуў добразычліва:
— Пасядзі! Не грэбуй кампаніяй!..
— От, сказала: ці ж я калі грэбувала!..
— Ну дак пасядзі ў гурце!..
— Часу няма… — няцвёрда прамовіла Ганна. — Матка чакае…
Гарэзны хлапечы голас засмяяўся:
— Усіх нас маткі чакаюць!
Дзяўчаты зарагаталі. Пад гэты добры рогат Ганна падышла да Хадоські, села побач.