Яўхім сам узяў яе далонь, паціснуў. Здзіўленая ўсім сяброўскім ладам яго гаворкі, нечаканай добрай шчырасцю, яна цяпер не вырвала руку.
Калі дайшлі да Ганніных варот, Яўхім папрасіў яе пастаяць трохі, але Ганна ў адказ адступіла ад яго, узяла руку. Яе здзівіла, што і тут ён не стаў дабівацца свайго, сказаў «спакойнай ночы» і, ціха пасвістваючы, пайшоў у змрок гразкай вуліцы.
Ступаючы па двары, Ганна хвіліну думала пра яго, думала здзіўлена, як пра загадку. У той жа час калі ў галаве варушыліся гэтыя думкі, вочы яе выбралі з цемры абрысы плота, калоў. Там было пуста, сумна, як каля свежай магілы. Грудзі яе апаліў боль: «Васіль, Васіль…»
3
Вечарам, памыўшыся над цэбрам, выціраючыся, бацька сказаў мачысе:
— Буў Яўхім Карчоў… Малаціць сабіраюцца… Казаў, кеб за просо адрабілі…
— Ужэ ж адрабілі. На касавіцу, — адгукнулася мачыха.
— Тры дні адрабілі. А два шчэ засталося…
Бацька пагладзіў парэпанай рукой рэдкія, ад сівізны ўжо зямлістыя валасы, зморана згорбіўшыся, сеў на лаўку. Мачыха, выцягваючы з печы чыгун, не ўтрывала:
— От, Корч стары! Ето ж — пяць дзён за жменю!
— Жменя не жменя! — Бацька разважліва зазначыў: — Не хацела, дак не брала б! Ён не набіваўся!
— Не набіваўся! Кеб жа не трэба було!
— От то-та ж!
— Дак жа гараваць за жменю колькі!
— Думаеш, другі дзешавей даў бы! Аге, вазьмі!
Бацька ўзяў скібу хлеба, стаў нецярпліва жаваць: прагаладаўся вельмі. Але мачысе ўжо не так лёгка было забыцца пра Карча. Думала яна марудна і была заядлая, упартая, так што, калі што ўбівалася ў галаву яе, выходзіла адтуль не хутка. Вось і цяпер, наліваючы боршч з чыгуна ў вялікую гліняную міску, як бы падумала ўголас пра старога Глушака:
— Не памалаціў шчэ свайго. Малатарню маючы!..
— Сваё нікуды не дзенецца. Зарабіць хацеў. У Алешніках траім памалаціў…
— Крываротаму, кажуць, дзень стараўся! — успомніла Ганна, кладучы на прыпек наколаную лучыну. Агонь, што ледзь асвятляў хату чырвоным, мігатлівым святлом, гатоў быў вось-вось згаснуць, і яна падлажыла ў яго смалісты сук.
— Якому Крываротаму? — зацікавіўся, нібы не паверыў бацька.
— Таму, што ў сельсавеце за старшыню…
— Ну, на етым не вельмі пажывіцца!
— Не пажывіцца? — едка адгукнулася мачыха. — Аге! Стаў бы ён задарам старацца!
— Чаму ты думаеш, што задарам! Табе хто казаў, што задарам? — бацька паглядзеў на Ганну, як бы чакаў, што яна пацвердзіць яго словы.
— А хоць бы ніхто й не казаў, што задарам — мачыха кінула ўпарты позірк, — я ўсё адно знаю, што не ўзяў ён грошай, Корч! Не ўзяў, хай мне хоць руку адсякуць!.. — Яна паставіла на чорны, без абруса, вышчарблены ад старасці драўляны стол міску, адну на ўсіх, села побач з бацькам.
Бацька ўзяў шчарбатую драўляную лыжку, такую ж чорную, як і стол, прамовіў прымірэнча:
— Не ўзяў, не ўзяў… Ахвота табе пляскаць, грэц яго…
— Бо знаю, што не ўзяў! От пабачыш!.. Тут свая выгада! Начальство!.. Я — табе, ты — мне. Я табе памалачу, а ты мне аддзячыш сваёй ласкай. Падатак там збавіш ці шчэ што…
— Я — табе, ты — мне! Цяпер ето не так просто у сельсавеце… не пры цары…
— Калі пры цары було яно, то цяпер і казаць няма чаго!
— Хітры, тхор! — сказала Ганна, адчуваючы, што мачыха, напэўна, не памыляецца ў здагадках пра старога Глушака.
— Аге! — адразу адгукнулася мачыха і, як звычайна, не ўтрывала, каб разам не ўпікнуць і свайго чалавека. — Еты свайго не ўпусціць.
За тым, што яна сказала, яшчэ як бы чулася: «Не тое што ты».
Бацька прамаўчаў на гэты яўны ўпік, і гаворка абарвалася. Цяпер было чуваць толькі дружнае, працавітае сёрбанне, трэск і шыпенне смаляка, ад якога ў хату ішоў пах дыму і смалы, што перамешваўся з пахам грыбнога баршчу. Святло ад прыпечка не магло тут ніяк саўладаць з чырванаватым прыцемкам, які то крыху слабеў, адступаў, то зноў насоўваўся так, што трэба было напружваць вочы, каб бачыць, што бярэш у місцы, што ў лыжцы нясеш. Можа, таму такія сур'ёзныя, заклапочаныя былі твары ва ўсіх чатырох Чарнушкаў, нават у Хведзькі, які, седзячы між бацькам і Ганнай, ледзь даставаў лыжкай да міскі. Разам з заклапочанасцю на тварах была відна ўтома, нейкая пакорлівасць абавязку — як бы вячэра была не радасцю, не ўзнагародай, а таксама абавязкам, працай. З усіх толькі Хведзька сядзеў неспакойна, еў хапаючыся, усё выцягваў шыю, стараўся зазірнуць, што там у місцы, ці няможна падчапіць грыбка, — але, навучаны немалым вопытам, тут жа спасцярожліва паглядваў на маці і пад яе строгім позіркам прыціхаў.
Ад цьмянага, сумнага святла ўсё ў хаце здавалася сумным, суровым, нават святыя з абразоў у кутку глядзелі з-пад ручнікоў так, быццам гразіліся за смех страшным судом…