— Што ты ўсё бурчыш, стары лапаць? Як, скажы ты, іголкі збірае.
— Іголкі не іголкі, а і на лапаць — нібыто — святла трэба…
Ён корпаўся з выслізганым вастрадзюбым подплеткам і лазоваю дзяжкаю — плёў лапаць.
Дзеці, дзве Хадосьчыны сястрычкі і брат, сядзелі на печы, то гаманілі аб нечым, то спрачаліся, але як толькі ў спрэчку ўмешваўся знізу грозны бацькаў голас, адразу ўціхалі…
Можна сказаць, Ганна адна тут была без справы, і яна шкадавала, што не ўзяла нітак: магла б таксама не марнаваць часу, павязаць. Ганна і Хадоська гаварылі мала, навін ні важных, ні дробных не было, гаварыць тут пра сардэчныя клопаты, пра Васіля нельга было, і яны найбольш маўчалі. Ганна то сачыла за тым, як Хадоська вяжа, як цётка Аўдоцця прадзе, то спрабавала пражу, хваліла, то глядзела на іх саміх, параўноўвала. Яны былі вельмі падобныя адна на адну, «канапляначка» і матка. Абедзве нізкарослыя, з кароткімі спрытнымі рукамі, абедзве як бы гладкія, мяккія. «Як булкі», — успомнілася раптам, што сказаў Хадосьцы Яўхім. У абедзвюх на тварах, таксама мяккіх, светлабровых, быў адзін добры, лагодны выраз, толькі ў Хадоські быў ён больш ясны, чысцейшы. І давер'я больш было ў яе вачах, і каса была гусцейшая, цудоўная, русявая, з водбліскам золата каса, што ляжала на плячы… І нейкая радасць, патаемная, шырокая, якую ёй цяжка трымаць. Што за радасць?..
— Ой, Гануля, кеб ты знала!.. — схілілася раптам да Ганнінага вуха Хадоська, ціха-ціха прашаптала: — Я заўтра іду к яму!.. Малаціць!..
Ганна прытулілася да сяброўкі, але не вясёлая, а здзіўленая.
— Я ж — таксамо!.. Адрабіць доўг трэба!
— Ну, і нам — доўг. Але ето ўсё адно! Ён хацеў, штоб прыйшла я!.. Так і сказаў!..
— От і добра! Будзем удзвюх! — спакойна адказала Ганна.
— Што ето вы там шэпчацеся? — лагодна, без крыўды папракнула цётка Аўдоцця. — Ой, чую, пра кавалераў! Не інакш, пра кавалераў: то-та унь мая такая вясёлая, вочы — як тыя вугалькі…
— Скажаце вы, мамо!
— А што ж, дзеўка нібыто ў саку, — азваўся бацька. — Толькі от жаніхоў нешто няма.
— Будуць! Дай выраўняцца! Яблуко ж яшчэ горкае, зялёнае. Вырасце — адбою не будзе, чую!
— Скажаце! — Хадоська пяшчотна тузанула маці за руку, загадала маўчаць…
Вярталася Ганна дамоў тою ж слізкаю дарожкай цераз мокрыя агароды і платы, пад тым жа бясконцым дажджом. У чарнаце ночы думала пра Хадосьчыну радасць, пра заляцанні да абедзвюх. «Глядзі ты, Корч які спрытны: адразу ў дзвюх меціць!..» — мімаволі падумалася ёй, але думку гэтую тут жа змяніла развага: з чаго яна ўзяла, што Корч меціць і ў яе? Паплёўся адзін раз услед — паглядзець, не інакш, хацеў, якая яна бліжэй, ці такая, за якую ўдае сябе. Падступіцца паспрабаваў, як бы па-добраму, каб пасмяяцца потым, а яна, недарэка, паверыла, што ён напраўду ўсё кажа. Разгубілася, як малая, руку вырваць з яго рукі забыла, язык прыкусіла! А ён, можа, вярнуўся ды смяяцца стаў з яе, даверлівай дурніцы. І заўтра смяяцца будзе!..
І ўсё ж, не зважаючы на гэтыя думкі, яна глядзела цяпер на працу сваю ў Карчоў без асаблівай трывогі. Што ёй з таго, што здарылася ў той вечар, хіба ж яна не можа трымацца з Карчом так, як бы ў іх ніякай гаворкі і не было! Нібы яна яго не ведае і ведаць не хоча! А калі трэба будзе, калі ён абсмяяць захоча, хіба яна не знойдзе, што сказаць! Не паглядзіць, што Карчоў сынок!
Да таго ж яна будзе не адна, а з Хадоськай — гэта ўжо само па сабе мяняе многае. «Дзівачка, як яна радуецца, што будзе рабіць у свайго Яўхіма, — як бы не на працу, а на свята збіраецца!» — падумала Ганна, пералазячы цераз мокры, халодны плот, за якім быў ужо родны двор.
Дома ўсе даўно спалі, на яе прыход ніхто не азваўся. Яна вобмацкам, асцярожліва выставіўшы ўперад рукі, дайшла на цыпках да свайго ложка ў куце каля акна, дзе чутно было бесклапотнае сапенне Хведзькі, хутка скінула кофту, спадніцу і нырнула пад коўдру…
На другі дзень Хадоська забегла да Ганны, як было яшчэ цёмна. Ганна, якая акурат уставала з-за стала, хутка надзела старую даматканую паддзёўку, і праз момант яны ўжо ішлі па двары. Вакол было даволі відно, у халаднаватай шэрані добра акрэсліваліся дрэвы наводдаль, хлявы, гумны. Дажджу ўжо не было, толькі мутныя кроплі на жэрдках, на скручаным лісці напаміналі аб ім.
У каляінах на загуменні, якім яны ішлі, усюды холадна бялела вада, там і тут разліваліся лужыны. Вада ў ранішняй шэрані здавалася густой і важкай, як волава.
Вялікае, толькі летась пабудаванае гумно, строгая, роўная страха якога яшчэ нідзе не зелянела мохам, а сцены толькі пачалі цямнець, было адчынена. Дзяўчатам абедзвюм падумалася, што Корч, напэўна, іх даўно чакае, і яны мімаволі заспяшаліся. У той час калі яны падышлі да гумна, адтуль якраз паявіўся Халімон Глушак, маленькі, сухенькі, такі дробны ў параўнанні са сваёй шырокай, самай вялікай у Куранях будынінай.