Ён кінуў на дзяўчат востры позірк тхарыных вачэй, адказаў на прывітанне і дробнай, па-старэчы асцярожнай хадой, цягнучы ногі, падаўся к прываду. «Пляцецца, як бы ледзьве кеўляе, — падумала Ганна, пазіраючы ўслед яму. — Дзьмухне вецер — і, здаецца, паляціць, як пясчынка тая, рассыплецца, бы трухля…» Яна глядзела ўслед, хоць не першы раз бачыла, дзівілася: ведала, што, пэўна, ветру такога ў свеце няма, які б мог не тое што сарваць з зямлі яго, хоць бы з ног збіць!..
У Карча ў руцэ была маслёнка. Ён нахіліўся з ёй над прывадам, там, дзе быў кулачок каля прывадной шасцярні, уткнуўся носам амаль упрытык, агледзеў, падліў масла, нахіліўся над шасцярнёй. Рабіў ён усё не хапаючыся, паважна, нават урачыста, з нейкім набожным выглядам, з якім, мабыць, і ў царкве на малітве стаяў.
Калі Халімон, наўколенцах, згорбіўшыся, штосьці разглядаў у шасцярні, падышоў яго сын Сцяпан, папрасіў:
— Тато, дайце я абгледжу!..
Стары нават не паварухнуўся, не сказаў слова. Такая звычка была: нічога важнага нікому не давяраў, сынам нават, рабіў сам. Тут жа было не што якое, не драбяза, тут было яго багацце, яго гонар — конная малатарня. Ганна чула, што з усяго свайго набытку Халімон найбольш даражыў новым гумном і купленаю ў Мазыры малатарняю. Але гумно ўсё ж было гумно, і ў другіх ёсць гумны, няхай горшыя, а малатарня — рэч, якая тут у аднаго яго на ўсю акругу. Ні ў каго тут, прайдзі сёлы на дзесяткі вёрст між гэтых балот і хмызнякоў, не знойдзеш яшчэ такога. Такое калісьці не ў кожнага і памешчыка вадзілася, а гэта ж трапіла ў гумно к яму…
Сцяпан хвіліну для прыліку пастаяў пры бацьку, паглядзеў на яго працу, падышоў да дзяўчат.
— Усё яму самому хочацца… — сказаў ён ветліва, абы не маўчаць. — Бы я горай зрабіў бы.
Сцяпан выглядаў бледным, хваравітым. «З навукі, пэўне», — падумала Ганна. Ён, было відаць, хацеў трымацца з імі, як дарослы кавалер. Не толькі Хадосьцы, а і Ганне гэта падабалася. «Не грэбуе, значыцца…» Як-ніяк ён быў у сяле самы вучоны, можна лічыць, гарадскі чалавек.
— Надоўга да нас? — запытала Ганна, адказваючы далікатнасцю на далікатнасць.
— Дак от бацько сказаў — пакуль не ўправімся…
— Яно, канешне, не да вучэння, калі дома няўпраўка…
— Канешне, — падтрымала гаворку і Хадоська, якая ўвесь час паглядвала то на вароты ў гумно, то на двор.
— Ты, казалі, у Ёселя жывеш, каторы булкамі таргуе?
— У Ёселя. З Аронам яго ўдваіх. Там закутак е такі, што як паставілі ложкі, дак і размінуцца няма як…
— А які ён да цябе, Ёсель? Не крыўдзіць?
— Не-а. Бацько ж плоціць за мяне. Ён, Ёсель, — засмяяўся Сцяпан, — добры да ўсіх, хто дае зарабіць… Надысь мех пшаніцы завезлі…
— А не нудно там, на чужыне? Аднаму, без маткі?
— Цяпер не-а. А спачатку, калі меншы буў, і без прывычкі, нудзіўся. Проста суботы дачакацца не мог, кеб дадому бегці… А цяпер прывык…
Ганна зірнула на яго хваравіта-бледны твар, прамовіла спачувальна:
— Трудно, мабуць, вучыцца? Сухота адна.
— Не-а. Мне не трудно. Мне лёгко даецца. Асабліва — пісьмо. Па пісьму я самы першы ў класе… Толькі арыхмеціка падводзіць…
— Якая карых… меціка? — адарвала позірк ад двара Хадоська.
— Ну, задачы. Складанне, дзяленне.
Паўз іх назад у гумно прашаргаў ботамі стары з маслёнкай, хутка, але востра, пільна зірнуў на сына, і ўсе прымоўклі.
— Значыцца, жыць там — непагано?
— Не-а. Можно жыць. Толькі адно, што коса глядзяць каторыя…
— Чаму?
— З багацеяў. — Ён пачырванеў, дадаў жорстка: — Кулацкі сынок!
Хадоська спачувальна ўздыхнула, але сказаць нічога суцяшальнага не паспела, бо ўбачыла, што на дарозе ад хлявоў паявіўся Яўхім, а за ім рабаваты хлопец Іван, які парабкаваў у Глушакоў, — вялі коней. Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь….
— А што мне, трэба яно, етае багацце? — усхвалявана, з нечаканай крыўдай прамовіў Сцяпан. — Што, я яго нажываў? Ды па мне што яно е, што яго няма…
— Скажаце бо!
Яўхім быў ужо зусім блізка. Ганна, і не пазіраючы ў яго бок, чула, як ён падыходзіць, чула яго крокі, фырканне каня і ўсё больш насцярожвалася. Зноў успомніўся той вечар, яго праводзіны, але няёмкасці такой, як раней, ужо не было, мацней за ўсё брала насцярожанасць…
Яўхім, дайшоўшы да іх, дужай рукой прыпыніў неслухмянага каня, весела паздароўкаўся. Вольную руку падаў спачатку Хадосьцы, якая пры гэтым адразу паружавела, потым Ганне. Ён і знаку не паказаў, што між ім і Ганнаю было штосьці асаблівае.