Калі брала снапы блізка, пад рукамі, то можна было і не спяшацца асабліва, перадыхнуць хвіліну. Снапы ж, аднак, ляжалі не толькі блізка. Былі і далей, і, можна сказаць, далёка, дзе-небудзь у дальнім кутку, тут ужо нельга было не хапацца, не гнацца. Пакуль данясеш, трымаючы на вілах, стараючыся не паслізнуцца, не спаткнуцца, не вывіхнуць нагі, хадзіць па снапах — гэта не па зямлі, ледзь управішся ў пару. Пахадзіла, пабегала так — дыхаць пачала часта, засаплася, рукі, ногі, спіна наліліся цяжарам утомы…
Але яна як бы і не заўважала ўтомы: не ў навіну гэта. Усе клопаты, усе думкі былі аб адным: не пазніцца, упраўляцца; яе ўзялі рабіць, а рабіць — гэта не цешыцца, не радавацца. Рабіць — гэта: пот плыве на вочы, шыю, спіна чыгунее, рукі ломіць ад натугі, а ты не зважай ні на што, падчэплівай сноп пад перавясла, кідай на масток. На тое Корч і пазваў, а Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Рабіць — гэта рабіць, пакутаваць. У гэтай пакуце адно жыве цярплівае, тупое, салодкае, як мара, жаданне: некалі ж павінна гэта спыніцца, гэты ляскат, гул, гэты гон, і можна будзе разагнуцца добра і пастаяць, і аддацца радасці спачыну. Толькі калі будзе гэта — невядома, адно ведае — няскора, няскора…
Гудзе, грыміць гумно, пыл круціцца, устае да вільчыка.
Сноп, яшчэ адзін… Яшчэ адзін… Яшчэ…
Калі стары махнуў ёй, што падаваць ужо не трэба, Ганна ледзь магла стаяць. Ногі падгіналіся, рукі зняможана дрыжалі, хацелася паваліцца і нічога не бачыць, не чуць. Як праз сон, дайшло да яе, што барабан гудзе ўжо зноў звонка, пуста — не малоціць. Неўзабаве ён і зусім змоўк, гумно як бы амярцвела, адно чуліся галасы за сцяной…
— Пакармі коней! — сказаў стары Глушак сваім роўным, сіплаватым галаском Яўхіму, потым падняў вочы на Ганну. — А ты — злазь ды, пакуль тое, саломы адграбці памажы…
На дварэ было ўжо не так хмурна, як раніцай, праз хмары гатова было вось-вось прарвацца сонца; пасля змроку і пылу ў гумне Ганна аж зажмурылася ад яркага, здалося, святла. Густы, але нямоцны вецер крануў спатнелы твар свежасцю, пагнаў па спіне, па руках халадок, і ёй стала лягчэй.
Амаль адразу ж услед выйшаў і стары Глушак. Запылены, з саломінкай у шырокай, коратка падстрыжанай рудой барадзе, паглядзеў на стог саломы, паморшчыўся:
— Рэпа, расселася… Утаптаць трэба! — Ён заўважыў, што Хадоська хацела штосьці сказаць, напэўна, апраўдацца, апярэдзіў: — Пакуль Іван вернецца!..
Іван павёў з Яўхімам карміць коней. Хадоська заспяшалася пакорліва, супакойваючы:
— Зараз, зараз, дзядзечко!..
Халімон не сказаў больш нічога, ціхай, дробнай хадой падаўся да прывада, нахіліўся над прывадным колам, штосьці стаў разглядаць…
Утоптваючы стог з Хадоськай, Ганна бачыла, як вярнуліся ад хаты старая Глушачыха, што несла чыгун, накрыты латкай, і Сцяпан з лазоваю каробкай за плячыма. Каля гумна ляжала тоўстае ўчарнелае шула, старая паставіла чыгун пры ім, узяла ад Сцяпана каробку, пачала выкладваць на шула хлеб, нож, лыжкі. Калі ўсё падрыхтавала, зірнула на чалавека, што важдаўся каля прывада, але не пазвала, села на шула, стала чакаць. Толькі як Халімон падышоў сам, узяўся рэзаць хлеб, замітусілася:
— Сцяпанко!.. Дзе ты падзеўся?.. Абедаць ідзі! Бацько сядзіць, чакае!.. Дзеўкі! І вы — злазьце бо!.. Пасёрбайце боршчыку!..
Калі ўсе сышліся, паселі, дзе каму ўдалося, — не толькі Ганна і Хадоська, чужыя, але і Сцяпан, і старая, з асцярогай, чынна, — стары Глушак пачакаў, як бы даючы ўсім адчуць важнасць моманту, перахрысціўся.
— Дай Божа!..
Ён узяў лыжку, зачэрпнуў з чыгуна баршчу, тхарынымі вачыма павёў па ўсіх, хто сядзеў. Усе хрысціліся, браліся за лыжкі, такія ж стрыманыя, паважныя, як стары Глушак, нібы стараліся быць падобнымі да яго. На Хадосьчыным твары Ганна заўважыла зачараванне і страх. «Усё адно як не Корч стары, а цар перад ёй!» — мімаволі ўсміхнулася Ганна, але ўсмешка адразу ж і згасла: стары так зірнуў, нібы пачуў яе. «Як, скажы ты, чытае ўсярэдзіне!» — мільганула ў яе галаве.
Абед здаўся ёй нясмачным і доўгім, і яна ўзрадавалася, калі Глушак падняўся: дзякуй Богу, кончылася! Адышоўшы крыху з Хадоськай, пачула, як Глушачыха, збіраючы лыжкі, пажалілася старому:
— Нацягалася я за канём!.. — У голасе яе пачулася пакорлівая просьба: — Хай мо б хто маладзейшы?..
— Ля малатарні ўвішнасць патрэбна! — прамовіў Халімон строга. Ён памаўчаў. — Ну, няхай… Будзеш салому адкідаць…
Глушак пазваў Хадоську, загадаў станавіцца к коням. Іх акурат прывялі з двара, і стары сам пайшоў да іх. Ганна чула, як ён запытаўся, ці добра накармілі, напаілі, бачыла, як ён узяў нагу ў гнядога, памацаў пад капытом. За гэтым ён павёў парабка к шулу, падсунуў яму чыгун, даў хлеб, моўчкі стаяў, калі той, хапаючыся, жаваў і сёрбаў.