— А для мяне — як?
— Для цябе? Папраўдзе, не думала ніколі… Пэўне, для цябе — ніяк!
— Як ето? Ні тое ні сёе? Сярэдне?
— А так. Ты для мяне — як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма — адно.
— Бо не знаеш!.. Ты ўсё пра Дзятліка свайго думаеш. Таксамо — кавалера знайшла!
— Які е, абы да душы.
— Попусту сохнеш! Цяпер ён не хутка выберацца! За такія штучкі мало не даюць! Бандзіцізм! За ето так запратораць, што і свету белаго не ўбачыць!.. От птушка: такі з выгляду рахманы, цішэй вады, ніжэй травы, а глядзі — з бандзюкамі знюхаўся!
Ганна абарвала — дадзеў усё ж ёй:
— Не радуйся чужой бядзе!..
Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца:
— Я і не радуюся. Шкода проста цябе!..
— А ты не шкадуй! Няма чаго!
— Я чалавек не злы. Спагадлівы… Асабліва да дзевак!.. — Ён жартам стараўся як можна загладзіць памылку, растапіць яе непрыхільнасць, якая стала такой калючай. — Тут час такі — збыту матка не дае! Жаніся ды жаніся!.. От я і прыглядаюся!
— Калі так, то не туды глядзіш. Не выгледзіш тут нічога… У другі бок глядзеў бы. Хадоська вунь ночы не спіць!
— Хадоська…
— Любіць, дурная! За што толькі, даўмець не магу?
— Хадоська… Што — Хадоська? Вада — смаку ніякаго!.. От ты, ты па-мойму, — са смакам!
— Дак яна ж у сто разоў лепей за цябе!
— Ты, па-мойму, — не слухаў яе Яўхім, — як самагонка! Пяршак! — Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. — Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!
— Пусці!
Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўшы яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, жывот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап'яняла, паліла, туманіла развагу.
— Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой… — ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.
Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках — непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б'ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе — уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.
— Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..
— От, нецярплівая!.. — паспрабаваў ён пажартаваць. — Патрывай бо… трохі…
— Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..
Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.
І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:
— Бацько!!!
Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога… Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў — яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.
— Не шукай! Няма яго!.. — кпліва прамовіла яна.
Ён са злосці аж вылаяўся:
— Т-ты, чорт! — Але тут жа адчуў, што паказваць злосць сваю — значыць, страціць зусім мужчынскую годнасць, стаць проста нікчэмным. Паспрабаваў засмяяцца: — А я — паверыў! Лоўко ты… выдумляеш!..
«Так абдурыла! Так у лужыну пляснула, подлая!.. Дурань!»
— Палахлівы ж ты, аказваецца!
Ад гэтага здзеку ён гатовы быў рынуцца да яе, як разгневаны звер, але яна наставіла граблі, пагрозна папярэдзіла:
— Падыдзі толькі!
Яўхім прыпыніўся, як бы разважаючы. А думаць было цяжка: сэрца шалёна калацілася, у скроні біла кроў, у галаве стаяў важкі туман. Яна ж, хітрая, не траціла часу марна, скарыстала замінку: заўважыла постаць, што праходзіла непадалёк па загуменні, крыкнула:
— Цётка Алена, то вы?
Постаць стала, прыгледзелася да іх.
— Ето я, Аўдоцця, — пазналі абое голас удавы Сарокі. — А то ты, Ганна?
— Аге…
— Пераказаць мо што Алене?
— Не-е. Сама ўжэ скажу…
Яўхім, слухаючы гаворку, аж кіпеў: і гэта ўсё было здзекам з яго. Знарок спыніла жанчыну, смяецца кожным словам. Пачакай, няхай адыдзе толькі…
І трэба ж, знарок, каб чула жанчына, Ганна лагодна прамовіла:
— Дак я ўжэ зрабіла ўсё… Пайду ўжэ?
Ён прасіпеў:
— Ідзі…
Яўхім не глядзеў ёй услед, але чуў яе крокі, чуў, здаецца, смех, які яна несла ў сабе. «І трэба ж даць так абдурыць!» — не мог ніяк супакоіцца ён. Яму было так прыкра, што хацелася лаяцца. Але ён разам з тым адчуваў, што прыкрасць гэта не толькі на тое, што даў ашукаць сябе, але і ад таго, што яна так працівіцца яму, такая непадступная. «Як прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»