Выбрать главу

Ён заўважыў, як у маці жалліва смыкнуліся куточкі губ, і падумаў, што яна вось-вось заплача. Але яна стрымалася, звыкла правяла ражком паркалёвай хусткі па роце, стала заклапочаная. Падаючы торбу, загаварыла:

— Я тут хлеба дзве кулідкі паклала. Учора спякла… Мядку дзед расстараўся. У конаўцы берасцянай, кеб не выліўся, глядзі… Уюнкоў насушыла з дзесятачак… Цыбулькі, гуркоў прынесла…

— Мёд лепей було б на продаж, — строга зазначыў Васіль.

— Яечак дзесятак прадам… Солі трэ і запалак…

Васіль не сказаў нічога на гэта. Пацікавіўся іншым:

— Як там Гуз? Не кульгае?

— Не-а. Папраўляецца.

— Жыто — немалочанае?

— Дамалочуваем. Дзед і я…

— Стары — дужы, кеўляе, значыцца?..

— Кеўляе. Дужы.

За кожным пытаннем і адказам ішла важкая, поўная матчынага смутку, цішыня.

— Валодзька не дурэе?

— Не-а. От надысь на балото хадзіў. Уюноў прынёс. Кажа: Васілю, браціку…

— Глядзі за ім, не балувай… А Гузу — паранку. Зіма падыходзіць — у лес трэба будзе…

— Ды ўжэ ж, буду рабіць…

Распытваў Васіль, раіў, наказваў, а сам не раз, не два думкаю падыходзіў да Ганны: як яна, ці помніць пра яго, ці не злуе за крыўду? Усё чакаў, што маці загаворыць пра яе.

Маці нібы прачытала яго думкі.

— Ганну Чарнушкаву бачыла сягоння…

— Тутака?

— Не-а. Дома, каля калодзезя. Кланяцца табе сказала.

— А… — Васілю стала добра, хораша. — І ты ёй перадай — што кланяюся…

— Перадам…

Ён перахапіў спасцярожлівы матчын позірк і здагадаўся, што яна штосьці тоіць, не наважваецца адкрыць.

— Як яна, вясёлая?

— Маркотная… Бы з крыўдай якою…

Васіль адвёў вочы ўбок, прамаўчаў. Але таіла яна не гэтае, большае. Разважыўшы, прызналася з непакоем:

— Яўхім Карчоў, кажуць, нешто стаў каля яе… круціцца…

— Яўхім?

— Гаворка такая була… Толькі Ганна, кажуць, не хіліцца да яго… — паспрабавала супакоіць маці.

Яна перавяла тут жа гаворку на іншае, але вестка, што неспадзеўкі дайшла да Васіля, ужо не адступалася ад яго. З усяго, што Васіль пачуў тут ад маці, яна найбольш хвалявала яго, ныла ў ім. Нельга сказаць, каб вестка гэтая вельмі занепакоіла адразу — Васіль быў такі, што паддаваўся настроям няхутка, новыя і радасць, і бяда авалодвалі ім спакваля, усё мацней, глыбей з часам. Усё ж пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла яго.

— У Дамеціка карова ацялілася… — гаварыла маці. — Цялушка — такая добрая…

— Гадаваць сабе будзе?

— Не-а. Абы, кажа, падрасла, прадам…

«Грошы трэ», — падумаў Васіль, але падумаў па звычцы, абыякава — думкі ўсё ішлі да Ганны, да Яўхіма. «Корч крывы, ужэ тут ваду муціць! Мало леснікоўны!..»

— Хваліўся Дамецік: сын яго са службы прыйсці павінен… Скора…

— А… адпускаюць…

— Міканор. Мабуць жа, помніш?..

— А чаго ж…

— Вучыцца хацелі там аставіць… А ён сказаў: дадому.

— У балото… пацягнуло.

— Ведамо — дамоўка!..

Маці зразумела, што дарэмна стараецца суцешыць, змоўкла зусім, адно не зводзіла вачэй з сына, добрых і сумных. Маўчаў і Васіль, так у маўчанні і сышоў канец іх спаткання. Толькі калі вартавы падняўся, маці, што раптам вельмі заспяшалася, не ўтрывала — выказала тое, што хацела чуць:

— Ці скора хоць, сыночак, выпусцяць?

Васіль адвёў вочы ўбок.

— Хіба скажуць…

3

На другі дзень Васіля ўпершыню выклікалі працаваць. Калі ён, накінуўшы на плечы світу, выйшаў з барадатым і канакрадам на звонкі, умерзлы дворык, грудзі яго зайшліся ад бадзёрай чысціні радаснага ранішняга марозцу. Халодны вецер, што абмыў твар, абхапіў шыю, залез пад велікаваты каўнер зрэбнай сарочкі, адразу пагнаў па спіне дробныя прыемныя дрыжыкі. Васіль павесялеў, гарэзна павёў плячамі, нібы стараючыся сагрэцца.

Ён тут жа заўважыў на сабе строгі позірк Мітрахвана і схамянуўся, нагнаў выраз сталасці. Іх павялі па вуліцы, потым загадалі звярнуць у вулачку, вузкую, крывую, што вяла ў той бок, дзе была Прыпяць, і Васіль, які сам сабе гадаў, куды іх вядуць, падумаў: мусіць, на рэчку, грузіць баржу ці параход…

Але да Прыпяці іх не давялі. Неўзабаве ўсіх трох спынілі каля паравога млына, перад гарой абы-як скінутых дроў, якая займала ледзь не палавіну шырокага двара. На вокліч вартавога з цёмных дзвярэй млына выйшаў зацярушаны мукой чалавек, прынёс пілу і сякеру.

— Вось, — сказаў ён і зірнуў на вартавога, як бы пытаўся, каму аддаць сякеру і пілу. Вусы яго, каротка падстрыжаныя, былі белыя ад мукі.