Канакрад, не пытаючыся дазволу, узяў пілу і сякеру ў яго з рук.
— Козлы вунь пад плотам, — прамовіў млынар і падаўся зноў да дзвярэй.
— Ну, за работу! — спакойна кінуў вартавы, адыходзячы ўбок, нібы не хацеў замінаць. Ціхі, курносы, у вялікай, не па свайму драбнаватаму росту, ватоўцы, прытуліўшыся да слупка, ён больш нічога не загадваў, ні ў чым не папраўляў, адно моўчкі назіраў.
Барадаты Мітрахван выцягнуў з-пад плота старыя козлы, узяўшыся за бервяно, гукнуў Васіля.
— Не цябе! — раўнуў ён на канакрада, які таксама памкнуўся да яго. — Толку з цябе! Лезе! — цыркнуў з пагардаю сліну барадаты, калі паклаў з Васілём бервяно.
Пацягнуўшы некалькі разоў пілу, Мітрахван загадаў спыніцца, вырваў у канакрада сякеру, стаў хутка, са злосцю папраўляць разварот. Так жа хутка, нездаволена вярнуўся да козлаў.
— Бяры! — строга загадаў Васілю.
З гэтай пары гадзіну-другую гаварыла толькі піла. Мерна, роўна шархала яна, уядалася ў крамяную белую моц дрэва, сеяла на слізкую, схаладнелую траву чыстае, як мука, пілавінне. Неўзабаве Васіль пачуў, што робіцца горача, зняў світу, кінуў на дровы, потым расшпіліў і сарочку. Забыўшыся на становішча сваё, ён пілаваў з тою заўзятасцю і ахвотай, з якімі робіць чалавек, што ўзяўся за жаданы занятак. У гэты час на яго радасна было глядзець, ён нібы пахарашэў: стаў жвавейшы, паружавеў і падабрэў.
Стома ўсё больш абцяжарвала рукі, тулава, але ён не паддаваўся.
— Дуж ты! — пахваліў Мітрахван, затрымліваючы пілу, аддыхваючыся. — Як клешч!
Ён павярнуўся да канваіра:
— Пакурыць трэба!
— Курыце!..
Мітрахван сеў на цурбак, зморана расставіўшы ногі, выняў капшук. Узяў двума пальцамі тытуню, працягнуў капшук Васілю — падаў не так сабе, а як знак павагі. І Васіль узяў гэта як знак павагі, стала, з годнасцю.
Курылі павольна, з доўгімі зацяжкамі, астывалі на холадзе. Канакрад падсеў збоку, змораны, згорблены.
— Калодкі, ядры іх! Адны сукі — ніяк не даюцца! Ты яе і так, і сяк, а яна хоць што!
Мітрахван і Васіль прамаўчалі. Васіль заўважыў на сабе зайздросны позірк канакрада, які прасіў акурачак, але зрабіў выгляд, што не здагадваецца, дасмактаў цыгарку сам. Кінуўшы дакураную цыгарку, Мітрахван падняўся першы.
— Возьмемся.
Васіль ужо зноў угрэўся, калі хтосьці па-прыяцельску ляпнуў яго па плячы. Васіль здзіўлена азірнуўся: побач стаяў прыцярушаны мукою Косцік Хвошч, якога калісьці дражнілі «Косцік-Хвошчык». Мабыць, цэлы год не бачыліся — Косцік жыў і рабіў у мястэчку — і раптам такая сустрэча!
— А я гляджу — ён ці не ён? — засмяяўся Косцік.
Васіль таксама ўсміхнуўся.
— Я…
— Як ты сюды трапіў?!
Васіль не зніякавеў, не паказаў крыўды, кпліва, па-маладзецку варухнуў плячыма.
— Як? Рыштант.
— За што?!
— Доўгі расказ!..
Але Косцік быў не такі, каб пры такіх акалічнасцях мог лёгка адступіцца. І не цікаўнасць простая брала яго: справа датычылася прыяцеля, прычым прыяцеля, як ён лічыў, ва ўсім слабейшага. Косціку не трэба было вялікай здагадлівасці, каб зразумець, што прыяцель гэты да таго ж адчувае сябе не так весела, як хоча паказаць. І прыйшлося Васілю хочаш не хочаш адкрываць закрытае на моцны замок, недаверлівае сэрца. Пачаў спачатку так, абы адкаснуцца, суха, неахвотна, а потым неспадзеўкі разгарачыўся, стаў выкладваць усё з крыўдай, са злосцю.
— І ты павёў іх?
— А што мне було зрабіць? Аднаму? Я хацеў спярша — дак адзін наганам як трэсне…
— Усё адно… Людзей як-небудзь пазваў бы!..
— Пазваў бы! Калі спяць усе!..
— Эх, гады, не перадушаць іх ніяк! — пашкадаваў Косцік, і Васіль пачуў у яго словах як бы спачуванне сабе.
Расчулены, Васіль паскардзіўся:
— Тут мяне самога ў бандзіты прыпісалі!..
— Ляпнуў!.. Які ж ты бандзіт?
— Такі… Рыштантам от зрабілі!
Косцік загарэўся памагчы.
— Я пагавару, каб праверылі, як усё было! І сам скажу, хто ты такі! Скажу, што ніякі ты не бандзіт! Што ты такі, для якіх рэвалюцыю зрабілі, от што!.. Хай за тое, што вінаваты, нагрэюць, а за што не вінаваты — адпусцяць!
— Не павераць…
— Мне? Я — у камсамольцах, — важна прамовіў Косцік. — Я з самім Апейкам знаёмы!
— Стане цябе Апейка слухаць!
— Будзе!
І каб зусім пераканаць упартага, недаверлівага прыяцеля, дадаў:
— Знаеш, для чаго ето? — Ён павёў позіркам па гары дроў і цурбакоў. — Для млына. А ў млыне муку мелем. Для каго? — Васіль маўчаў, не ведаў. — Для горада! Для Мазыра! Няхватка дзецям, чырвонаармейцам і іншым. Мяне прыслалі сюды, у млын! Як камсамольца, на выручку!