Косцікавы вочы пыталіся: «Ясна?» Васіль моўчкі кіўнуў галавою.
Канваір, які, мусіць, ведаў Косціка, што дазволіў такую доўгую гаворку з арыштаваным, урэшце ўсё ж, не так тонам загаду, як просьбы, сказаў, каб канчалі гаварыць.
Косцік падаў руку і хадою гаспадара пайшоў у млын, а Васіль узяўся за пілу.
4
Позна ўвечары, вяртаючыся дамоў, старшыня валвыканкома Апейка рашыў зайсці да начальніка міліцыі. У пакоі начальніка было цёмна, свяцілася толькі акно ў дзяжурцы, і Апейка падаўся адразу на кватэру Харчава: начальнік міліцыі жыў тут жа, у гэтым доме, у двух пакойчыках з двара.
Харчаў сядзеў каля ўслона босы, у галіфэ з леямі і прапаленай на локці сарочцы. Мокрымі рукамі, аблепленымі луской, што серабрыста паблісквала ў святле лямпы, чысціў рыбу.
— Якраз у пару прыйшоў, — адказаў ён весела на прывітанне Апейкі. — Як чуў…
— Дзе налавіў? Ці мо — падарылі?
— Эге, падарылі! Так я і вазьму! Плёткі потым на цэлы павет!.. Знайшоў дурня!.. — Апейку яго словы не здзівілі, ён ведаў: Харчаў у гэтым непадступны, не возьме «падарунка».
Начальнік міліцыі дадаў ужо інакш, разважліва:
— У доранай яно, сказаць, і смаку ніякага. Як лаза. Еш, калі хочаш, але пра смак не думай… Другое, калі сам палазіш, памокнеш, падрыжыш на холадзе, тады рыба — о! Ясі яе, як прорва!.. У Ламачах быў. Ночку недаспаў — і вось бачыш!
І гэта было падобна на Харчава: пахадзіць, палазіць усюды, здабыць усё самому. Харчаў кінуў недачышчанага ляшча, устаў, гукнуў жонку.
— Пачакай, — сказаў яму Апейка. — Справа ў мяне. Адзенься. Пойдзем пагаворым.
Харчаў, па сваёй з ваенных часоў звычцы, не пытаючыся, пра што будзе гаворка, выцер ручніком рукі, хутка ўсцягнуў боты. Праз хвіліну ён выйшаў з суседняга пакойчыка ўжо ў гімнасцёрцы, моцна падпяразаны, усім выглядам паказваючы, што гатовы да любой справы. Ён быў шырокі ў плячах, шырокі тварам, з чырвона загарэлай, дублёнай скурай, прысадзісты, падобны на каржакаваты палескі дуб, што моцна ўрос у зямлю. Баявы кавалерыст, душа якога яшчэ жыла паходамі, атакамі, сніла ўкраінскі стэп, ён, хоць і моцна зацягваў папругу, быў ужо не такі стройны, як паўтара года назад, калі Апейка ўбачыў яго ўпершыню.
«Папаўнеў і неяк падабрэў тварам, — падумаў Апейка, ідучы поруч з ім па двары. — І на цябе, брат, мірнае жыццё адбітак кладзе, кавалерыст заўзяты!.. Гімнасцёрка малаватая робіцца…» Ён тут жа запярэчыў сабе, што Харчаў усё ж перамяніўся мала, што папаўнець і ад гэтага нібы падабрэць тварам ён мог бы і на фронце — старэе ж, як-ніяк; ды і якое яму мірнае жыццё, калі ў лесе маслакоўцы, калі таго і глядзі кулю ўцэляць дзе-небудзь на дарозе.
Апейка з нейкай зайздрасцю падумаў, што, хоць ён на пасадзе і вышэй за Харчава, той у людскім уяўленні мае больш увагі і пашаны: «Ціхі я, непрыкметны, як быў настаўнікам, так і застаўся ім. Харчаў жа — адвага, надзея, герой…»
— Ёсць скарга, — сказаў Апейка, калі начальнік міліцыі запаліў лямпу.
Апейка знарок памаўчаў. Ён быў амаль таго ж росту, што і Харчаў, быў таксама ў вайсковай форме. Праўда, не ў гімнасцёрцы, а ў фрэнчы з грубага сукна, з вялікімі нашыўнымі кішэнямі на грудзях і па баках, са стаячым каўняром, які падпіраў і цёр падбародак. Але і ў сваёй форме ён выглядаў вельмі сціплым, дробным.
Фрэнч быў яўна велікаваты яму, ад гэтага яго дробная, сутулая постаць выдавала драбнейшай, як была сапраўды.
— Якая скарга? — запытаўся Харчаў.
— Трымаеш чалавека без дастатковых падстаў. Можна сказаць, невіноўнага.
— Каго гэта?
— Дзятла Васіля. З Куранёў…
На гімнасцёрцы, напятай на шырокіх грудзях, зазырчэў ордэн Чырвонага Сцяга, акружаны выгаралай паркалёвай зборкай.
— А-а… Усе яны невіноўныя, — прамовіў Харчаў цвёрда, пераканана.
— Што значыць — «усе»?
— Усе… Каторыя трапляюцца!..
— Гэта — не доказ, — ціха, мякка запярэчыў Апейка тонам старэйшага, які абавязан паправіць, растлумачыць. — Трэба разбіраць канкрэтно. Кожны выпадак…
— Разбіралі.
— Ёсць факты? Канкрэтныя?
— Ёсць.
— І ён прызнае іх?
— Знайшоў дурня! Прызнаецца ён, чакай!
— Павінны быць канкрэтныя факты, — ціха, але ўпарта прамовіў Апейка.
Старшыня валвыканкома папрасіў пратаколы допытаў. Стоячы пры лямпе, якая асвятляла бугрысты, з залысінамі лоб, рэдкую павітуху чарнявых валасоў, моўчкі перагледзеў некалькі лісткоў.
— Усё? — падняў вочы на Харчава.
— Усё.
— Больш нічога? Другіх фактаў віны яго няма?