— Другіх мы проста не ведаем.
— Значыць, і спасылацца на іх не будзем…
— Чаму гэта? А калі я ўпэўнен! Калі сэрца маё падказвае!
— Сэрца, дружа, можа часам і ашукаць…
— І Шабета за тое, што — птушка падазроная…
— Даруй, але Шабета не даў ні аднаго доказу, што Дзяцел бандыт. Ёсць толькі факт, які паказвае, што яго прымусілі правесці.
— І аднаго гэтага факта, калі на тое, досыць.
— А я думаю — мала. — Апейка заўважыў, як Харчаў рэзка, з упартым выразам правёў рукой па папрузе, абцягваючы гімнасцёрку. Начальнік міліцыі быў нязгодны. Апейка мяккім голасам пастараўся растлумачыць: — Мала — не таму, што факт адзін, а таму, што ён… недастатковы для тваіх вывадаў…
— Як гэта — недастатковы!
— Ён, паўтараю, не гаворыць, што Дзяцел — бандыт. Або нават — іх пасобнік.
— Дык пасабляў жа! Сам прызнаўся!
— Правёў пад абрэзамі! Адзін раз!
— Дазнайся ідзі! — Харчаў неспакойна захадзіў. — Адзін ці не адзін раз. Пад абрэзамі ці не пад абрэзамі. Усе яны, калі пападуцца, пад абрэзамі памагалі! Усе чэсныя, ангелы! А маслакі арудуюць! Хто толькі іх корміць ды наводзіць! — Ён стаў перад Апейкам, па-свойску, але цвёрда ўзяў яго за руку. — Я лічу — калі хочам кончыць Маслака, няма чаго міндальнічаць. Памог маслакам? Памог. Значыць, таксама ўдзельнік! Ну і пасядзі, папарся! Аднаго пасадзіш — другі баяцца будзе!
— Баяцца будуць, — згадзіўся Апейка.
Ён, зблізку гледзячы ў вочы Харчаву, уздыхнуў:
— Але што мы за такая савецкая ўлада, калі нас свае баяцца павінны?
— Нічога, шкоды вялікай не будзе. Затое парадак будзе, дысцыпліна!.. Знаць кожны будзе як след, што спуску нікому не дадзім! Што б ні зрабіў — па ўсёй строгасці! Як у рэвалюцыю!.. А то ж да чаго дайшло, — Харчаў загарачыўся, — усюды ціша, спакой, і дзяцей бандытамі забылі палохаць! А тут — у нашай воласці, пад бокам у нас — лазяць, абрэзы настаўляюць, грозяцца! А мы — сядзім, як цельпукі! Зрабіць нічога не ўмеем. Міндальнічаем!
— Міндальнічаць з поганню, канешне, нельга!.. Але, Змітро, зразумей, — не можам мы трымаць у турме чалавека без дастатковай віны!
— Без віны? Мы з табой — як у казцы пра белага бычка. Я адно кажу, а ты сваё гнеш! — Харчаў зноў кінуўся ў контрнаступ: — Ты што, знаёмы, што так упэўнены ў ім? Ты вось упікаеш мяне, што фактаў мала, а ў цябе яны ёсць?
Апейка адказаў не адразу, нібы даваў Харчаву час супакоіцца.
— Многа не многа, а ёсць. Ёсць паручыцельства чалавека, які яго добра ведае і якому я веру. — Ён апярэдзіў пярэчанне начальніка міліцыі. — Калі хочаш, скажу, каб ён заўтра зайшоў да цябе. Пагавары — наш чалавек, надзейны… — Апейка раптам папрасіў: — Ведаеш, а цяпер загадай, каб прывялі твайго злачынца. Давай паглядзім, папытаемся разам.
Харчаў неахвотна паслухаўся, выйшаў у калідор, гукнуў дзяжурнага. Вярнуўшыся, ён сеў за стол, дзелавіта заклапочаны, строгі, нібы загадзя гатовы да размовы з арыштаваным. Моцныя, чырвоныя, з набухлымі венамі рукі яго, сплёўшыся пальцамі, важка ляжалі на стале перад ім. Апейка, які сядзеў збоку стала, падсунуў да сябе газету, дастаў аловак, што тырчаў з кішэні фрэнча, стаў выводзіць завітушкі подпісаў.
Увайшоўшы, Васіль прыжмурыў вочы ад святла, мелькам, без якой-небудзь цікавасці прабег позіркам па Апейку, спадылба ўтаропіўся ў Харчава. У яго быў такі выраз на твары, які, здавалася Апейку, гаварыў: «Ведаю, навошта паклікалі, пра што пытацца будзеце, — дабра не чакаю».
Харчаў расшчапіў рукі, зварухнуўся.
— Ты што ж гэта, друг, не прызнаешся? — выразна, аддзяляючы кожнае слова, прамовіў ён. — Не прызнаешся, што памагаў Маслаку?
Васіль адвёў позірк убок, пераступіў з нагі на нагу.
— Не памагаў я…
— Як жа не памагаў?
Васіль прамаўчаў. Апейка ўбачыў на яго твары, затоеным, насцярожаным: «Так я і ведаў, гэтага і чакаў…» Скарыстаўшы момант цішыні, старшыня валвыканкома загаварыў сам, запытаўся пра такое, што, здавалася, не мела ніякага дачынення да гаворкі:
— Які надзел у цябе?
Васіль абыякава адказаў.
— Зямля добрая?
— Ат, якая зямля… У нас, у Куранях, зямля…
— Ёсць і добрая!
— Е. Ды не для нас…
— Для каго ж? — варухнуўся Харчаў.
Васіль не адказаў.
— Чаму ж ты супроць землеўпарадкавання?
— Я супроць? — яўна не згадзіўся Васіль.
— А як жа. Не ты навёў маслакоўцаў, каб сарвалі перадзел? — умяшаўся Харчаў.
Васіль не знайшоў што сказаць. Апейка заўважыў, як хлопец зноў стуліўся безнадзейна: што тут скажаш людзям, якія ведаюць адно: «вадзіў, памагаў», разумець нічога не хочуць.