— Я ведаю, ты — не бандыт, — прамовіў раптам Апейка.
Васіль ажыў, але тут жа схамянуўся, стрымаўся, кінуў насцярожаны позірк.
— Ты — не бандыт! — паўтарыў Апейка больш цвёрда. — Ты проста — баязлівец! Трус!
Апейка сказаў гэта нядобра, з асуджэннем, але Васіля ні яго словы, ні тон гаворкі, было відаць, не пакрыўдзілі. Ён глядзеў ужо на Апейку не толькі з насцярожанасцю — з надзеяй, праўда, недаверлівай.
Апейка неспадзеўкі стаў злавацца.
— Чорт вас пабяры! — Нават злуючыся, ён гаварыў роўна, ціха. — Для вас, для вашага шчасця стараюцца, гінуць людзі. А вы, вы — за сябе пастаяць не ўмееце!.. Ты — не бандыт, ты — крот, які капаецца ў сваёй нары. І толькі адну сваю шкуру беражэ. А там — хоць трава не расці! Хай другія прынясуць табе шчасце на талерачцы!.. Ты, канешне, зямлі добрай узяць не адмовішся! — Васіль пры гэтых словах кіўнуў галавою: хто ад такога адмовіцца? — Канешне, ты не супроць землеўпарадкавання! І сам жа памог сарваць яго!
Апейка заўважыў, што хлопец хацеў штосьці запярэчыць яму, але стрымаўся, пабаяўся, відаць, угнявіць. «Эх, разгаварыўся, суддзя! — падумаў з одумам аб сабе старшыня. — А ён стаіць — хоць бы што, у галаве — адно: пусцяць ці не?..»
— Я — усё, я пагаварыў, — сказаў ён начальніку міліцыі.
Калі дзяжурны, што ўвайшоў на голас Харчава, паказаў хлопцу на выхад, Васіль нечакана пакланіўся…
5
Апейка не памыліўся, Васіль, слухаючы яго, і праўда думаў аб адным: пусцяць ці не пусцяць? У ім, як ніколі за апошнія дні, забруілася, затрапятала надзея: «Можа, пусцяць?» Усю ноч, слова за словам, думка за думкаю, успамінаў, перабіраў ён гаворку ў кабінеце Харчава, нібы нанава перажываў яе. Гадаючы пра свой лёс, ён адчуваў, што трымаўся не так, як трэба, маўчаў, не апраўдваўся, і цяпер лаяў сябе за маўклівасць: такі зручны момант упусціў, недарэка! Адно толькі, што пакланіўся, добра: знак пашаны, канешне, даспадобы начальству…
Спраўдзіў-такі Хвошчык сваё абяцанне, пайшоў да валаснога начальніка. Значыцца, не брахаў, што з самім Апейкам знаёмы — як сваяк той. Глядзі, як сігануў! І што ў камсамольцы запісаўся, таксама, відаць, праўда чыстая… Дзякуючы ў думках таварышу, мімаволі пазайздросціў: «Выскачыў Хвошчык, хітры!.. Усе Хвашчы хітрыя!» Пазайздросціў не са злосцю, не з абурэннем, а добра: хітрасць — як тыя грошы, як удача, шчасце…
Думкі ад Косціка непрыкметна перабеглі да Апейкі. Згадаў дробную, ціхую постаць старшыні, здзівіўся: такі нявідны, а столькі ўлады ў руках трымае, начальнік усёй воласці! І што асабліва ўражвала: маючы такую ўладу, разам з тым — просты і абыходлівы!
Як толькі падумаў пра Апейку, ажыло зноў, затрывожыла неадступнае, жаданае: «Можа, пусцяць?.. Сказаў жа: „Ты — не бандыт!.. Не бандыт, знаю“, — сказаў… Ён жа не хто сабе, а начальнік воласці, улада, слова яго штосьці значыць… Не бандыт! А калі не бандыт, то не павінны трымаць. Няма такога закону…» Але думкі гэтыя, добрыя спадзяванні тут жа мяшаліся з халодным, звыклым сумненнем: «Наўрад… Так цябе і пусцяць, чакай!.. Харчаў маўчаў, не згодны, канешне… Ды і гэты ж таксамо — лаяў, злаваўся…»
Васіль успомніў, як сярдзіта, непрыязна кінуў яму Апейка папрок: «Крот, баязлівец», — і на змену трывозе аб тым, пусцяць ці не, прыйшла ўпартая злосць: «Прыставілі б табе абрэз да грудзей, паглядзеў бы я, што б ты запяяў! У мясцечку, у кабінетах, за спінамі міліцынераў усе вы смелыя!»
Вунь як яно ўсё павярнулася, як знарок, — усё супроць яго. Нават перадзел зямлі і той нібы ад яго залежаў, нібы ён не за перадзел, дабра сабе не хоча! Ад шчасця свайго, ад зямлі адмаўляецца! І вось жа паспрабуй, дакажы тут, што не вораг сабе. Учапіліся, ведаюць адно: вадзіў, памагаў — і ведаць, здаецца, іншага не жадаюць…
«Маслакі праклятыя, — узяла іншы кірунак думка Васіля. — Трэба ж було налезці ім якраз на мяне, увесці ў такую бяду!» Ён думаў пра маслакоўцаў апошнімі днямі не ўпершыню, думаў з непрыхільнасцю, з тайнай, неадступнай надзеяй адплаты, помсты. Сёння, аднак, да яго думак прымяшалася і іншая: «А чаго ім перадзел еты не даспадобы? Чаго яны свой нос сунуць?»
«А мо яны не самі?.. Мо — папрасілі іх?» — уразіла Васіля адкрыцце. І тут жа прыйшла загадка, якая потым жыла ў ім многа дзён: «А калі папрасілі, то — хто?»
На гэта ў яго не было адказу. Ён не ведаў, мог адно рабіць здагадкі. Але здагадкі для Васіля былі нішто, ён цаніў толькі тое, што ведаў, што бачыў…
Гэтыя Васілёвы развагі перамешваліся з гарачымі і трывожнымі згадкамі пра Ганну — ён нібы зноў стаяў каля плота, чуў шум груш на Чарнушкавым агародзе, брэх сабак, бачыў цьмяную шэрань туману над балотам. Калі ў мары-ўяве браў яе рукі ў свае, гарнуў да сябе, пытанне, якое так трывожыла, пачынала паліць неспакойна, нясцерпна.