Выбрать главу

Пакуль падышоў да Вадавіч, насунуліся поцемкі. Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Ён ужо, як соллю, поўніў ямкі ў храпе, каляіны, канаўкі, і дарога выглядала нібы па-святочнаму падбеленай. Маляр, які фарбаваў дарогу беллю, зрабіў не ўсё, але і так, і ў бела-цёмным роспісе, радавала яна вочы.

Рэчка за Вадавічамі, што перарэзвала балота і падкову грэблі, з берагоў ужо была забрана лёдам, снег, які лёг на яго, бялеў роўна, чыста. Між гэтай некранутай белі вада пасярэдзіне здавалася густой і чорнай, як дзёгаць. Калі Васіль паглядзеў на яе, зрабілася нібы яшчэ халадней.

Хоць ішоў хутка, ветраны холад абцінаў усё мацней, усё злей, асабліва ногі ў каленях. Хлопец стаў, пацёр калені далонямі, потым, каб сагрэцца, пабег, знарок па-заечы падкідваючы нагамі і прытупваючы. Перамяніўся на хаду толькі за балотам, можа, праз вярсту.

Неўзабаве, каля Глінішчаў, сышоў са шляху, узяўся проста на Курані. Хоць мог ісці і сялом, знарок абмінуў яго, каб не сустракацца з людзьмі, падаўся сцежкаю па полі, паўз могілкі. Абышоў падмерзлым узболаткам і Алешнікі, зрэзаў вялікі круг. Снег ужо начыста выбельваў сцежку і дарогу, на якую выбраўся за ўзболаткам, — хмызнякі па баках цямнелі незвычайна рэзка. Тут ветру не было, стала цяплей. Вакол панавалі цішыня і чысціня, хараство першых зазімкаў, якія асабліва хвалююць і радуюць, — і Васіль паддаваўся ўладзе гэтага хараства: недаверлівае, насцярожанае сэрца больш і больш поўнілася шчасцем. Ганна, маці, Гуз, стагі — усё было ў гэтым шчасці.

Калі наблізіўся да Ганнінага селішча, прыпыніў гон, пайшоў цішэй, гулка закалацілася сэрца: вунь плот той, тыя грушы! У хаце свяціліся вокны — праз шыбу ўбачыў мачыху каля печы і Хведзьку, які корпаўся на ўслоне. Ганны не было.

«Мабуць, к дзеўкам пайшла…»

Адарваўся ад шыбы, падаўся ў сяло. Яшчэ амаль усюды свяціліся жоўтыя, варухлівыя агні — водсветы лучыны. Сярод іх асабліва блізкі, родны вылучыў агеньчык сваёй хаты. Гарыць лучына — значыцца, маці дома, не спіць. Можа, думае пра яго, сумуе і не ведае, што ён каля парога… Васіль ужо быў блізка ад хаты, калі пачуў наперадзе Ганнін голас, мяккі шорхат крокаў.

Ён памкнуўся падацца да яе і адразу ж убачыў: яна не адна. Здалёк, праз прыцемак адчуў, хто гэты другі. Яшчэ не думаючы нічога, хутка ступіў да ясакара, што быў побач, стаяў за ім, разгублена сачыў за постацямі. Гэта была такая неспадзяванасць для яго нядаўняй радаснай бесклапотнасці.

Яны ішлі па другі бок вуліцы. Ішлі асобна, не вельмі блізка адно ад аднаго, Яўхім не хапаў яе нават за руку, ішлі проста як знаёмыя. І ўсё ж і гэта апаліла Васіля гарачай рэўнасцю, пякучай крыўдай: яна ідзе з яго супернікам, яго непрыяцелем, у такі дзень, калі ён так ірваўся да яе. Яна так сустракае!

Яўхім і Ганна набліжаліся. Ганна ішла, апусціўшы галаву, ці то хавала твар ад марозу, ці то глядзела на дарогу, на снег. Яўхім ступаў разваліста, засунуўшы рукі ў кішэні паддзёўкі, збіваючы калі-нікалі наском бота мёрзлыя камякі. Упоцемку чырвоным вочкам зырчэла цыгарка. Нават у тым, як ішла Ганна, абыякавая да ўсяго і, здавалася, таксама да яго, да Васіля, у тым, што на яго хваляванне яна нават брывом не варухнула, ішла, нібы нічога не было, вартага якой-небудзь яе ўвагі, бачылася Васілю вялікая крыўда. Тое ж, як спакойна, прывыкла трымаўся каля яе Яўхім, яго ўпэўненая, развалістая паходачка — нібы ўсё на зямлі належыць яму, — яго ганарлівая цыгарачка, ускінула ў хлопцу буру нянавісці.

«Корч… задавака… Думае, як багацце ў яго, дак і ўсё…» Яго нянавісць была тым большая, што ён лічыў, ведаў, што багацце — сапраўды ўсё, што ён — нішто перад Яўхімам. Ён адчуваў, што Яўхіму, калі захоча, — проста як чхнуць адбіць у яго Ганну. «Усе дзеўкі на багацце падкія…»

Калі праходзілі каля ясакара, Яўхім заўважыў Васіля. Ён вырваў з кішэні руку і ўхапіў цыгарку, так здзівіўся, пазнаўшы. Але гэтае здзіўленне было толькі момант, спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Адышоўшы некалькі крокаў, нахіліўся да яе, сказаў штосьці.

— Ідзі!.. Не брашы! — пачуў Васіль яе адказ. Ганна раптам засмяялася.

Смех гэты пранізаў сэрца. Васіль недарэчна, разгублена паправіў торбу і, не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакара.

Частка другая

Раздзел першы

1

Калі Васіль прачнуўся, у хаце яшчэ ўсе спалі. Але як толькі ён стаў, сапучы, усцягваць адзежу, маці ўсхапілася, пачала завіхацца каля комінка. Лучынка ад вугольчыка, выкапанага ў печы, разгаралася неахвотна, і Васіль выправіўся на двор, не дачакаўшыся, калі агонь асветліць хату.