Выбрать главу

— А, арыштант заявіўся! — павітаўся мужчына, здалося Васілю, з насмешачкай.

Васіль мелькам заўважыў: у таго, што падыходзіў, ад чаравікаў да самых калень былі накручаны чорныя анучы, і ногі ў іх былі падобны на вялізныя граковыя.

«Надзеў чаравікі — і хварсіць!» — з асуджэннем падумаў Васіль. Ён не так пазнаў, як здагадаўся, што васпаваты вайсковы — Міканор, Дамецікаў сын, які вярнуўся са службы. Маці ўчора між іншых вясковых навін памянула і гэту.

«Арыштант! Ну і — арыштант! А табе які сабачы клопат да етаго!» — адгукнуўся думкаю на суседава прывітанне пакрыўджаны Васіль. Міканор жа, нібы нічога і не сказаў такога, здзівіўся:

— Ты чаго — ваўкаваты такі?

— А таго… Лепей буць ваўкаватым, як авечкаю… Кеб не кусало ўсякае…

Васіль узяўся за дужку вядра, не гледзячы, сунуў вочап у бок Міканора, намерыўся ісці.

— Пастой! — паспрабаваў затрымаць Васіля Міканор. — Нядобра так, не па-суседску. Шчэ і двума словамі не перакінуліся, а ўжо грызціся сабраўся…

— А я так да другіх, як яны да мяне…

І Васіль, паказваючы, што гаварыць больш не хоча, падаўся з вядром да хлява. «Не па-суседску, бач! А ты са мной — па-суседску?.. Думае — як чаравікі ды шапку ваенную надзеў, дак і абзываць усякім словам вольна яму! Думае — калі чалавек з арышту прыйшоў, то і пляваць на яго можно!..» Васіль пагразіўся: «Скажы шчэ раз такое, плюнь! Пабачыш!»

2

Так Васіль і затаіў бы злосць на суседа, адрэзаў бы сябе ад яго, калі б гэтай сустрэчаю цяперашняе знаёмства іх і закончылася. Але пад вечар, калі Васіль прыцягнуўся з лесу з возам дроў, маці пераказала яму, што прыходзіў Міканор і прасіў зайсці пагаманіць. Васіль на гэта запрашэнне не сказаў нічога, але па тым, як нездаволена матнуў ён галавою, маці здагадалася, што яно не спадабалася сыну.

Маці не стала дапытвацца, што ж такое ўчынілася між сынам і суседам, — ведала, што Васіль усё роўна не скажа, — але не ўтрывала, каб і раз, і другі не перадаць Міканорава запрашэнне, знарок дадаючы ад сябе розныя выдумкі, якія маглі б усцешыць сынава сэрца. Сказала, што вельмі хваліў Васіля за гаспадарлівасць і прасіў, каб ён за нешта не злаваў… Дзед Дзяніс падтрымаў яе: не адведаць суседа, не ўважыць ласкай такую радасць, як прыход са службы, нягожа…

Усё ж пайшоў Васіль к Міканору неахвотна: так, абы не пакрыўдзіць маткі і не паказаць непашаны да суседа. Рашыў — пасядзіць трохі для прыліку, пагаворыць пра тое-сёе, споўніць матчын наказ і вернецца сабе…

Васіль спаткаў Міканора на двары — той нёс з сенцаў ражку.

— Заходзь. Зараз прыйду… — сказаў Міканор, ідучы.

Ён вярнуўся ў хату, атрэсваючы чырвоныя, мусіць, толькі што памытыя, рукі.

— От, брат, за гаспадарку бяруся… — Міканор выцер рукі ручніком, засмяяўся. — Забуў усё, што ўмеў. Спачатку вучыцца трэба!

— Не кажы! — запярэчыла Дамеціха, што поралася каля печы. — Чалавек падумае, што і праўда! Не слухай яго, Васілько, смяецца ён…

— Аге, смяюся! Добрыя смешкі! Паранку рабіць ужэ не знаю як!..

— Не слухай яго, Васілько. Умее, усё ўмее…

Дамеціха стала збіраць вячэру. Перад тым як сесці за стол, Міканор запрасіў і Васіля, але той адмовіўся. Некалькі хвілін потым угаворвала далучыцца да ўсіх і Дамеціха, аднак Васіль і на гэты раз цвёрда ўстаяў, даводзячы, што толькі што вячэраў дома, наеўся, аж лішне. Дамецікавы селі адны. Тады надышла цішыня: дамашнія вячэралі, а Васіль, з выгляду важны, сталы, стараючыся трымацца ўпэўнена, з вельмі ж пільнаю ўвагаю разглядваў карткі на сцяне.

Акрамя той пажоўклай ад даўнасці карткі, на якой Дамецік, малады і хвацкі, у страшнай, калматай, як стог, шапцы цягнуўся побач з нейкім незнаёмым, — картку гэту, казалі, стары Дамецік прывёз яшчэ з японскай вайны, — было тут і некалькі Міканоравых здымкаў. З іх Васіль раней бачыў толькі адзін — Міканор, стрыжаны, у гімнасцёрцы з шыракаватым каўняром, нечым як бы напалоханы. Васіль, калі пабачыў гэты здымак першы раз, аж здзівіўся: што гэта магло так напужаць хлопца? Цяпер побач з гэтымі здымкамі было некалькі новых — на кожным Міканор з невядомымі таварышамі, усе апяразаныя рамянямі, у блішчастых ботах, з шашкамі.

— Ето маё аддзяленне… — сказаў Міканор, сёрбаючы боршч.

Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым, і, разглядаючы карткі, чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Агледзеўшы карткі і раз, і другі, ён ужо намерыўся сказаць Дамецікавым, што трэба падацца дадому, зрабіць яшчэ сёе-тое, калі на двары пачулася гамонка, крокі. Першы ўвайшоў, шумліва і весела, Хоня — «Бацько і матка». Ён быў у падранай свіце і ў падранай шапцы, але і ў гэтым звычайным сваім убранстве ўдаваў проста-такі фарсуном: так спрытна вісела напашкі світа, так смела ліпла да макаўкі шапка.