— Вечар добры ў хату! Кеб жылося і кеб вялося! — сказаў ён звонка і цвёрда. — І табе, Васіль, добры вечар! — дадаў ён такім тонам, нібы толькі ўчора бачыліся.
За Хонем паявіліся яго прыяцелі — чорны, пануры, як бацька, Пятро Пракопаў і куранёўскі гарманіст Алёша Губаты. Пятро толькі штосьці буркнуў пад нос і стаў у парозе — шырокай спіною амаль зусім затуліў Алёшу.
— От — у самы час! Бы, скажы ты, чулі — на вячэру акурат! — прамовіў усё з той жа вясёласцю Хоня і, не чакаючы запрашэння, як дома, падаўся да лаўкі, сеў шырока, вольна.
Дамеціха і Дамецік, як трэба было па звычаю, запрасілі хлопцаў к сталу, але Хоня за ўсіх адказаў:
— Дзякуем! Не спадзяваліся, што так добра прыбудзем, дак дома натапталіся картоплі!..
— Пад'елі, — пацвердзіў Алёша, прымошчваючыся каля Хоні.
— Пад'елі ці не пад'елі, а пасядзелі б от разам, паспробувалі б, чаго Бог паслаў… — пачала было Дамеціха, але чалавек перабіў яе разважліва:
— Було б спробуваць чаго, дак, нябось, угаварылі б як-небудзь! А то от расол адзін да картопля! Чарка хоць бы дзе завалялася!
— Апазніліся! — засмяяўся Міканор. — Што було — выпілі!..
— Багато там таго і було! — сказала Дамеціха. — Дзве пляшкі якіх!..
— Ды мы знаем, што ахвотнікаў на гарэлку знайшлося! Дак ад етаго мы не вельмі-то зразу і ляцелі! — Хоня хітра зірнуў на Міканора, павёў гутарку на іншае: — Хочам от Міканора з дзеўкамі нашымі пазнаёміць, бо ён жа, мабуць, забуўся! Дай дзеўкі, сказаць, збуту просто не даюць: прывядзі ды прывядзі!
— Аге, вазьміце яго, Хартонко! — ухапілася ахвотна Дамеціха. — Няхай пагуляе!
— Толькі баімся, што ён можа цяпер да гарадскіх болей прывучаны! — сказаў Алёша Губаты, адольваючы нясмеласць, відаць, стараючыся патрапіць Хоню.
— Не було калі прывыкаць там! — заявіў Міканор.
— А ўсё-такі, пэўне, завёў якую-небудзь мармазелю? — учапіўся Хоня.
— Да не. Так, праўда, гуляў сколькі разоў па берагу ці ў парку. І то — з хлопцамі, з Марозам, з Кісялём…
— Аге, з Марозам! Кажы! Так табе і паверым!
— З Кісялём, кажа, гуляў!
— Пабачыць бы нам таго Кісяля!
Васіль з гэтай гамонкай і смешкамі стаў чуць сябе ў Дамецікаў ямчэй. Ужо не хацелася асабліва ісці дадому, можна было і тут пасядзець, паслухаць; ужо амаль супакоіўся, гатоў быў забыцца на ўсе страхі, калі дзверы адчыніліся і ў пройме іх — як злы напамінак, як пагроза — паявілася постаць Грыбка. Васіль ад неспадзеўкі аж пахаладзеў: больш за ўсё не хацеў, баяўся сустрэцца з Грыбком, і нб табе — твар у твар!
Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. На момант з'явілася падазрэнне — ці не знарок, ці не для гэтай сустрэчы запрасіў Міканор? Няўжо знарок падстроіў? Але паглядзець на Міканора, хоць бы вачыма праверыць падазрэнне, не мог, нязводна сачыў за Грыбком.
Нічога страшнага як бы і не было: Грыбок толькі зірнуў на Васіля нядобра і сеў на другую лаўку. Ні слова не сказаў Васілю, але ў маўчанні яго хлопцу яшчэ больш чулася непрыхільнасці і дакору. Цяпер Васіль быў нібы прыкаваны да сцяны: каб і паспрабаваў, не змог бы, здаецца, адарвацца. Ён папракнуў сябе моўчкі: даў жа зарок не хадзіць ні да кога, не бачыцца ні з кім, дзень цэлы перабыў без якіх-небудзь прыкрых сустрэч. І трэба ж было прыперціся сюды!
Ён зноў пачуў у сенцах крокі, павёў вачыма к дзвярам: каго там яшчэ нясе?
Увайшоў Чарнушка. Гэтага толькі і не хапала тут! Васіль, здавалася, уліп вачыма ў картку, але не бачыў яе, чакаў адно: што ж далей будзе?
Васіль заўважыў: павітаўшыся, Чарнушка адразу ўгледзеў, вылучыў з усіх яго.
— І Васіль тут! — прамовіў ён як бы давольны, але Васілю ад гэтага не стала вальней.
Дамеціха адгукнулася:
— Зайшоў па-суседску к таварышу, дзякуй яму!
— Ты ці не ўчора ўвечары прыбуў? — не хацеў адступіцца ад Васіля Чарнушка.
— Учора…
— Увечары? Уцямнело ўжэ добра, як прыбуў?
— Уцямнело… Дак што?
— Да нічого. Бачыў я — нехта ўчора поцемкам падыходзіў да хаты, — сказаў Чарнушка. — Як бы падобны на цябе, я ля хлява акурат ішоў. А сягоння чую: і праўда, прыбуў… Дак я і падумаў, што ты…
Васіль прамаўчаў.
— Дак зайшоў бы няхай. Я ето не сказаў тады нічого, бо не пазнаў добра. Не паверыў, грэц яго. А то ж такі, мабуць, ты буў!