Выбрать главу

Васіль варухнуў плячом, як бы хацеў адчапіцца.

— Не-а…

Гаворка, на шчасце, пайшла пра Міканора. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду — непагана, мабыць, на службе было.

Міканор засмяяўся:

— Да сказаць, што пагано, — грэх…

— Адкарміўся, як бугай. Выгуляўся, — пахваліў Міканора Хоня.

— Да кеб гуляў вельмі, не сказаць. Було так, не сакрэт, што пасля паходу іншы раз і сам, і конь пад табою — як у мыле.

— Калі ідзеш, ногі адна за адну чапляюцца? — зарагатаў Хоня, за ім — Алёша і Пятро.

— Ледзь дацягнешся, бувало. Зноў жа — на варце стоячы. У мароз, на ветры як папакалееш — дак аж, здаецца, душа заходзіцца. Кажух такі да пят — тулуп — давалі, як на варту ісці. Дак і тулуп еты не паможа — усё адно халадзеча дабярэцца!..

— Уга, да пячонкі дабярэцца!

Стары Дамецік толькі пачаў быў казаць: гэта што, от у Маньчжурыі мароз дык мароз, на ляту ўсё жывое нішчыць, — як у хату ўвалілася яшчэ некалькі дзядзькоў. Між іх быў і Руды Андрэй, акуратна паголены, з далікатнымі тоненькімі вусікамі-крылцамі агністага колеру, у фасоністай гарадской шапцы, — першы ў Куранях палітык і прамоўца.

Руды падышоў апошні, паздароўкаўся з Міканорам не так, як усе, нязграбна і сарамяжа, а, зняўшы фасоністую сваю шапку, адмыслова пакланіўся. Ціснучы руку, павіншаваў:

— Са шчаслівым вазврашчэннем, Міканор Дамецевіч!.. Рады ўсе вас, та-скаць, бачыць зноў на нашай куранёўскай почве…

Дзядзькі не першы раз дзівіліся з далікацтва яго абыходжання, але ніхто не спрабаваў рабіць, як ён: не кожнаму спрыт такі дадзен!

— Унцер у нас на батарэі буў, — успомніў Грыбок. — Ну і унцер: кулакі па пуду! Як дасць каму — той зразу з капытоў вобзем!.. А цяпер, праўда, не бувае, кеб каго білі?

— Няхай бы ўдарыў, хоць які камандзір. Дак яго так бы ўдарылі, што навек закаяўся б!

— А калі ж бувае, што каторы не слухаецца? — убіўся Хоня. — Камандзір яму адно, загадвае яму што-небудзь зрабіць, а ён — не буду і не буду! Не бувае хіба такіх?

— Бувае ўсякае. Толькі ўсё адно не б'юць нікога. Другім бяруць метадам. Тлумачаць найбольш, што да чаго. Што такое значыць служба ў Чырвонай Арміі, і каму мы служым…

— А калі ён не слухаецца ўсё адно? — не адступаў Хоня. — Не судзяць?

— Судзяць. А толькі болей — на свядомасць б'юць.

— Чуў я, што аж пад Менскам на манеўрах быць даводзілася? — апярэдзіў нейкае новае пытанне надакучлівага Грыбка Андрэй Руды.

— Буў. На акружных вучэннях.

Андрэй Руды хацеў распытацца пра гэтыя вучэнні, але тут умяшаўся Чарнушка, пераблытаў усё.

— Як там зямля, пад Менскам?

— Зямля як зямля, — паспрабаваў быў вярнуць Міканора к вучэнням Руды, аднак Міканор запярэчыў:

— Да і не сказаць, кеб такая, як наша. Сушэй багато… Балот дак рэдко, можно сказаць, болей — палі, палі ды лес. І лес, можно сказаць, інакшы — без канца чысты сасняк… Багато вельмі горак. Бувае так, што як глянеш з каторай, дак толькі і бачыш: горкі і горкі, з полем ды з лесам. Аж пакуль відно…

Хоня запытаў:

— Мо такія, як у Мозыры?

— Меншыя. Такіх, як у Мозыры, няма! — Міканор сказаў гэта як бы з гонарам: ён служыў у Мазыры.

Гаворка цяпер ужо зацікавіла Васіля. Ніколі за ўсё жыццё не быў далей Хвойнага, толькі раз дапаў аж да Мазыра, які здаўся такой далеччу, быццам там адразу канец свету. А людзей унь і далей заносіць, і аж дзіва — і там зямля, і там жывуць!..

— І як ето яно: зямля без балота! — нібы не паверыла Дамеціха. — Як ето яно можа буць, штоб без балота!

— От, баба! У Маньжурыі, дак не то што балота, а і кусточка на сто вярстоў не пабачыш. Гола, як падлога…

— У нас, у Міхайлаўцы, таксама зямля була! Як масло, грэц яе! Вазьмі на хлеб ды маж, — пахваліўся Чарнушка паўзабытай Чарнігаўшчынай.

— А тут куды ні кінь — дак балото ды балото! — пашкадаваў Губаты Алёша. — Купіны ды жабы!

— Без жаб там, мабуць, сумно! — Хоня, а за ім Алёша і Пятро зарагаталі. — Без такіх песень!

— Чуў я, — прамовіў Міканор, — адзін вучоны ў Мозыры казаў, да нас прыязджаў з дакладам: на балоце зямля, казаў, — першы сорт. Без гною радзіць можа!..

— Толькі асушы — і сей, — падтрымаў Андрэй Руды. — Асабліва любяць ету зямлю авёс, каноплі, усякая цехнічаская культура.

— Асушы! Калі етай твані канца-краю няма.

— Генерал тут колісь буў — нібыто, — прыгадаў Ігнат, Хадосьчын бацька, якога за звычку да месца і не да месца ўстаўляць «нібыто» празвалі — Нібыто-Ігнат.

Андрэй Руды пацвердзіў: