Зноў памаўчалі, потым гаворка пайшла пра тое, што цяпер асабліва турбавала кожнага, пра маслакоўцаў.
— Адкуль яны, грэц яго, прылезлі! То ж усюды, чутно, ціхо стало, а тут — сычаць і сычаць…
— Балото, ведамо, — адгукнуўся Дамецік. — Гаду ўсякаму ў балоце — рай!
Можа, і самі таго не заўважаючы, гаварылі цяпер цішэй, як бы асцерагаліся, каб не пачуў той, каму не трэба. Грыбок слова не выціснуў, сядзеў неспакойна, мімаволі прыслухоўваўся да гукаў на вуліцы, на якой недзе дурэла, гаманіла моладзь.
Васіль таксама маўчаў, ледзь толькі загаварылі пра Маслака, чакаў, што не абмінуць, упікнуць яго. Падрыхтаваўся, каб адрэзаць як належыць, калі хто-небудзь зачэпіць.
— З-за граніцы перакідаюць, з Польшчы. — Руды, як тайну, даверыў: — Так сказаць, агентура.
— Нібыто, балахоўшчыкі ўсялякія…
— Балахоўшчыкі ці не, а от жа, грэц яго, і цераз граніцу прашываюцца. І мало таго — шчэ і тут хэўру знаходзяць!
— І ў нас жа з некім зналіся…
— Зналіся…
Дымілі цыгаркамі, думалі аб нечым сваім, але гаворкі пра Маслака ўжо не вялі: не ў ахвоту гаворка гэта, рызыкоўная, лепш язык за зубамі патрымаць. Ажылі, загаманілі наперабой, калі пайшлі ўспаміны, меркаванні пра вайну, пра вайсковую службу…
Разыходзіліся познім вечарам. Ціхі, мяккі снег казытаў шчокі, ляпіўся на шапкі, на кажухі і світы, здавалася, спяшаўся хутчэй забяліць усё. Не толькі ўзболатак, агароды за хлявамі былі схаваны замеццю.
— Нібыто ўжэ і зіма, — зазначыў Хадосьчын бацька.
— Зіма! Толькі гразі лішняй, грэц яго, наробіць!..
— Па прэдсказанію — таяць не павінно… — дайшло да Міканора і Васіля ўжо з вуліцы.
Міканор стаяў на ганку ў расхрыстанай гімнасцёрцы. Падаўшы Васілю руку, згадаў весела:
— Думаў я, што ты сказаў каля калодзежа. Лепей, маўляў, буць воўкам, як авечкай. А па-мойму — дак лепей буць чалавекам. Толькі, канешне, — Міканор засмяяўся, — чалавекам з зубамі!
Васіль прамаўчаў. Але лежачы ўжо, успомніў Міканоравы словы, падумаў: «Чалавекам ці не чалавекам — усё адно, а зубы, канешне, трэба мець! Без зуб не ўцалееш цяперашнім часам. З'ядзяць, і не агледзішся…» Ён згадаў Міканораву гаворку пра балота, падумаў, як старэйшы: дзівак — асушыць, кажа, сенажаць зрабіць! Такое і ў сне ў Куранях, каб і хацеў, не сасніш! Думкі перабеглі да гаворак пра маслакоўцаў, і ўсярэдзіне закіпела: «Кеб знаў, хто ето іх навёў, задушыў бы гада!.. А дазнацца можно ж. Курані — не горад які, адна вуліца, хата кожная, можно сказаць, на віду. Толькі прыгледзься, дак заўважыш нешта, як бы той ні круціў. А там, толькі не пашкадуй часу ды не пабойся, і да большага, да ўсяго дойдзеш! Не ўхаваецца!.. Толькі б прысачыць добра!..»
3
Сінім снежным адвячоркам Грыбок хадзіў ад акна да акна па сяле, загадваў ісці ў Ігнатаву хату на сход.
Збіраліся доўга, нядружна: то ўваліцца некалькі чалавек амаль адразу адзін за адным, то за цэлыя паўгадзіны хоць бы хто пастукаў ботамі ў сенцах, бразнуў клямкаю. Праўда, тыя, хто быў ужо ў хаце, такім непарадкам не толькі не абураліся, але нібы і не лічылі яго вартым увагі: сышоўшыся ў купкі, дзядзькі і хлопцы смалілі цыгаркі, гаманілі. Гамонка, ды і рухі былі найбольш павольныя, мірныя, і прычынай гэтаму была зіма: калі і пасядзець, пагаманіць уволю, як не зімой, ды яшчэ перад сходам.
Дым плыў угару, хмаркаю віс вакол лямпы, якая ціха сіпела і хліпала.
У кожнай купцы бавілася свая гамонка. Іншы раз гамонка ў гэты вечар спадала да ледзь чутнага нават блізкім шэпту: пераказвалі няпэўную чутку пра тое, нібы Маслакова гайня нарэшце далазілася. Распетрылі ў пух, каго пабілі, каго арыштавалі, адзін Маслак, здаецца, і выкруціўся. Другія гаварылі, што Маслака таксама ці то схапілі, ці то застрэлілі, але больш веры давалі таму, што гаду і на гэты раз удалося выкаўзнуць. Няпэўнасць пра лёс Маслака як бы павялічвала няпэўнасць саміх чутак: дзе-дзе, а ў Куранях добра ведалі цану чуткам! Таму гаварылі пра банду ўсё ж з недавер'ем, з асцярогай і, як звычайна, хутка змаўкалі ці пераходзілі на розныя дамашнія навіны ці меркаванні.
Барадаты Пракоп у сваёй купцы, дзе сядзеў і гаспадар хаты, Хадосьчын бацька, і Глушак, важка, басавіта бухаў пра тое, што хтосьці абадраў стог сена ў гале.
— Болей за паўвоза нацягаў, вурад!..
Пракоп да гаворак ахвотнік не вялікі, гаворыць так, нібы воз сена падымае. Тым, каму даводзіцца слухаць яго, хочацца аж памагчы чалавеку. Ён і цяпер бухнуў некалькі важкіх слоў і змоўк — толькі па тым, як панура выглядваюць вочы з-пад зарослых броў, відаць, што злуе вельмі.