Выбрать главу

— Судзіць такіх трэ було б, — заявіў Ігнат. — У Сібір ссылаць, кеб ахвоты не було на чужое.

— Строгасці мало. Бога забылі. Разбалуваліся. Усё ад етаго, — павучальна адгукнуўся стары Глушак.

У кутку пад абразамі Андрэй Руды насядаў на лысага, ціхага настаўніка з Алешнікаў:

— А я чуў, што ў Кітаі — та-скаць — рэвалюцыянеры бяруць верх і б'юць генералаў — аж пух ляціць.

— Можа буць. Чутак усялякіх… багато… — Настаўнік азіраецца, як у пастцы.

Яму, відаць, нялёгка з куранёўскім палітыкам. Сам ён, хоць яго часам і велічаюць па імю і па бацьку, Сцяпан Уласавіч, амаль нічым не розніцца ад іншых дзядзькоў — ні гаспадаркай, ні адзеннем. У Алешніках у яго свая хата, карова, нават конь свой і плуг. Арэ і косіць сам. Рукі ў яго шурпатыя, чорныя, прывыклыя капацца ў зямлі. Ён тут свой сярод сваіх, хоць гэта каму-нікаму не даспадобы: хіба ж гэта настаўнік? От у Бярозаўцы — пан, а не дзядзька нейкі!..

— А ёсць, та-скаць, ізвесція, — не адстае Руды, — што гоняць іх, генералаў етых, да мора, і як дагоняць, следавацельно — патопяць усіх да аднаго…

— Патопяць… — Сцяпан Уласавіч расшпільвае замурзаны кажух, з-пад якога выглядае зрэбная пафарбаваная сарочка, — горача ад куранёўскага палітыка!

— І няхай топяць! — весела ўрываецца ў гаворку Міканор. — Табе хіба шкода? — смяецца ён Рудому, відаць, хоча памагчы настаўніку.

Але Андрэй жартаваць не збіраецца, глядзіць у адказ холадна: не лезь, куды не просяць.

Аднак тут у гаворку ўступае Чарнушка:

— Дай ты чалавеку перадых! Прыстаў з етым сваім Кітаем! Кітай ды Кітай! Тут і са сваім, не то што з Кітаем, няма як разабрацца. От, дай рады, Сцяпан, — сажа ярыну аж губіць. Праўда, што кеб сінім каменем пратравіць, дак можно б выбавіцца?

— Можно — сінім каменем, — ажывае настаўнік, — а можно — фармалінам. Памагае добра…

У купцы жанчын, што ціснуліся каля ложка, гамонка ішла такая ціхая, што збоку амаль нічога не было чуваць. З гэтага неразборлівага гуду час ад часу вырываўся задзёрысты галасок гаварлівай удавы Сарокі, дужай, вяртлявай жанчыны, якая, перамаўляючыся, кідала вострыя позіркі на мужчынскія купкі, на ўсё, што ні рабілася ў хаце. Вочы яе проста бегалі, лавілі, праглі — чаго-небудзь цікавага! Такая ўвага да навакольнага зусім не замінала ўдаве сачыць за жаночым шапятаннем, разам удзельнічаць у гаворцы. І трэба сказаць, што ўдзел гэты не быў абы-які, фармальны. Часта цётка Сарока забівала сваёй гаворкай астатніх чатырох, якія нямелі ад патоку дасціпных прымавак і жартаў. Прымаўкі вязала яна лёгка, спрытна, без утомы, адкуль толькі і браліся!

Таму, хто пазіраў за імі збоку, гаворка ў жанок магла б здацца такой, як бы там рыхтавалі нейкую змову ці, па крайняй меры, давяралі адна адной сакрэты надзвычайнай важнасці. А сакрэты былі такія, што ў Грыбка цяліцу нехта ўракнуў і яна ні есці, ні піць не бярэ; што Міканорык Дамецікаў з пошты прынёс газету, а ў той газеце прапісана — цераз тыдзень будзе зноў вайна з палякамі; што Ганна Чарнушкава ўжо і глядзець на Дзятлікавага Васіля не хоча…

— Картоплю з гуркамі топча, а ўжэ не хоча якога хлопца! Давай караля з заморскага карабля!

— Завідкі на дабро глушакоўскае ўзялі! Мачыха, пэўна, падгаворвае!

— Не мачыха! Пасварыліся яны, Васіль і Ганна! — запярэчыла Хадосьчына маці.

— Аге, пасварыліся! А чаго?

Цётка Сарока толькі сабралася выказаць прычыну, як у купку ўбіўся гарэзны Зайчык, закруціўся, чапляючыся да кожнай, быццам лезучы цалавацца.

— Дзевачкі мае, кветачкі! Занудзіліся, мабуць, без кавалера!

— Аге ж! Трэба ты нам, стары пень, як учарашні дзень!

— А не, не трэба, Сарока-белабока? А чаго ж ты, як на людзях, дак «стары пень», а як адны пабачымся, дак і «кветачка» і «ягадка»! — Зайчык перабіў Сароку. — Шчэ і ў восець нанач звала!

Мужчыны, хлопцы, усе ў хаце глядзелі цяпер на Зайчыка, смяяліся, падначвалі яго і Сароку.

Цётка ўпікнула:

— Дзяцей поўны хорам, а сам, як малы — і не сорам!

У Зайчыка дзяцей і праўда — поўная хата, голыя, галодныя, і сам ён хваравіты, худы, аж шчокі ўваліліся, кажух такі, што і латаць няма чаго — дзірка на дзірцы, на спіне, на рукавах, усюды тырчыць поўсць. Але нішто як бы і не турбуе — скінуў з лысай галавы шапку, лезе, дабіваецца ад Сарокі: чаго ж запрашала ў восець?

Падурэўшы з Сарокай, уваліўся раптам у гурток дзяўчат — адну абняў, другую цмокнуў у шчаку, некага ўшчыкнуў. Сярод дзяўчат ускінуліся крыкі, па Зайчыкавым кажусе запляскалі кулакі. Пад крыкі гэтыя выбраўся на волю, крывячыся, паказваючы, як баліць: вельмі ж пабілі, піскухі!

Прыстаў да хлапечага гурту: