Выбрать главу

— Няхай Сцяпан з багатай сям'і, — пярэчыў настаўнік. — Але ж у школу ходзяць і бяднейшыя. Ну, от Дзяцел Соня з вашых, — Жалудок кіўнуў на Андрэя Рудога, Сонінага бацьку. — Багато бедных дзяцей ходзіць з Багуслаўца, з Глінішчаў. Я ўжэ не кажу пра Алешнікі. У Куранях болей за ўсё такіх, якія не ходзяць у школу…

— А з Мокуці богато ходзіць?

— З Мокуці таксамо, — прызнаўся Жалудок.

— А з Хвойнаго?

— І з Хвойнаго. Ім няма як дабрацца…

— А нам е як? Адзін чорт, што з Куранёў, што з Мокуці!

— Як мокро, дак лягчэй на той свет, чым у Алешнікі вашы!

Людзей зноў як прарвала. Жалудку не давалі слова сказаць: гаварылі, крычалі, не слухаючы нічога і нікога.

— Хай бы сам настаўнік сюды хадзіў, калі ўжэ так трэба…

— А хто мне за дзіця маё рабіць будзе? Ёсель юравіцкі?

— Сказаў: алешніцкія ходзяць! Кеб у нас була школа!..

— А рабіць хто школу тую будзе? Плаціць за яе?

— У чым жа яно пойдзе ў макрэчу да ў холад — голым свецячы!

— Добра казаць яму — на казённай палучцы!

— Мой дак меншых глядзіць усю зіму!..

Жалудок слухаў гоман моўчкі, цярпліва: спрачайся не спрачайся, усё роўна не пераможаш. У Дубадзела на гэта было іншае меркаванне — ён ускочыў, замахаў рукамі:

— Грамадзяне куранёўцы!.. Прашу!.. Заклікаю ўсіх!

Але куранёўцы не хацелі слухацца ніякіх просьб і заклікаў ні яго, ні тым больш Грыбка, які памагаў вяла, абы для выгляду:

— Дзядзькі, цёткі!.. Ей-бо, як малыя!..

Калі шум нарэшце апаў, Жалудок выняў з кішэні згорнутую паперку.

— Я от зараз пачытаю спісак дзяцей, каторым трэба хадзіць у школу, і яны не ходзяць. — У хаце зноў захадзіў гул, але ўжо не дружны, з перапынкамі. Настаўнік чытаў прозвішча за прозвішчам, выбіраючы цішэйшыя хвіліны. Калі ён скончыў чытаць, Дубадзел строга, тонам, у якім таілася нейкая рашучая пагроза, загадаў:

— Дай мне спісак еты!

Ён моўчкі перачытаў паперку, згарнуў і з той жа незразумелай, пагрозлівай затоенасцю паклаў у кішэню гімнасцёркі. Гэты загадкавы манеўр прыкаваў да яго ўвагу, прымусіў усіх прыціхнуць.

Тут папрасіў слова, незвычайна голасна, палымяна загаварыў Руды:

— Куранёўцы, усё, што тут, та-скаць, ізлажыў наш настаўнік і інцілігент Сцяпан Уласавіч, трэба кожнаму запомніць і ўзяць на заметку. Ён уцэліў правільно. Дзядзькі, а таксамо і жанчыны, маткі, падумайце, што скажуць нам нашы дзеці, калі вырастуць цёмнымі, так сказаць, невукамі. Не скажуць яны нам свайго «дзякуй». Бо, як пісаў вялікі расейскі паэт Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, невукам у будушчым жыць будзе багато цяжэй, чым усім нам, таму што, та-скаць, наступіць новая епоха. І невучоным не будзе дарогі ні туды ні сюды!..

Куранёўцы слухалі яго без цікавасці, дзе-нідзе пасмейваліся: ведалі — Рудога хлебам не кармі, а дай слова сказаць. У гэты час і пайшла па дзядзьках і цётках навіна пра ціхага госця — усё больш і больш аглядвалася іх на сенцы, шукалі позіркам чужой постаці ў прыцемку каля дзвярэй. Перасталі аглядвацца, прыціхлі, калі Руды сеў і азваўся сіплым, скрыпучым голасам стары Глушак:

— Канешне, дзяцей трымаць дома ў цяперашні час — не вялікая патрэба. Не так тае карысці з іх і памогі, як шкоды. А ў школе — праўду кажуць тут — маглі б набрацца розуму…

Глушак не тое што на сходах, а і дзе-небудзь на прызбе гаварыць попусту не любіў; словы, як грошы, выпускаў неахвотна, і слухалі яго так уважліва, як бы ён даваў гэтыя лічаныя грошы. Васіль, ды, мабыць, і не адзін ён, падумаў — што ж гэта магло ўцягнуць старога ў такую трату? «Хоча, мабуць, кеб начальство пачула. Паддобрыцца хоча…»

— Дак так і пастановім, — сказаў Дубадзел, — штоб дзеці, каторыя тут вычытаныя булі, з заўтрага пайшлі ў школу. А каторых бацькі не выправяць дзяцей, то няхай дабра не чакаюць. І за ето прашу ўсіх падняць рукі.

Ён сачыў позіркам, які не даваў ніякай надзеі на літасць, — рукі куранёўцаў уздымаліся нялёгка, але ўсё ж уздымаліся. Толькі пасля гэтага галасавання дайшла да яго вестка, што Апейка ў хаце, і ён запрасіў госця з Юравіч к сталу.

— А цяпер, грамадзяне вёскі Курані, — мімаволі аглядваючыся на старшыню валаснога выканкома, прыкметна памякчэла загаварыў Дубадзел, — пяройдзем да другога пытання — аб тым, якое ў нас на сённяшні дзень міжнароднае становішча, і — пра падатак… Становішча наша на сённяшні дзень украпляецца. Рабочыя, усе гарадскія людзі сільней украпляюць змычку з сялом, а сяляне па ўсёй краіне ахвотна выконуюць падатак і ўсе іншыя абавязацельствы. Зноў жа нашы ворагі скрыгочуць зубамі, але баяцца паткнуцца да нас, бо помняць грамадзянскую вайну. Толькі адно пагано на сённяшні дзень, што наш народ — браты нашы і сёстры, каторых аддзялілі ад нас граніцаю паны, гібеюць пад прыгнётам і церпяць ад етых паноў пяты год усякія здзекі…