Выбрать главу

Васіль толькі падрыхтаваўся слухаць гаворку пра самае важнае, якое з усіх спраў на сходзе адно і турбавала, — пра падатак, — калі раптам не ўбачыў, а адчуў — увайшла Ганна. Увесь вечар, што б ні бачыў, аб чым бы ні думаў, чакаў яе, таму заўважыў адразу, як толькі паявілася яна ўслед за Хадоськаю.

Штосьці гарачае, як пара, заліло Васіля. З гэтага моманту ён амаль нічога не чуў, амаль нікога, акрамя яе, не бачыў. Ні Дубадзела, ні Апейкі, нікога іншага як і не было цяпер у хаце. Але калі ён, сам не хочучы таго, насуперак усяму, што казаў розум, як апантаны лавіў кожны яе рух, яна хоць не магла не думаць, што ён тут, нават вокам не кінула. Так, не тое што без увагі, але без хоць бы якой звычайнай цікаўнасці да Васіля, ганарлівая, непадступная, праціснулася яна між людзей паўз самага хлопца, дабралася да ложка, села побач з Хадоськай. Штосьці сказала Хадосьцы, кпліва ўсміхнулася, стала з тым жа ганарлівым выглядам пазіраць на Дубадзела, слухаць.

Да Васіля, як праз ваду, дайшло матчына прозвішча, імя, прачытаныя Дубадзелам, — сем рублёў трыццаць дзве капейкі нядоімкі…

Дубадзела ўвесь час перабівалі, перапытвалі, здзіўляліся, тлумачылі, а потым, калі ён нарэшце дацерабіўся да канца, акружылі, загаманілі, перабіваючы адзін аднаго. Цяпер часта гаварылі і да Апейкі, ён слухаў, глядзеў квіткі, пытаўся то ў Грыбка, то ў Дубадзела, нешта адказваў, запісваў. Да стала ціснуліся і жанкі, не толькі такія, як удава Сарока, гаспадыня, але і такія, мужчыны якіх былі каля Апейкі ці Дубадзела: ціснуліся, нібы чакалі, што іх паклічуць на помач. Хлопцы амаль усе стаялі каля дзвярэй ці ў сенцах, з якіх часам чуўся дзявочы піск і рогат. Васіль быў там, дзе і раней; паспрабаваў падысці да стала, але прабіцца не было як, і ён вярнуўся. Іншы раз ён, мусіць, не адступіўся б так проста, хоць бы таму, каб не пусціць цень на свой мужчынскі гонар, але цяпер не да нейкіх клопатаў аб гонары было яму. І не да нядоімкі.

З той жа неадольнай апантанасцю, у якой усе трывогі і надзеі былі з Ганнаю, ён стаў раз-пораз паглядваць туды, дзе аб нечым гаварыла з Хадоськаю гэтая ганарліўка. У нейкі момант іх позіркі сустрэліся, але яна адразу ж адвяла вочы…

Дым цыгарак вісеў так густа, што лямпа пачала хліпаць, калі Грыбок аб'явіў, што ад воласці пра грэблю скажа таварыш Апейка. Але Апейка і слова не ўправіўся прамовіць, як Хоня крыкнуў:

— Грэбля грэбляю, няхай бы сказаў хто — што з Маслаком?

— А то гавораць, гавораць, грэц яму, а толкам ніхто не ведае…

— А што гавораць? — ухапіўся Апейка.

— Ну, нібыто яго… пацерабілі нібыто… — няўпэўнена адказаў Ігнат.

— Пабілі, — знарок спакойна кіўнуў Апейка. — Добра пабілі. Трох палажылі, а пяцярых жывымі ўзялі, арыштавалі… Я таму і запазніўся сягоння — на допыце быў…

Васіль аж перастаў дыхаць: вось дык навіна! Вестку гэтую чуў ён упершыню, чуткі неяк абышлі яго, і навіна ўразіла хлопца незвычайна. І як яна магла не ўразіць, калі столькі папакутаваў з-за гэтай поскудзі з абрэзамі, калі яна, можна сказаць, свет яму закрыла! Даскакаліся, значыцца, гады! Атрымалі сваё! Тут жа ўслед за радасцю паявілася клопатнае: а можа, яны і пра Курані, пра яго што гаварылі?

— Мы, праўда, насціглі не ўсю зграю. Некалькім пашанцавала пакуль — у другім месцы былі…

— А з Маслаком што? — зноў крыкнуў Хоня.

— Маслака забілі, — адказаў Апейка.

У хаце загаманілі з палёгкай. Хоня перабіў гоман:

— А тых, што вылузнуліся, багато?

— Чалавек сем яшчэ. Але і іх чарга недалёка. І ім нядоўга бегаць па волі.

— Даўно трэба було! — голасна папракнуў Хоня.

— Трэба было. — Апейка памаўчаў момант. — З усімі скора кончым. Нам трэба жыць. І думаць пра тое, каб жыць лепей. Як вясна, ці восень, ці мокрае лета — да вашых Куранёў ні дайсці ні даехаць. І з Куранёў таксамо — нікуды. Свет канчаецца за ўзбалоткам. Свету не відаць. Праўду я кажу?

— Ісцінную праўду, так сказаць! — пацвердзіў Руды Андрэй.

Большасць людзей маўчала, чакалі, што будзе далей. Апейка пайшоў у наступ: