— Да свата — нібыто — у госці, і то не выберашся!
— Што да свата, да дзеўкі чужой — і то! — заржаў Ларывон.
— Табе дзеўкі толькі і наўме!
— Што каму? Каму — удовы, а каму — дзеўкі!
Апейка перачакаў гоман, зноў рушыў у наступ:
— От я і кажу: трэба, каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер. Каб не душыўся дымам і не пух з голаду. Каб не гібеў век у цемры і не баяўся нікога і нічога. От вам тут спакойна не давала дыхнуць бандыцкая шайка. Поўзала тут, гразілася, рабавала. Без трывогі ні ў лес не пойдзеш, ні дома не паспіш. Мабыць, не адзін з вас лаяў уладу за тое, што так доўга з шайкай гэтай справіцца не можа! А як жа справіцца з імі, памагчы вам, калі тут — паспрабуй, дабярыся да вас з міліцыяй ці чырвонаармейцамі!.. Цяпер от вы наракаеце, што землеўпарадкаванне дасюль не праведзена! Правільна наракаеце, але падумайце добра, чаму так здарылася?..
— Дак хіба мы супроць? Мы ж толькі пра тое, што нам ето не пад сілу!
— Перарвемся, а не зробім… Коней замучым, і толькі!
— І самі замучымся!
— Ды аб сабе — гаварыць няма чаго! Атойдзеш сам, а без каня як патом, па гаспадарцы?
— От кеб уласць узялася!
Тут раптам ускочыў Міканор, які дасюль за ўвесь вечар не сказаў слова:
— От не люблю ето наша плаканне! Ну, просто — слухаць неахвота! Шчэ і за сякеру не ўзяліся, а ўжэ стогнем — спіна баліць!
— А не баліць?
— Табе добра, выгуляўшыся.
— Выгуляўся я ці не выгуляўся — не аб тым гаворка. Як выгульваюцца на службе, усе мужчыны знаюць. А хто з хлопцаў ці жанок не знае, дак папытайцеся. Не аб тым гаворка. Плакацца і стагнаць, не цюкнуўшы сякерай, не паклаўшы галіну на грэблю, — от што пагано! І сабака яго знае, дакуль жа мы будзем самі ад дабра свайго адварочвацца?! Нас, ей-богу, як цялят дурных, тыкаюць, штоб к карове, а мы — як бы нас зарэзаць сабіраюцца. Як бы дабра сабе не хочам… От тут таварыш Апейка казаў пра калёсы, пра зямлю, пра бандзітаў. Правільно ж казаў, ей-бо! А от — як мучымся мы са сваімі жорнамі! Бо ветракі ж у Алешніках, не дабярэшся. Аж шкода глядзець на бедных нашых жанок ды малых, як яны мучаюцца! А то ж шчэ і старая матка — не сакрэт — часто, бувае, перарываецца, кеб змалоць чаго!
Той-сёй з мужчын мацней задыміў цыгаркай, жанчыны ж заўздыхалі, забедавалі: праўду кажа, пакута без ветракоў! А ў Алешніках іх аж два, і так хутка, добра мелюць!
— Дак не аб тым байка. Грэбля — канешне, непагано — хто супроць?
— А калі не супроць, дак не трэба, ей-бо, плакаць ды стагнаць! І не надзеяцца на каго другога, а — брацца за яе!
— Дак ці ж табе, Міканорко, казаць, калі ўвесь год — як чорт лысы круцішся! То ж дня вольнаго няма!..
— Можна знайсці! Калі захацець.
— Зімой жа не будзеш. Снег…
— Зімой — не сакрэт — можна нарыхтаваць, звезці ўсё. А летам, адсеяўшыся, можна ўхапіць які тыдзень!
— Ухопіш ты. Другі возьмецца, а іншыя — цыгарку ў губы ды паплёўваць!
— Адзін будзе надрывацца, а другі на мураве качацца!
— Ніхто не будзе качацца! Калі пастановім, штоб сялом усім, дак і загад такі будзе: усім ісці!
— А калі хто, грэц яго, не пойдзе? Возьме — да і не пойдзе!
— Дак няўжо ж мы не можам усім сялом аднаго такога прымусіць, кеб не збіваў строй!
— У сельсавет перадайце, — заявіў Дубадзел. — Мы знойдзем, што з такім зрабіць!
— Столькі страху, ей-бо, з етай грэбляй! Як, скажы ты, не грэбля, а — сабака яго знае што! У другіх сёлах, не сакрэт — унь ужэ даўно за балоты ўзяліся, асушаць пачалі. Не чэшуць патыліцу, а капаюць канавы і робяць лугі. І каноплі і ўсякія іншыя культуры сеюць! А ў нас — як бы і няма балота? Як бы ў нас лішне зямлі?
— Вазьмі яе, калі такі смелы!
— Мало грэблі, дак шчэ і балото!
— Дзело ізлагае!
— Пустое!
Васіль таксама падумаў: «От жа ўлезла чалавеку ў галаву дурасць, не дае збыту. Як бы ето проста так — пайшоў і асушыў, немаведамо з чым і кім, такую прорву бесканечную навокал! Дай нашто асушыў — штоб на другі год усё зноў зацягнула тванню ды раскай! Ужэ ж, здаецца, чуў ад дзядзькоў адказ разумны, дак жа не, усё адно лезе на ражон!.. У другіх сёлах, кажа… У другіх — усюды рай, сам хлеб сеецца, сам мелецца, самі булкі ў рот ляцяць, а мы — без хлеба ад зімы! Балбоча, як бы рабіць няма чаго!» Васіль больш мірна думаў пра грэблю, але лічыў, як і многія другія, што гэта — справа «казённая». «Калі б казна ўзялася да плаціла якую капейчыну, то можно було б і ўзяцца вольным часам. Зарабіць можно було б што-нішто…»
Міканор, зачапіўшы гаворкай асушку балот, і сам адразу ж пачуў, што схібіў, — усё роўна ніхто не падтрымае, але, разгарачаны, спыніцца ўжо не мог.