— Канешне, асушыць балота — не тое, што грэблю зрабіць. З ім адразу не справішся. Не сакрэт — сіла трэба вялікая. І часу багато! Дак от калі б узяць і сарганізаваць міліраціўнае таварыства!..
— Сарганізавалі ўжэ адно!
— Патушылі ўсе пажары!
— Прывезлі пажарную!..
Андрэй Руды крыкнуў Дубадзелу, каб далі яму слова, сказаць «ноту» на гэты паклёп. Не чакаючы згоды, з абурэннем накінуўся на насмешнікаў: пажарную-то ён абяцаў прывезці, але ж грошай сабралі мала, хапіла толькі купіць два багры, сякеру, тры вядры. Хтосьці перабіў яго пытаннем, куды гэта ўсё знікла, але Дубадзел не даў Рудому апраўдацца, заявіўшы, што пытання гэтага няма ў парадку дня.
Руды стаў спрачацца з ім. Іх гаворка танула ў гомане: гаварылі ўсе, не аддаючы, здаецца, ніякай увагі ні Міканору, які яшчэ хацеў гаварыць штосьці, ні прэзідыуму. Міканор пастаяў, пачакаў і, пакрыўджаны такой няўвагаю, сеў.
Васіль заўважыў, што Апейка, які зноў пачаў гаварыць, калі ў хаце прыціхла, ні слова не сказаў пра меліярацыйнае таварыства, а ўсё пра грэблю, толькі пра грэблю. Пасля яго — хто б ні адгукаўся, усе гаварылі супроць Міканоравай прапановы аб асушцы балота, аб меліярацыйным таварыстве. Апейка ўсё слухаў моўчкі і, здавалася, нібы падтрымліваў такія думкі.
Васіля амаль не здзіўляла тое, што большасць ужо згаджалася з Апейкавай прапановай — грэблю трэба рабіць. «Напужаліся, што шчэ і за балота загадаюць брацца. Усё-такі з грэбляй — меней клопату…»
Ён і сам, баючыся, каб не пачалі ўгаворваць, калі не адразу лезці ў балота капаць канавы, то ўступіць у таварыства, плаціць пай, з лёгкай душой прагаласаваў — рабіць грэблю.
— Застаецца толькі выбраць старшага, — задаволена прамовіў Апейка, калі рукі апусціліся. — Я думаю, што на гэту пасаду не знайсці лепшага чалавека, як Міканор!
У многіх з тых, хто сядзеў на сходзе, была, відаць, іншая думка: адзін Андрэй Руды адразу сказаў, шго згодны, нават запляскаў у далоні. Яго падтрымалі толькі некалькі чалавек. Другія ж параду Апейкі прынялі без радасці, у хаце стала нядобра ціха.
— Кеб не выбраць халеру — гарачы не ў меру! — крыкнула Сарока.
Яна, мусіць, сказала тое, што думалі многія. Але Апейка апярэдзіў гаворкі, што маглі б пашкодзіць Міканору:
— Гарачы — не бяда! Не быў бы халодны! Гарачы — значыць, дабра людзям хоча, неабыякавы! Значыць, справу павядзе добра.
Яго паслухаліся: Міканора дык Міканора. Адчувалася, што людзі ўжо стомлены і сходам і познім часам, і цяпер, калі галоўны клопат, рабіць грэблю, узялі на душу і нічога важнага не будзе больш, чакалі адно, каб хутчэй разысціся. Выбраўшы Міканора, яны і павалілі шумліва з хаты. Адзін, можа, Васіль пайшоў у гурце хлопцаў на двор неахвотна, як бы пакідаючы ў хаце надзею.
Ён прайшоў трохі па белай вуліцы, адстаў ад хлопцаў. Ісці дамоў не хацелася. Як бы прывяззю цягнула назад да Хадосьчынай хаты, дзе была яшчэ Ганна. Вось прайшоў паўз яго чорны Пракоп, Сарока, якая ўраніла словы, мабыць, аб Міканору:
— Ад службы дурасць. Пажыве — розуму нажыве!.. Нажыве, буць не можа, калі на што гожы!..
Ціха, задуменна працёгся яе, Ганнін, бацька, не заўважыў нават Васіля. Зайчык падляцеў, сунуў бародку к Васілёваму твару:
— А ты чаго тут? Забуўся, дзе свая хата?
Хіхікаючы, подскакам пабег дахаты. Яшчэ прайшло некалькі постацей, гаманкіх, маўклівых. І вось спынілася, анямела сэрца: Ганна ідзе. З нейкім страхам і баязлівай надзеяй, перасільваючы нявер'е, ступіў насустрач:
— Добры вечар!..
— Ноч ужэ, — няласкава, калюча сказала яна.
Пайшлі моўчкі. Хацеў гаварыць, прымушаў сябе гаварыць, каб не было гэтай пякучай маўклівасці, і не мог расшчапіць губ. А потым было позна: пачуў ззаду крокі, азірнуўся — даганяў Яўхім. Дагнаў, пайшоў з другога боку. Засмяяўся па-прыяцельску:
— Дасядзела да канца! Цярплівая!..
Васіль пачуў сябе лішнім…
…Праз некалькі дзён Васіль ехаў з возам галля па лесе: куранёўцы вазілі галлё к грэблі, нарыхтоўвалі. Летам сюды дабрацца не было б як — лес быў на балоце. Выязджаючы з цаліку на дарогу, Васіль раптам сышоўся з Чарнушкам, які таксама ехаў па дарозе.
Чарнушка адстаў ад свайго воза, пачакаў Васіля, закурыў з ім. Пайшлі разам.
— Ты чаму ето саўсім паказвацца ка мне перастаў? — запытаў не абы-як Чарнушка.
Васіль адвярнуў твар:
— А так…
Чарнушка не адступіўся:
— Ты мо пра Ганну што, грэц яго, думаеш? Дак не думай. Чакае яна цябе.
— Дак, — коса зірнуў Васіль, — Яўхім жа, Корч… капылы падбівае…
— Ліпне, грэц яго! Але — то ўсё пустое. Заходзь, не думай нічого.
— Ну, можа… Пабачу. Прыйду.