Выбрать главу

Раздзел другі

1

Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Толькі пад самы Новы год маразы скавалі зямлю як след і зіма стала ўладарыць адна: засцілала абшары новымі і новымі выбеленымі палотнамі, абложвала хаты і хлявы гурбамі, пераразала вуліцы белымі гарамі…

З дня на дзень Міканор усе больш абвыкаўся зноў з колішняю сваёй дамоўкай, з новымі клопатамі і абавязкамі. З дня ў дзень трэба было памагаць дома бацьку і матцы — напаіць, накарміць жывёлу, прывезці сена, дастаць, нарэзаць дроў. А больш турботы было па-за домам, з грэбляю. Па цвёрдых санных дарогах вазілі к узболатку каля цагельні дручкі, галлё, бярвенні. Кожны дзень, калі хто-небудзь ехаў у лес дзеля грэблі, Міканор выбіраўся ці разам у лес, ці да цагельні — сустракаў возчыкаў, памагаў складваць прывезенае, запісваў у блакнот, хто што зрабіў. Ледзь не кожны вечар хадзіў Міканор па куранёўскіх хатах, дамаўляўся пра падводы «на грэблю».

І для дамоўкі, і для грэблі рабіў Міканор усё з ахвотаю — асабліва тады, калі ўсталяваліся звонкія маразы, калі так весела зіхцелі пад чырвоным сонцам палі, калі лес поўніўся такой вусцішнасцю, што хацелася, як малому, дурасліва паваліцца ў снег ці закрычаць на ўвесь свет! У такія дні ў лесе за вярсту было чуваць, як недзе падае, рассыпаючыся на ляту, белы камяк з патрывожанай галіны…

Ці ішоў па лясному цаліку, правальваючыся часам да пояса, ці абтоптваў снег вакол дрэўца, ці памагаў пілаваць і лажыць на воз — радасна было чуць, як хораша, молада поўніць цела дужая гарачыня. Дрэўцы, галлё танулі ў снезе; калі абсякаў галлё, цягнуў іх — мокрыя рукі пякло, як крапівою. Абціраў рукі аб палу світы, хукаў — грэў — і зноў з вясёлай ахвотаю пілаваў, абсякаў, валок да саней. А якое шчасце было потым — ехаць назад, чуць, як тонка пяюць палазы на выслізганых, жоўтых каляінах, як прыгожа, звонка рыпіць пад намерзлымі пасталамі: рып-рып. А якое шчасце было бачыць, што растуць і растуць аснежаныя горкі галля і дрэў каля цагельні, ехаць на лёгкіх санях дахаты, з лагодным, дружбацкі настроеным дзядзькам!..

Шчасце было і калоць дровы дома — пад павеццю, у адной гімнасцёрцы з расшпіленым каўняром; унесці па рыпучым ганку ў хату, звонка кінуць у кутку, чуць, як маці глядзіць з удзячнасцю і замілаваннем…

Сваё хараство было на лузе. Змерзлае сена адрывалася ад стажка, лажылася ў сані з сухім, ломкім шамаценнем, з сярэдзіны патыхала цеплынёй, густым, казытлівым настоем зляжалай травы, здавалася, было такое смачнае, што і сам быццам з'еў бы!.. Пасля марозу дзённых дарог добра было чуць цяпло хаты, бавіць вечары на вячорках з дзяўчатамі, у гаворках з таварышамі, з дзядзькамі, што часта сыходзіліся ў дымную ад лучыны бацькаву хату.

Вячоркі амаль заўсёды былі вясёлыя, з бесклапотным смехам, з сумнымі і гарэзнымі песнямі, з жартачкамі і дзявочым віскам. Круціліся, шархацелі коламі самапрадкі — здавалася, таксама то весела, то сумна, то задуменна. Пад спевы самапрадак, пад жартачкі і песні Міканор, які па прыкладу Хоні насіў шынель зухавата напашкі, прыглядаўся да падрослых куранёўскіх дзяўчат — прыглядаўся з цікавасцю, з тамлівым прадчуваннем нязнанага шчасця. Вочы яго вельмі хутка выбралі з усіх, хто рупіўся каля прасніц, бялявую «канапляначку» Хадоську і Чарнушкаву Ганну. Хоць адзеты былі не так, як мазырскія, якія гулялі па прыпяцкаму берагу, — у зрэб'е ды вясковыя андаракі былі адзеты, — нават у гэтым адзенні з любой мазырскай хараством маглі б паспрачацца!

Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська. Але Міканор не кінуўся са сваімі заляцаннямі адразу, толькі глядзеў прыхільна здалёк ды ўздыхаў на адзіноце. Нават у сваім вайсковым адзенні, якое вельмі выгадна вылучала яго сярод хлопцаў, помніў Міканор пра свой васпаваты твар, пра белаватыя бровы і блеклыя, нібы выцвілыя, вочы, — але была тут і іншая прычына: Хадоська падабалася Хоню. І хоць Хоня сам прызнаўся з нейкім вясёлым, адчайным шкадаваннем, што душа Хадоські не ляжыць да яго і «нічога людскага» ў іх, відаць, не выйдзе, Міканор, пэўна, усё ж не стаў бы на дарозе таварышу.

Хоня быстрым вострым позіркам сам улавіў, як глядзіць Міканор на Хадоську, прыгледзеўся, праверыў і, калі ішлі ўдвух з вячорак, бесклапотна павёў плячыма, зарагатаў, параіў:

— Ідзі, паспрабуй, мо да цябе весялейшая будзе! Не прападаць жа ёй адной цераз мяне!..

На другі вечар ён сам выйшаў з вячорак разам з Хадоськай і Міканорам, нёс самапрадку лёгка, зухавата пасвістваў, пасмейваўся; правёў трохі, раптам сунуў самапрадку Міканору, сказаў, што трэба дахаты: табар дамашні, мабыць, чакае! На развітанне падбадзёрліва стукнуў Міканора па плячы: ідзі, брат, жадаю шчасця!..